Адкрыцьцё 2 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Ангілу царквы Ефэскае напішы: "Гэта кажа Тый, што дзяржыць сем зораў у правіцы Сваёй, Каторы ходзе сярод сямёх залатых сьветачаў:
 
Анёлу царквы, што ў Эфесе, напішы: Вось што кажа Той, Які трымае сем зорак у Сваёй правай руцэ, Які ходзіць пасярод сямі залатых светачаў:

Знаю ўчынкі твае, і працу тваю, і трывалкосьць тваю, і тое, што ты ня можаш цярпець благіх, і ты спрабаваў тых, што завуць сябе апосталамі, але ня ё, і знайшоў, што яны манюкі,
 
Я ведаю ўчынкі твае, і працу, і цярплівасць тваю, і што не можаш пераносіць ліхіх, і што выпрабаваў ты тых, якія называюць сябе апосталамі, а імі не ёсць, і знайшоў іх ашуканцамі.

І маеш трывалкосьць, і церпіш дзеля імені Майго, і не стамаваўся.
 
І маеш ты цярплівасць, і перанёс шмат ты дзеля імя Майго, і не знямогся.

Але маю супроці цябе тое, што ты пакінуў першую міласьць сваю.
 
Але маю Я супраць цябе тое, што пакінуў ты сваю першую любоў.

Дык успомні, скуль ты спаў, і пакайся, і чыні першыя ўчынкі; а калі не, уборзьдзе прыйду да цябе і скрану сьветач ізь месца яго, хіба пакаешся.
 
Памятай тады, адкуль ты ўпаў, і навярніся, і выконвай першыя ўчынкі. Інакш бо прыйду да цябе і зрушу твой светач са свайго месца, калі не навернешся.

Тое, адылі, ты маеш, што ненавідзіш учынкі Міколцаў, каторых і Я ненавіджу.
 
Але маеш тое, што ненавідзіш справы мікалаітаў, якіх і Я ненавіджу.

Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: перамагаючаму дам есьці зь дзерва жыцьця, каторае ў раю Божым".
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам: пераможцу дам Я спажываць з дрэва жыцця, якое ў раі Божым.

І ангілу царквы Сьмірнскае напішы: "Гэта кажа Першы й Апошні, Каторы быў мертвы і ажыў:
 
І анёлу царквы, што ў Смірне, напішы: вось што кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і ажыў:

Знаю атугу тваю а галіту (але ты багаты) а лаянку тых, каторыя кажуць празь сябе, што яны Жыды, а ня ё, але бажніца шайтанская.
 
Ведаю прыгнёт твой і беднасць тваю, але ты багаты; і зневажанні тых, якія называюць сябе юдэямі, а імі не ёсць, бо яны — сінагога шатана.

Не лякайся нічога з тога, што маеш цярпець. Вось, дзявал укіне з вас у вязьніцу, каб выпрабаваць вас, і будзеце мець атугу дзён дзесяць. Будзь верны аж да сьмерці, і дам табе карону жыцьця.
 
Нічога не бойся з таго, што трэба табе перанесці. Вось жа, пашле некаторых з вас д’ябал у вязніцу, каб вас выпрабаваць, і будзеце цярпець гора на працягу дзесяці дзён. Будзь верны аж да смерці, і дам табе вянец жыцця.

Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: хто перамагае, ніякім парадкам ня будзе пашкоджаны другой сьмерцяй".
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам: хто пераможа, другой смерці не сустрэне.

І ангілу царквы Перґамскае напішы: "Гэта кажа Тый, што мае абаротны войстры меч:
 
І анёлу царквы, што ў Пергаме, напішы: гэта кажа Той, Хто мае меч двусечны востры:

Ведаю, ідзе ты жывеш, ідзе пасад шайтана, і дзяржыш імя Мае, і ня выракся веры Мае нават у дні Анціпавы, вернага сьветкі Майго, каторы быў забіты ў вас, ідзе шайтан жыхара.
 
Ведаю [ўчынкі твае і] што жывеш, дзе пасад шатана, і трымаеш імя Маё, і не выракся ты Маёй веры нават у тыя дні, калі ў вас, дзе пражывае шатан, быў забіты Мой верны сведка Антыпа.

Але маю крыху супроці цябе, што ты маеш тых, што дзяржацца навукі Валаамовае, каторы вучыў Валака пастанавіць пасадку перад сынамі Ізраелявымі — есьці абраканае балваном і бязуліць.
 
