Адкрыцьцё 11 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І дана імне трысьціна, падобная да прута, і сказана: «Устань, і памерай дом Божы а аброчнік, і тых, што кланяюцца ў ім.
 
І дадзена была мне трысціна, падобная да жазла, і сказана мне: «Падыміся і памерай святыню Божую, і ахвярнік, і тых, што пакланяюцца ў ёй.

А навонны панадворак дому Божага вылуч і ня мерай яго, бо ён даны паганам: яны будуць таптаць сьвятое месца сорак два месяцы.
 
А панадворак звонку святыні абміні і не мерай яго, бо ён прызначаны паганам, і яны будуць таптаць горад святы на працягу сарака двух месяцаў.

І дам сілу двум сьветкам Сваім, і яны будуць праракаць тысяча дзьвесьце шасьцьдзясят дзён, адзеўшыся ў зрэбніну».
 
І Я дам уладу Маім двум сведкам, і будуць яны прарочыць тысяча дзвесце шэсцьдзесят дзён, адзетыя ў зрэбніцу».

Гэта дзьве аліўкі й два сьветачы, каторыя стаяць перад Богам зямлі.
 
Яны — дзве алівы і два светачы, якія стаяць перад Госпадам зямлі.

І калі хто захоча ім шкодзіць, дык агонь выйдзе з роту ў іх і пажарэць непрыяцеляў іхных; калі хто захоча ім шкодзіць, гэтак мае быць забіты.
 
І калі хто хоча ім шкодзіць, то агонь выходзіць з вуснаў іх і нішчыць іх ворагаў; калі ж хто захоча пакрыўдзіць іх, то гэткі мусіць быць забіты.

Яны маюць уладу зачыніць неба, каб дождж ня йшоў на зямлю за дзён прараканьня іхнага; і маюць уладу над водамі — абарачаць іх у кроў і разіць зямлю ўсялякай болькаю, колькі разоў захочуць.
 
Яны маюць уладу зачыніць неба, каб не ішоў дождж у час іх праракавання, ды маюць уладу над водамі замяніць іх у кроў, і насылаць на зямлю ўсякія бедствы, якія толькі захочуць.

І як скончаць яны сьветчаньне свае, зьвер, каторы выходзе зь бяздоньня, будзе ваяваць ізь імі, і пераможа іх, і заб’ець іх,
 
І, калі закончаць яны сведчанне сваё, звер, які паўстане з бяздоння, пачне супраць іх бой, і пераможа іх, і заб’е іх.

І трупы іхныя будуць на вуліцы вялікага места, каторае духоўна завецца Содома й Ягіпет, ідзе й Спадар нашы ўкрыжаваны.
 
І целы іх будуць ляжаць на плошчы вялікага горада, які духоўна завецца Садом і Егіпет, дзе і Госпад іх быў укрыжаваны.

І зь людаў а плямёнаў а языкоў а народаў будуць глядзець на трупы іхныя тры дні з палавіцаю, і не дазволяць пакласьці трупы іхныя да грабоў.
 
І многія з народаў, і пакаленняў, і моў, і плямён будуць аглядаць трупы іх тры дні і паўдня, а целаў іх не дазволяць пакласці ў магілу.

І жывучыя на зямлі будуць цешыцца з гэтага а весяліцца, і пашлюць дары адны адным, бо гэтыя два прарокі мучылі жывучых на зямлі.
 
І жыхары зямлі будуць радавацца дзеля іх, і весяліцца, і падарункі пасылаць адны адным, бо гэтыя два прарокі мучылі тых, якія жылі на зямлі.

Але просьле трох дзён із палавіцаю ўвыйшоў у іх ад Бога дух жыцьця, і яны сталі на ногі свае, і вялікі страх напаў на тых, каторыя глядзелі на іх.
 
І пасля трох з паловай дзён увайшоў у іх дух жыцця ад Бога. І падняліся яны на свае ногі; і вялікі страх ахапіў тых, якія бачылі іх.

І я пачуў вялікі голас ізь неба, што казаў ім: «Увыйдзіце сюды». І яны ўзышлі на неба ў булаку; і глядзелі на іх непрыяцелі іхныя.
 
І пачулі яны з неба магутны голас, што гаварыў да іх: «Падыміцеся сюды». І падняліся яны ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іх.

І тае ж гадзіны зьдзеялася вялікае трасеньне зямлі, і дзясятая часьць места пала, і сем тысячаў імёнаў людзкіх было забіта ў тым землятрасеньню; і засталыя працяты былі жахам, і ўздалі славу Богу нябёснаму.
 
І ў той час пачаліся страшныя землятрусы, і дзесятая частка горада абрынулася, і загінула ад землятрусу сем тысяч імён чалавечых, а тыя, што засталіся, перапалохаліся і аддалі славу Богу, Які ў небе.

Другая бяда мінула; вось, ідзець уборзьдзе трэйцяя бяда.
 
Гора другое мінула; вось, трэцяе прыйдзе неўзабаве.

І сёмы ангіл затрубіў, і разьлягліся на небе вялікія галасы, кажучы: «Гаспадарства сьвету сталася Спадара нашага а Хрыста Ягонага, і будзе гаспадарстваваць на векі вякоў.
 
І затрубіў анёл сёмы. І загаманілі моцныя галасы ў небе, кажучы: «Сталася валадарства гэтага свету [Валадарствам] Госпада нашага і Хрыста Яго, і будзе Ён валадарыць на векі вечныя».

І дваццаць чатырох старых, што сядзелі на пасадах сваіх перад Богам, палі на віды свае й пакланіліся Богу,
 
І дваццаць чатыры старыя, што сядзяць перад Богам на сваіх пасадах, палі на твары свае і пакланіліся Богу,

Кажучы: «Дзякуем Табе, Спадару Божа ўсемагучы, Каторы ёсьць і быў, што Ты прыняў вялікую сілу Сваю і загаспадарстваваў.
 
усклікаючы: «Дзякуем Табе, Госпадзе, Божа Усемагутны, Які ёсць, Які быў і Які ідзеш, [што Ты] узяў сілу Сваю магутную і запанаваў.

І ўзлаваліся народы; і прышоў гнеў Твой, і пара судзіць мертвых, і даць адплату слугам Тваім прарокам а сьвятым а тым, што баяцца імені Твайго, малым і вялікім, і загубіць тых, што губілі зямлю».
 
І ўзбурыліся народы, і прыйшоў гнеў Твой і гадзіна судзіць памерлых, і даць узнагароду паслугачам Тваім, прарокам і святым, і тым, што баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і час загубы для тых, што губяць зямлю».

І рашчыніўся дом Божы на небе, і відаць скрыня ўмовы Ягонае ў доме Ягоным; і сталіся маланьні а галасы а громы а трасеньне зямлі а вялікі град.
 
І адчынілася Божая святыня ў небе, і бачны стаў каўчэг запавету Яго ў святыні Яго, і зазіхацелі маланкі, і пачуліся галасы, і былі землятрусы і град вялікі.