Найвышэйшая песьня 6 разьдзел
Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Куды пайшоў любовы твой, найпазарнейшая із жанок? куды павярнуўся любовы твой? і мы пашукаем яго з табою.
«Куды пайшоў улюбёны твой, о найпрыгажэйшая з жанчын? Куды збочыў твой любы, мы пашукаем яго з табою!»
Любовы мой зышоў да гароду свайго, да радкоў духмяных, пасьціць у гародах і зьбіраць лілі.
«Улюбёны мой увайшоў у сад свой, да кветнікаў водараў, каб пасвіцца ў садах і збіраць лілеі.
Я любовага майго, а любовы мой, — мой, ён пасьвіць памеж ліляў.
Я — для ўлюбёнага майго, а ўлюбёны мой — для мяне, ён пасвіцца сярод лілеяў».
Пазорная ты, прыяцелка мая, як Фірца, харошая, як Ерузалім, страшная, як войска ізь сьцягамі.
«Гожая ты, сяброўка мая, як Тэрса, прывабная, як Ерузалім, грозная, як добра ўзброеныя баявыя дружыны.
Адхіні вочы свае ад мяне, бо яны ўзрушаюць мяне.
Адвярні вочы свае ад мяне, бо яны мяне бянтэжаць. Валасы твае — як статак коз, што спускаюцца з Галаада.
Валасы твае, як чарада козаў, із Ґілеаду зыходзячых; зубы твае, як чарада авец, што вышлі з мыцельніку, з каторых кажная коце блізьняты, а бясплоднае меж іх няма;
Зубы твае — як статкі авечак, што выходзяць з купальні: усе з параю ягнят, і няплоднай між іх няма.
Як скрыль гранатовага яблыка, віскавіцы твае пад вэлевам тваім.
Як палова яблыка гранатавага — шчокі твае пад вэлюмам тваім.
Шасьцьдзясят караліцаў, і асьмідзясят мамошкаў, і дзявушчых бязь ліку;
Ёсць шэсцьдзесят царыц, і наложніц восемдзесят, і дзяўчат без ліку.
Адзіная яна галуба мая, беззаганная мая, адзіная яна ў маці сваёй, выборная ў тэй, што нарадзіла яе. Абачылі яе дачкі і мелі яе за шчасьлівую; караліцы а мамошкі, і хвалілі яе.
Але адзіная ты, галубка мая, дасканалая мая, адзіная ў маці сваёй, выбраная радзіцелькі сваёй. Убачылі яе дочкі — і найшчаслівейшай назвалі; царыцы і наложніцы — і ўславілі яе:
Хто гэта выглядаючая, як раньне, пазорная, як месяц, ясная, як сонца, страшная, як войска ізь сьцягамі?
“Хто ж гэта, што выходзіць, як яснеючая заранка, прыгожая, як месяц, светлая, як сонца, грозная, як баявыя дружыны?”»
Да арэхавага гароду я зышла паглядзець на зяленіва ля цур’я, паглядзець, ці распукалася вінная розка, ці расквілі гранатовыя яблыны;
«Спусцілася я ў арэхавы сад, каб паглядзець на плады далін, каб зірнуць, ці квітнее вінаград, ці зелянеюць дрэвы гранатавыя.
Ня ведаю, як душа мая ськіравала мяне да цялежак майго ахвотнага люду.
Не адчула душа мая, як пасадзіла мяне ў калясніцу князя народа майго».