Аднак трохі маю супраць цябе, бо маеш там тых, якія трымаюцца навукі Балаама, які вучыў Балака пасылаць згаршэнне на сыноў Ізраэлевых, каб елі ахвяры ідалам і займаліся распустай.

Дык маеш і ты тых, што дзяржацца таксама навукі Міколцаў, што Я ненавіджу.
 
І ты маеш таксама такіх, што трымаюцца навукі мікалаітаў.

Дык пакайся, а калі не, уборзьдзе прыйду да цябе і буду ходацца зь імі мячом вуснаў Сваіх.
 
Дзеля таго навярніся, бо калі не, дык хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мечам вуснаў Маіх.

Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам: перамагаючаму дам схаваную манну, і дам яму белы камень, а на каменю напісанае новае імя, каторага ніхто ня ведае, адно тый, што адзержуе".
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам: пераможцу дам Я манну таемную і дам яму белы камень, а на камені напісанае новае імя, якога не ведае ніхто, толькі той, хто атрымае.

І ангілу царквы Тыятырскае напішы: "Гэта кажа Сын Божы, у Каторага вочы, як поламя агняное, а ногі падобныя да пазорыстае медзі:
 
І анёлу царквы, што ў Тыятыры, напішы: гэта вось кажа Сын Божы, Які мае вочы быццам полымя агню, а ногі падобныя да бронзы.

Знаю ўчынкі твае а міласьць а веру а службу а вытрываласьць тваю, і апошнія ўчынкі твае большыя за першыя.
 
Ведаю ўчынкі твае, і любоў, і веру тваю, і служэнне, і цярплівасць тваю, і ўчынкі твае апошнія больш шматлікія, чым раней.

Але маю супроці цябе, што ты дазваляеш жонцы Забэлі, каторая завець сябе прарокаю, вуча й зводзе слугаў Маіх да бязулства й яды абраканага балваном.
 
Аднак маю трохі супраць цябе, што дапускаеш жанчыне Езабэлі, якая называе сябе прарочыцай, вучыць і зводзіць паслугачоў Маіх, каб распуснічалі і спажывалі ахвяры для ідалаў.

І Я даў ёй час, каб яна пакаялася зь бязулства свайго, а яна не пакаялася.
 
І даў Я ёй час навярнуцца, але яна не хоча за сваю распусту пакаяцца.

Вось, Я кіну яе на пасьцелю, а тых, што чужаложаць ізь ёю, у вялікую атугу, хіба што пакаяцца з учынкаў сваіх.
 
Вось жа, кіну яе на ложак, і тых, што з ёй чужаложаць, у вялікае гора, хіба што пакаяліся б за правіны свае.

І дзеці ейныя заб’ю сьмерцяй, і даведаюцца ўсі цэрквы, што Я дасьлядую ныркі й сэрцы; і дам вам кажнаму подле ўчынкаў вашых.
 
І дзяцей яе пакараю смерцю, і няхай усе цэрквы даведаюцца, што Я — Той, Які пранікае вантробы і сэрцы, і дам кожнаму паводле ўчынкаў яго.

Але вам, засталым у Тыятыры, каторыя ня маюць гзтае навукі, каторыя не пазналі глыбіняў шайтанскіх, як кажуць, кажу, што не накіну на вас якога-колечы іншага цяжару;
 
Вам жа кажу ды іншым, што ёсць у Тыятыры, якія не прызнаюць гэтае навукі і якія не спазналі, як кажуць, бяздонняў шатанскіх, што не пашлю на вас іншай цяжкасці,

Што, адылі маеце, дзяржыце, пакуль прыйду.
 
апроч той, якую маеце; трымайцеся, пакуль да вас прыйду.

А хто перамагае й дзяржыць учынкі Мае аж да канца, таму дам уладу над народамі,
 
А хто пераможа і захавае аж да канца справы Мае, таму дам уладу над паганамі,

І ён будзе пасьціць іх прутом зялезным, як і Я адзяржаў ад Айца Свайго: як судзьдзе ганчарскае яны паб’юцца.
 
і валадарыць будзе над імі кіем жалезным, крышачы іх, быццам посуд гліняны,

І дам яму зорку ранічную.
 
як і Я атрымаў ад Айца Майго, і дам яму раннюю зорку.

Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам".
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам.