1 царстваў 28 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999
І было тых дзён, што зьберлі Пілішчане войскі свае на вайну, ваяваць із Ізраелям. І сказаў Ахіш Давіду: «Ведай пэўна, што ты пойдзеш з імною на вайну, ты а мужы твае».
І сказаў Давід Ахішу: «З гэтага ты даведаешся, што зробе слуга твой». І сказаў Ахіш Давіду: «За тое пастанаўлю цябе вартаўніком галавы мае на ўсі дні».
І памер Самуйла, і плакаў па ім увесь Ізраель, і пахавалі яго ў Раме, у ягоным жа месьце. Саўла ж выгнаў чараўнікоў а варажбітоў з краю.
І зьберліся Пілішчане, і прышлі, і разьлягліся табарам у Шунеме; і зьбер Саўла ўсяго Ізраеля, і разьлягліся табарам у Ґелвоа.
І абачыў Саўла табар Пілісцкі, і баяўся, і моцна задрыжэла сэрца ягонае.
І папытаўся Саўла ў СПАДАРА; але СПАДАР не адказаў яму ані ў сьне, ані урымам, ані прарокамі.
І сказаў Саўла слугам сваім: «Пашукайце імне жонку чараўніцу, і я пайду да яе, і папытаюся ў яе». І адказалі яму слугі ягоныя: «Вось, жонка чараўніца ў Ендору».
І прыдаўся іншым Саўла, і адзеў накшыя адзецьці, і пайшоў сам а два чалавекі зь ім, і прышлі яны да жонкі ночы. І сказаў: «Калі ласка, паваражы імне духам, і ўзьвядзі імне, каго я скажу табе».
Але жонка адказала яму: «Вось, ты ведаеш, што зрабіў Саўла, як аддаліў ён із краю чараўнікоў а варажбітоў, чаму ж ты ставіш пастку на душу маю, на сьмерць імне?»
І прысягнуў ёй Саўла СПАДАРОМ, кажучы: «Жыў СПАДАР! ня будзе бяспраўя табе за гэтую справу».
І сказала жонка: «Каго ж узьвесьці табе?» І сказаў ён: «Самуйлу ўзьвядзі імне».
І абачыла жонка Самуйлу, і крыкнула вялікім голасам; і сказала жонка Саўлу, кажучы: «Чаму ты ашукаў мяне? Гэта ж ты — Саўла».
І сказаў ёй кароль: «Ня бойся; што ж ты бачыш?» І адказала жонка Саўлу: «Бачу багоў, што выходзяць ізь зямлі».
«Які выгляд ягоны?» Яна сказала: «Муж стары ўзыходзе, і ён апрануўшыся ў вахілім». І пазнаў Саўла, што гэта Самуйла, і паў відам на зямлю, і пакланіўся.
І сказаў Самуйла Саўлу: «Нашто ты трывожыш мяне, каб я ўзышоў?» І адказаў Саўла: «Цяжка імне вельма: Пілішчане ваююць супроці мяне, а Бог адступіў ад мяне й болей не адказуе імне ані прарокамі, ані ў снох; і я выгукаў цябе, каб ты сказаў імне, што імне рабіць».
І сказаў Самуйла: «Чаму ж ты пытаешся ў мяне, гэта ж СПАДАР адступіў ад цябе й стаў праціўнікам тваім?
Учыніў СПАДАР сабе, як казаў імною: адарваў СПАДАР гаспадарства з рук тваіх і аддаў яго прыяцелю твайму, Давіду.
Як ты не паслухаў голасу СПАДАРОВАГА і ня споўніў палу гневу Ягонага на Амаліка, дык СПАДАР і ўчыніў табе гэта сядні.
І аддасьць СПАДАР таксама Ізраеля з табою ў рукі Пілішчан; і заўтра ты а сынове твае будзеце з імною, таксама табар Ізраельскі аддасьць СПАДАР у рукі Пілішчан».
І пабарзьдзіў Саўла, і ўпаў усім ростам сваім на зямлю, і дужа спалохаўся слоў Самуйлавых; дый сілы ня стала ў яго, бо ён ня еў хлеба ўвесь тый дзень і ўсю ноч.
І прышла жонка да Саўлы, і абачыла, што ён вельмі спалохаўся, і сказала яму: «Вось, паслухала нявольніца твая голасу твайго, і паддала жыцьцё свае небясьпечнасьці, і паслухала слоў тваіх, што ты казаў імне.
А цяпер паслухай, калі ласка, і ты голасу нявольніцы свае: я пастанаўлю перад табою кавалак хлеба, паеж і пасілішся, як пойдзеш у дарогу».
Але ён адмовіўся й сказаў: «Ня буду есьці». І ўмаўлялі яго слугі ягоныя, а таксама жонка; дык ён паслухаў голасу іхнага, і ўстаў ізь зямлі, і сеў на ложак.
У жонкі ж было ў доме ўкормленае цялё; і пабарзьдзіла, і зарэзала яго, і, узяўшы мукі, замясіла а сьпякла праснакі.
І дабліжыла Саўлу а слугам ягоным, і яны пад’елі, і ўсталі, і пайшлі тае ж ночы.