2 да Цімафея 4 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча
Дык, заклінаю цябе перад Богам і Госпадам (нашым) Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у прышэсьце Ягонае і Царстве Ягоным:
Дык заклінаю цябе перад Богам і Ўсеспадарам нашым Езусам Хрыстусам, які судзіць будзе жывых і ўмерлых празь зьяўленьне сваё і валадарства сваё:
прапаведуй слова, настаўляй у час і ня ў час, выкрывай, забараняй, умаўляй доўга з поўнай цярплівасьцю і настаўленьнем.
вясьці слова, наставай у-пору ці ня ў-пору, дакарай, прасі-малі з найбольшай цярплівасьцяй у навучаньні,
Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху;
бо настане час, што здаровай навукі ня сьцерпяць, а водле сваіх прымхаў будуць выбіраць сабе вучыцялёў, лашчачых слух;
і ад ісьціны адвернуць вушы і прыгорнуцца да баек.
і ад праўды слух адвернуць, а зьвернуцца да басьняў.
Але ты будзь пільны ва ўсім, цярпі скрушнасьць, выконвай справу дабравесьніка, выконвай служэньне тваё.
Але ты будзь чуткім на ўсё, гаруй цярпліва, пільнуй дабравешчаньня Эванэліі, спаўняй, цьвярозым будзь,
Бо я ўжо раблюся ахвяраю, і час майго ўшэсьця настаў.
бо я ўжо стаўся ахвярай, збліжаецца пара майго адыходу.
Подзьвігам добрым я змагаўся, шлях закончыў, веру захаваў;
Змагаюся я добрым змаганьнем, бег даканаў, веру датрымаў.
а цяпер рыхтуецца мне вянок праўды, які дасьць мне Гасподзь, справядлівы Судзьдзя, у дзень той; і ня толькі мне, але і ўсім, што палюбілі прышэсьце Яго.
Наастатак адложаны для мяне вянец справядлівасьці, які дасьць мне Госпад, Судзьдзя справядлівы, у той дзень; ды ня толькі мне, але й усім тым, што любасна чакаюць прыйсьця ягонага.
Пастарайся прыйсьці да мяне неўзабаве.
Пастарайся хутка да мяне дастацца.
Бо Дымас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашняе жыцьцё, і пайшоў у Фесалоніку, Крыскент у Галятыю, Ціт у Далмацыю; адзін Лукаш са мною.
Бо Дымас пакінуў мяне, узьлюбіўшы гэты век, ды пайшоў у Тэссалёніку, Крэсцэнт у Галятыю, Тытус у Дальмацыю; адзін толькі Лукаш зы мною.
Марка вазьмі і прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбен на служэньне.
Марка, узяўшы, прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для прыслугі;
Тыхіка я паслаў у Эфэс.
Тыхіка-ж я паслаў у Эфэз.
Як пойдзеш, прынясі плашч, які я пакінуў у Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергамэнтныя.
Плашч, які ў Троадзе пакінуў я ў Карпа, ідучы прынясі з сабою, ды кнігі, асабліва пергамэнтавыя.
Аляксандр-меднік шмат учыніў мне ліха. Няхай яму Бог аддасьць паводле ўчынкаў ягоных!
Аляксандар, меднік, многа мне зрабіў благога, аддасьць яму Госпад водле ўчынкаў ягоных!
Асьцерагайся яго і ты, бо ён надта ж супрацівіўся нашым словам.
Сьцеражыся яго й ты, ён бо надта проціставіцца нашым словам.
Пры першай маёй абароне нікога ня было са мною, а ўсе мяне пакінулі. Хай не залічыцца ім!
Пры першай маей самаабароне не было пры мне нікога, усе бо мяне пакінулі: хай-жа (гэта) ня будзе ім палічана!
А Гасподзь зьявіўся мне і ўмацаваў мяне, каб празь мяне сьцьвердзілася Дабравесьце, і пачулі ўсе язычнікі; і я пазьбег ільвінай пашчы.
Але Госпадстаў перада мною і ўмацаваў мяне, каб навучаньне (Эванэліі) даканалася й пачулі яго ўсе народы; і я быў вызвалены ізь львінае пашчы.
І выратуе мяне Гасподзь ад усякіх ліхіх дзеяў і захавае для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амін.
І выбавіць мяне Госпад ад усяго благога і захавае для Валадарства нябеснага. Яму хвала на вякі вечные. Амэн.
Вітай Прыскілу і Акілу і дом Анісіфораў.
Прывітай Прыскільлю і Акільлю ды дом Анічыпара.
Эраст застаўся ў Карынфе; а Трахіма я пакінуў хворага ў Міліце.
Эраст астаўся ў Карыньце; Трахіма-ж я пакінуў хворага ў Мілеце.
Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эвул і Пуд, і Лін і Клаўдзія, і ўсе браты.
Пасьпяшы прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эўбуль і Пудэнт, Лін і Кляўдыя, ды ўсе браты.
Гасподзь Ісус Хрыстос з духам тваім. Мілата з вамі. Амін.
Госпад Езус Хрыстус з духам тваім! Ласка з вамі. Амэн.