2 царстваў 2 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

І было просьле гэтага, што пытаў Давід у СПАДАРА, кажучы: «Ці ўзыйсьці да аднаго зь местаў Юдзіных?» І сказаў яму СПАДАР: «Узыйдзі». І сказаў Давід: «Куды ўзыйсьці?» І сказаў Ён: «Да Гэўрону».
 

І ўзышоў туды Давід і абедзьве жонкі ягоныя, Агіноама Ізрэелянка а Авіґаіла, жонка Навалова, Кармілянка.
 

І людзёў, што былі зь ім, узьвёў Давід, кажнага з радзімаю ягонай, і асяліліся ў местах Гэўрону.
 

І прышлі мужы Юдзіныя, і памазалі там Давіда за караля над домам Юдзіным. І наказалі Давіду, што жыхары Явішу Ґілеадзкага тыя, каторыя пахавалі Саўлу.
 

І паслаў Давід паслоў да жыхараў Явішу Ґілеадзкага, і сказаў ім: «Дабраславёныя вы ў СПАДАРА за тое, што зрабілі гэта міласэрдзе спадаром сваім із Саўлам, і пахавалі яго.
 

Дык цяпер хай учыне вам СПАДАР міласэрдзе а праўду; і я зьдзею вам дабро за тое, што вы зрабілі.
 

Цяпер хай пасіляцца рукі вашыя, і будзьце адважныя, бо спадар ваш Саўла памер, а мяне памазаў дом Юдзін за караля над сабою».
 

І Аўнір Ніранок, вайводца Саўлаў, узяў Ішбошэфа Саўлянка і прывёў яго да Маганаіму,
 

І ўстанавіў яго за караля Ґілеадзкага а Ашурскага а Ізрэельскага, і над Яхрэмам, і над Веняміном, і над усім Ізраелям.
 

Сорак год было Ішбошэфу Саўлянку, як ён стаў каралём над Ізраелям, і караляваў два гады. Адно дом Юдзін быў за Давіда.
 

І быў лік дзён, у каторых Давід гаспадарстваваў у Гэўроне над домам Юдзіным, сем год а шэсьць месяцаў.
 

І вышаў Аўнір Ніранок і слугі Ішбошэфа Саўлянка з Маганаіму да Ґівеону.
 

І Ёаў Цэруёнак а слугі Давідавы стрэліся разам ля Ґівеонскага ставу, і заселі гэтыя на адным баку ставу, а гэныя на другім баку ставу.
 

І сказаў Аўнір Ёаву: «Хай устануць дзяцюкі і пагуляюць перад намі». І сказаў Ёаў: «Хай устануць».
 

І ўсталі й перайшло лікам двананцацёх Венямінян з боку Ішбошэфа Саўлянка, і двананцацёх із слугаў Давідавых.
 

Яны схапілі адзін аднаго за галаву, усадзілі меч адзін аднаму ў бок і палі разам. І было названа гэнае месца Гэлкаф-Гаццурым, каторае ў Ґівеоне.
 

І была таго дня найзаўзятшая бітва, і былі паражаны Аўнір а людзі Ізраельскія слугамі Давідавымі.
 

І былі там тры Цэруёнкі: Ёаў а Авішай а Асагэл. Асагэл жа быў легканогі, як алень у полю.
 

І пагнаўся Асагэл за Аўніром, не адхінаючыся ані направа, ані налева ад Аўніра.
 

І азірнуўся Аўнір назад, і сказаў: «Ці ты гэта Асагэл?» Тый сказаў: «Я».
 

І сказаў яму Аўнір: «Адхініся направа альбо налева, і выбяры сабе аднаго зь дзяцкжоў, і вазьмі сабе ягоную зброю». Але Асагэл не захацеў заставацца ад яго.
 

І паўтарыў Аўнір яшчэ, кажучы Асагэлу: «Адвярніся ад мяне, нашто імне прыбіць цябе да зямлі? як я падыйму від свой перад Ёавам, братам тваім».
 

І адмовіўся адвярнуцца. І паразіў яго Аўнір канцом дзіды пад пятую скабу, і вышла дзіда адзаду яго, і ён паваліўся там жа, і памер на месцу. Усі, што праходзілі каля таго месца, ідзе паваліўся а памер Асагэл, прыстоевалі.
 

І гнаўся Ёаў а Авішай за Аўніром. Сонца зайшло, як яны прышлі да ўзгорку Ама, каторы супроці Ґіягі, на дарозе на пустыню Ґівеонскую.
 

І зьберліся сынове Веняміновы за Аўніром, і злажылі адну вятку, і сталі на версе аднаго ўзгорку.
 

І загукаў Аўнір да Ёава, і сказаў: «Ці вечна будзе жэрці меч? Ці ты ня ведаеш, што горка будзе ў вапошнім канцу. Пакуль жа ты ня скажаш людзём, каб яны перасталі гнацца за братамі сваімі?»
 

І сказаў Ёаў: «Жыў СПАДАР! калі б ты ня гукаў накш, дык яшчэ з раньня адышоў бы люд, каб ня гнацца кажны за братам сваім».
 

І затрубіў Ёаў у трубу, і адзяржаўся ўвесь люд, і ня гналіся балей за Ізраелянмі, і не ваявалі болей.
 

Аўнір жа а людзі ягоныя йшлі раўніною ўсю тую ноч, і перайшлі Ёрдан, і прайшлі ўвесь Віфран, і прышлі да Маганаіму.
 

І зьвярнуўся Ёаў ад пагоні за Аўніром, і зьбер увесь люд, і не ставала із слугаў Давідавых дзевятнанцацёх чалавекаў, апрача Асагэла.
 

Слугі ж Давідавы пабілі ў Венямінян а людзёў Аўніровых трыста шасьцьдзясят чалавекаў, і памерлі.
 

І паднялі Асагэла, і пахавалі яго ў гробе айца ягонага, каторы ў Бэтлееме. І йшлі ўсю ноч Ёаў а людзі ягоныя, і засьвяціла ім у Гэўроне.