Адкрыцьцё 21 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І абачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
 
І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля зніклі і мора ўжо няма.

І я абачыў сьвятое места, Ерузалім новы, што зыходзіў зь нябёс ад Бога, прыгатаваны, як княгіня маладая, прыбраная дзеля мужа свайго.
 
І я, Ян, убачыў святы горад, новы Ерузалім, які сыходзіць з неба ад Бога, прыгатаваны, быццам нявеста на сустрэчу свайго мужа.

І пачуў я вялікі голас ізь неба, каторы казаў: «Вось, вітальня Божая зь людзьмі, і Ён будзе жыхарыць ізь імі, і яны будуць людам Ягоным, і Сам Бог будзе зь імі Богам іхным;
 
І пачуў я голас магутны, які кажа: «Вось палатка Бога з людзьмі, і Ён паселіцца сярод іх, і яны будуць народам Яму, і Сам Бог з імі будзе іх Богам,

І Ён абатрэць кажную сьлізу з ачоў іхных, і наперад сьмерці ня будзе ані немарасьці, ані плачу, ані болю; бо першае мінула».
 
і абатрэ кожную слязу з вачэй іх, і смерці ўжо не будзе, ані плачу, ані галашэння, ані болю больш не будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула».

І сказаў Тый, што сядзеў на пасадзе: «Вось, чыню ўсе новае». І кажа: «Напішы, бо словы гэтыя праўдзівыя а верныя».
 
І сказаў Той, Які сядзеў на пасадзе: «Вось, Я раблю ўсё новае». І кажа: «Напішы: словы гэтыя верныя і праўдзівыя».

І сказаў імне: «Сталася! Я Альфа й Омэґа, пачатак і канец; усьмягламу дам із жарала вады жывое дарма.
 
І сказаў мне: «Сталася! Я — Альфа і Амега, Пачатак і Канец. Прагнучаму дам Я піць дарма з крыніцы жыцця.

Перамагаючаму спадзець гэта, і Я буду яму Богам, а ён будзе Імне сынам.
 
Хто пераможа, атрымае гэта як спадчыну, і буду яму Богам, а ён будзе Мне сынам.

Баязьлівых жа а няверных а агідных а забіўцаў а бязуляў а чараўнікоў а балвахвалаў а ўсіх манюкаў — доля ў возеру, што гарыць агнём а серкаю; гэта — сьмерць другая».
 
Удзелам жа палахлівых, няверных, нягоднікаў, забойцаў, распуснікаў, чараўнікоў, балванахвальцаў і ўсіх хлуслівых будзе палымнеючае возера агню і серкі, што ёсць другая смерць».

І прышоў адзін ізь сямёх ангілаў, што мелі сем чараў, поўных сямёх апошніх болькаў, і мужаваў з імною, кажучы: «Хадзі, я пакажу тэ княгіню маладую, жонку Баранчыкаву».
 
І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чар, поўных сямю плягамі апошнімі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзі, пакажу табе жанчыну, нявесту Ягняці».

І ўзьнёс мяне ў духу на вялікую а высокую гару, і паказаў імне сьвятое места Ерузалім, што зыходзіў зь неба ад Бога;
 
І падняў ён мяне ў духу на гару вялікую і высокую, і паказаў мне святы горад Ерузалім, які сыходзіў з неба ад Бога

Ён мае славу Божую. Зьзяньне ягонае падобнае да найдарожшага каменя, бы да каменя ясьпіса крышталападобнага.
 
і меў славу Божую. Бляск яго быў падобны да бляску каштоўных камянёў, быццам яспіса ці нават крышталю.

Ён мае вялікую а высокую сьцяну, мае двананцаць брамаў і на брамах двананцацёх ангілаў і напісаныя ймёны двананцацёх плямёнаў сыноў Ізраелявых:
 
І меў ён вялікі і высокі мур, і меў дванаццаць брам, на брамах стаяла дванаццаць анёлаў ды выпісаны былі імёны, якія ёсцьімёны дванаццаці пакаленняў сыноў Ізраэля.

З усходу тры брамы, з поўначы тры брамы, з паўдня тры брамы, із захаду тры брамы.
 
