Найвышэйшая песьня 7 разьдзел
Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Зьвярніся, зьвярніся, о Шуламіта; зьвярніся, зьвярніся, і мы паглядзім на цябе. Што вы бачыце на Шуламіце? Быццам скокі двух табараў.
«Агляніся, агляніся, Суламітка, агляніся, агляніся, каб нам прыгледзецца да цябе». «Чаго пазіраеце вы на Суламітку, калі яна танчыць між двух карагодаў?»
О, якія пазорныя ступы твае ў чаравіках, дачка княская! Кругласьць сьцёгнаў тваіх, як кралі работы рук умелага майстры;
«Якія прыгожыя ногі твае ў сандалях, дачка князя! Выгін клубоў тваіх — як каралі, што зроблены рукою майстра.
Пуп твой — круглая чара, нястачы мешанага віна нямаючая; жывот твой — куча пшонкі, абкладзеная лілямі;
Улонне тваё — круглая чаша: ніколі не бракуе ў ёй віна мяшанага; жывот твой — як сноп пшаніцы, абстаўлены лілеямі.
Дзьве пелькі твае, як двое алянят, блізьнят лані;
Грудзі твае — як двое казлят, двайнят сарны.
Шыя твая, як вежа із сланёвае косьці; вочы твае — азерцы Гэшбонскія, што ля брамы Батрабіму; нос твой, як вежа Лібанская, зьверненая відам да Дамашку;
Шыя твая — як вежа з косці слановай. Вочы твае — як ставы ў Хесебоне, што каля брамы Бат-Рабім. Нос твой — як вежа Лібана, што звернута супраць Дамаска.
Галава твая на табе, як Карміл, і каслаўкі валасоў на галаве тваёй, як пурпура: кароль апалонены сукрамі.
Галава твая — як Кармэль, а валасы твае на галаве — як пурпур; валадар ублытаўся ў кучарах.
Якая ты пазорная й якая прыемная ты, каханая, раскошамі сваімі!
Як ты прыгожа і як прывабна, найдаражэйшая, у харастве!
Гэты стан твой падобны да пальмы, і пелькі твае да гранак.
Стан твой прыпадобніўся да пальмы, а грудзі твае — вінаградныя гронкі.
Сказаў я: узьлезу я на пальму, схаплюся за галузы яе; і хай будуць пелькі твае, як гранкі вінныя, і пах носу твайго, як яблыкаў;
Я сказаў: “Узлезу на пальму і авалодаю пладамі яе”, і будуць грудзі твае — як гронкі вінаградныя, і пах вуснаў тваіх — як ад яблыкаў.
Паднябеньне твае, як найлепшае віно: яно цячэць гладка любоваму, прычыняючы гукаць вусны сьпячых.
Вусны твае — як найлепшае віно, годнае, каб яго піў улюбёны, каб арашаў вусны і зубы свае».
Я любовага майго, і да мяне — жаданьне ягонае.
«Я — для ўлюбёнага свайго, і да мяне — пажаданне яго.
Хадзі, любовы мой, пайдзіма ў поле, начуйма ў сёлах;
Прыйдзі, улюбёны мой, пройдзем на поле, пабудзем за горадам.
Устанем рана нараніцы да вінішчаў, паглядзім, ці распукалася вінная розка, ці зьявіўся квет, ці расквіцелі гранатовыя яблыны; там я выкажу табе любосьць сваю.
Раніцаю паспяшаемся да вінаграднікаў і паглядзім, ці цвіце вінаград, ці распусціліся кветкі, ці цвітуць яблыні гранатавыя; там дам я табе сваё каханне.
Мандрагоравыя яблыкі ўжо запахлі, і ля брамы нашае ўсялякая прыемная садавіна; новая й старая: я захавала табе, любовы мой.
Мандрагоры разліваюць водар, у брамах нашых усе найлепшыя плады, новыя і старыя, для цябе, мілы мой, захавала я [іх]».