Адкрыцьцё 9 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І пяты ангіл затрубіў, і я абачыў гвязду, палую зь неба на зямлю, і даны быў ёй ключ бяздоньня.
 
І затрубіў пяты анёл. І ўбачыў я зорку, як яна звалілася з неба на зямлю, і дадзены ёй ключ ад студні бяздоння.

І яна адчыніла яму бяздоньня, і вышаў дым ізь ямы, як дым ізь вялікае печы; і сонца і паветра сьцямнелі ад дыму ямы.
 
І адкрыла яна студню бяздоння, і падняўся з бяздоння дым, як дым з вялізнае печы, і сонца і паветра патанулі ў цемры ад дыму з таго бяздоння.

І з дыму вышла шаранча на зямлю, і дана ёй улада, якую маюць земныя скорпіёны.
 
І з дыму таго выйшла саранча на зямлю, і дадзена ёй улада, якую маюць скарпіёны зямлі.

І сказана было ёй, каб ня шкодзіла земнай траве ані якому зяленіву, ані дзервам, адно людзём, каторыя ня маюць пячаці на чолах сваіх.
 
І сказана ёй не шкодзіць траве зямлі, ані якой зеляніне, ані якім дрэвам, толькі людзям, якія не маюць пячаткі Божай на чолах.

І дана ёй не забіваць іх, адно мучыць пяць месяцаў; і мучэньне ад іх, як мучэньне ад скорпіёна, як укусе людзіну.
 
І нельга было ёй забіваць людзей, але толькі мучыць іх на працягу пяці месяцаў. І мучэнне іх — як боль ад скарпіёна, калі ўколе чалавека.

І тых дзён людзі будуць шукаць сьмерці, але ніяк ня знойдуць яе; і захочуць памерці, але сьмерць уцячэць ад іх.
 
І ў тыя дні людзі будуць шукаць смерці, але не знойдуць яе, і будуць хацець памерці, але ўцячэ смерць ад іх.

І выгляд шаранчы, як коні, прыгатаваных на вайну; і на галавах у яе быццам вянкі, падобныя да залатых, віды ж ейныя — як віды людзкія;
 
І саранча была падобная да коней, падрыхтаваных да бою, і на галавах яна мела быццам залатыя вянцы, і воблік яе быў на падабенства твараў чалавечых,

І валасы ў іх — як валасы ў жанок, а зубы ў іх былі, як у лявоў.
 
і валасы мела падобныя да валасоў жанчын, і зубы яе падобныя да зубоў ільвоў,

На іх былі панцыры, як панцыры зялезныя, а шум ад крыльля іхнага, як грукат ад цялежак, калі шмат коні бяжыць на вайну.
 
і панцыры яе былі нібы з жалеза, і грукат крылаў яе быццам грукат многіх калясніц, запрэжаных коньмі, якія імчацца ў бой.

І ў іх былі хвасты, як у скорпіёнаў, і жыгалы; улада ж іхная ў хвастох іхных — раніць людзёў пяць месяцаў.
 
І мела хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і джалы, і ў сваіх хвастах уладу шкодзіць людзям на працягу пяці месяцаў.

Каралём над сабою мелі яны ангіла бяздоньня; імя ягонае пагэбрэйску Аваддон, а пагрэцку Аполён.
 
Маюць яны над сабой валадаром анёла бездані, які па-гебрайску завецца Абадон, а па-грэцку Апаліён.

Першая бяда мінула; вось, ідуць за гэтай яшчэ дзьве бяды.
 
Так прайшло першае гора, а вось, яшчэ два горы наступаюць.

І шосты ангіл затрубіў, і я пачуў адзін голас ад чатырох рагоў залатога аброчніка, што перад Богам,
 
І шосты анёл затрубіў. І пачуў я адзін голас з чатырох рагоў залатога ахвярніка, які перад Богам,

Каторы казаў шостаму ангілу, што меў трубу: «Вывальні чатырох ангілаў, зьвязаных ля вялікае ракі Еўфрату».
 
што сказаў шостаму анёлу, які меў трубу: «Адпусці чатырох анёлаў, звязаных над вялікай ракой Еўфрат».

І вывальнены былі чатыры ангілы, прыгатаваныя на гадзіну а дзень а месяц а год, каб забіць трайціну людзёў.
 
Тады былі развязаны путы чатырох анёлаў, якія былі прыгатаваны на гадзіну, дзень, месяц і год, каб выгубіць трэцюю частку людзей.

Лік коннага войска быў двойчы дзесяць тысячаў дзесяцёх тысячаў; і я чуў лік яго.
 
І лік коннага войска быў дваццаць тысяч па дзесяць тысяч; і пачуў я іх лічбу.

Гэтак відзеў я ў відзені коні і на іх коньнікаў, што мелі на сабе панцыры агняныя а гіяцынтавыя а серкавыя; галавы ў коні, як у лявоў, і з роту ў іх выходзіў агонь а дым а серка.
 
І так бачыў я ў з’яве коней і вершнікаў на іх, якія мелі панцыры агністыя, і дымна-сінія, і серкава-жоўтыя. І галовы іх былі як галовы львоў, а з храпаў іх шугаў агонь, дым і серка.

Гэтымі трыма болькамі, агнём а дымам а серкаю, што выходзілі з роту ў іх, была забіта трайціна людзёў;
 
Ад гэтых трох бедстваў: агню, дыму і серкі, якія шугалі з іх храпаў, — загінула трэцяя частка ўсіх людзей.

Бо сіла коняў у роце ў іх і ў хвастох у іх; а хвасты іхныя падобныя да гадаў, і мелі галавы, і імі яны шкодзілі.
 
Бо сіла коней у іх храпах і ў хвастах, а хвасты іх падобныя да змеяў, маюць галовы і імі шкодзяць.

Засталыя ж людзі, што ня былі забіты гэтымі болькамі, не пакаяліся з учынкаў рук сваіх, каб ня кланяцца нячысьцікам, і залатым, і срэбным, і бранзовым, і каменным, і дзярвяным балваном, каторыя ня могуць бачыць ані чуць, ані хадзіць.
 
І рэшта людзей, якія не былі выгублены гэтымі бедствамі, не навярнуліся ад спраў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і балванамзалатым, і срэбраным, і бронзавым, і каменным, і драўляным, якія не могуцьані бачыць, ані чуць, ані хадзіць,

І не пакаяліся яны з убіўстваў сваіх ані з чараў сваіх, ані зь бязулства свайго, ані із зладзейства свайго.
 
і не навярнуліся ад забойстваў сваіх, не адмовіліся ад чараванняў сваіх, ані ад распусты сваёй, ані ад зладзейства свайго.