Ад усходу тры брамы, і ад поўначы тры брамы, і ад поўдня тры брамы, і ад захаду тры брамы.

І сьцяна месцкая мае двананцаць подаў, і на іх двананцаць імёнаў двананцацёх апосталаў Баранчыкавых.
 
І мур горада меў дванаццаць падмуркаў, і на іх дванаццаць імёнаў дванаццаці апосталаў Ягняці.

Тый, што мужаваў з імною, меў залатую трысьціну, мерку, каб памераць места і брамы ягоныя і сьцены ягоныя.
 
І той, што размаўляў са мною, меў мерку, залатую трысціну, каб змерыць горад, брамы яго і мур яго.

А места чатыракутняе, і ўдаўжкі такое ж, як і ўшыркі. Памераў ён места трысьціною на двананцаць тысячаў гоняў; даўжыня і шырыня і вышыня яго роўныя.
 
І горад ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня яго роўная шырыні. І абмераў ён горад залатой трысцінай на дванаццаць тысяч стадый; і даўжыня яго, шырыня і вышыня — аднолькавыя.

І сьцяну ягоную памераў — сто сорак чатыры локці людзкое меры, каторая ж ангілава.
 
І змераў мур яго ста сарака чатырма локцямі меры чалавечай, такая ж і анёльская.

Сьцяна ягоная пастаўлена зь ясьпісу, а места — чыстае золата, падобнае да чыстага шкла.
 
І мур яго быў збудаваны з яспісу, а сам горад быў з чыстага золата, чыстага, як шкло.

Поды сьцяны месцкае прыбраныя ўсялякім дарагім каменьням: под першы — ясьпіс, другі — шапір, трэйці — халцэдон, чацьверты — шмараґд,
 
Падмуркі муру горада ўпрыгожаны былі дарагімі камянямі: падмурак першы — яспісам, другі — сапфірам, трэці — халцэдонам, чацвёрты — смарагдам,

Пяты — сардонікс, шосты — крывавец, сёмы — хрызоліт, восьмы — бэрыл, дзявяты — топаз, дзясяты —хрызопрас, адзінанцаты — гіяцынт, двананцаты — амэтысты.
 
пяты — сардоніксам, шосты — сардзісам, сёмы — хрызалітам, восьмы — берылам, дзевяты — тапазам, дзесяты — хрызапразам, адзінаццаты — гіяцынтам, дванаццаты — аметыстам.

А двананцаць брамаў — двананцаць пэрлаў: кажная брама была з аднае пэрлы. Вуліцы места — чыстае золата, як прасьветнае шкло.
 
І дванаццаць брам — дванаццаць перлаў; кожная брама была з аднаго перла. І вуліцы горада з чыстага золата, нібы з празрыстага шкла.

Дому Божага ж я ня бачыў; бо Спадар Бог Усемагучы — дом яго, і Баранчык.
 
І святыні я ў ім не ўбачыў, бо Госпад, Бог Усемагутны, быў яго святыняй, і Ягня.

І места не патрабуе сонца ані месяца, каб асьвячаць сябе; бо слава Божая асьвяціла яго, і сьветач ягоны — Баранчык.
 
І горад не патрабуе ўжо ані сонца, ані месяца, каб асвятлялі яго, бо яснасць Божая асвятляе яго і Ягня ёсць свяцільняй яго.

І народы будуць хадзіць у сьвятліні Ягонай, і каралёве земныя прынясуць славу сваю да Яго.
 
І будуць хадзіць народы [збаўленых] у святле яго, і цары зямныя прынясуць у яго славу сваю і гонар.

І брамы ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе.
 
І брамы яго не зачыняюцца ўдзень, а ночы не будзе ўжо там.

І прынясуць да яго славу а чзсьць народаў.
 
І ўнясуць у яго славу і гонар народаў.

І нічога нячыстага ня ўвыйдзе ў яго ані чынячы брыду а ману, але адно напісаныя ў сувою жыцьця Баранчыкавым.
 
І нішто заганнае не ўвойдзе ў яго, і ніводзін ліхадзей ані махляр, а толькі тыя, што запісаны ў кнізе жыцця Ягняці.