2 царстваў 2 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І было просьле гэтага, што пытаў Давід у СПАДАРА, кажучы: «Ці ўзыйсьці да аднаго зь местаў Юдзіных?» І сказаў яму СПАДАР: «Узыйдзі». І сказаў Давід: «Куды ўзыйсьці?» І сказаў Ён: «Да Гэўрону».
Пасьля гэтага Давід спытаўся ў Госпада, кажучы: ці ісьці мне ў які-небудзь горад Юдаў? І сказаў яму Гасподзь: ідзі. І сказаў Давід: куды ісьці? І сказаў Ён: у Хэўрон.
І ўзышоў туды Давід і абедзьве жонкі ягоныя, Агіноама Ізрэелянка а Авіґаіла, жонка Навалова, Кармілянка.
І пайшоў туды Давід і абедзьве жонкі ягоныя, Ахінаама Ізрэеліцянка і Авігея, былая жонка Навалава, Кармэліцянка.
І людзёў, што былі зь ім, узьвёў Давід, кажнага з радзімаю ягонай, і асяліліся ў местах Гэўрону.
І людзей, якія былі зь ім, прывёў Давід, кожнага зь сям’ёй ягонай, і пасяліліся ў горадзе Хэўроне.
І прышлі мужы Юдзіныя, і памазалі там Давіда за караля над домам Юдзіным. І наказалі Давіду, што жыхары Явішу Ґілеадзкага тыя, каторыя пахавалі Саўлу.
І прыйшлі мужы Юдавыя і памазалі там Давіда на царства над домам Юдавым. І данесьлі Давіду, што жыхары Явіса Галаадскага пахавалі Саўла.
І паслаў Давід паслоў да жыхараў Явішу Ґілеадзкага, і сказаў ім: «Дабраславёныя вы ў СПАДАРА за тое, што зрабілі гэта міласэрдзе спадаром сваім із Саўлам, і пахавалі яго.
І выправіў Давід паслоў да жыхароў Явіса Галаадскага сказаць ім: дабраславёныя вы ў Госпада за тое, што зрабілі гэтую ласку гаспадару свайму Саўлу, і пахавалі яго;
Дык цяпер хай учыне вам СПАДАР міласэрдзе а праўду; і я зьдзею вам дабро за тое, што вы зрабілі.
І сёньня хай узычыць вам Гасподзь ласкаю і праўдаю; і я зраблю вам дабрачынства за тое, што вы гэта зрабілі;
Цяпер хай пасіляцца рукі вашыя, і будзьце адважныя, бо спадар ваш Саўла памер, а мяне памазаў дом Юдзін за караля над сабою».
сёньня хай умацуюцца рукі вашыя, і будзьце мужныя, бо гаспадар ваш Саўл памёр, а мяне памазаў дом Юдаў царом над сабою.
І Аўнір Ніранок, вайводца Саўлаў, узяў Ішбошэфа Саўлянка і прывёў яго да Маганаіму,
Але Авэнір, сын Ніраў, правадыр войска Саўлавага, узяў Евастэя, сына Саўлавага, і прывёў яго ў Маханаім,
І ўстанавіў яго за караля Ґілеадзкага а Ашурскага а Ізрэельскага, і над Яхрэмам, і над Веняміном, і над усім Ізраелям.
і паставіў яго царом над Галаадам і Ашурам і Ізрэелем, і Яфрэмам і Веньямінам, і над усім Ізраілем.
Сорак год было Ішбошэфу Саўлянку, як ён стаў каралём над Ізраелям, і караляваў два гады. Адно дом Юдзін быў за Давіда.
Сорак гадоў было Евастэю, сыну Саўлаваму, калі ён уцараваўся над Ізраілем, і цараваў два гады. Толькі дом Юдаў застаўся з Давідам.
І быў лік дзён, у каторых Давід гаспадарстваваў у Гэўроне над домам Юдзіным, сем год а шэсьць месяцаў.
Усяго часу, як Давід цараваў у Хэўроне над домам Юдавым, было сем гадоў і шэсьць месяцаў.
І вышаў Аўнір Ніранок і слугі Ішбошэфа Саўлянка з Маганаіму да Ґівеону.
І выйшаў Авэнір, сын Ніраў, і слугі Евастэя, сына Саўлавага, з Маханаіма ў Гаваон.
І Ёаў Цэруёнак а слугі Давідавы стрэліся разам ля Ґівеонскага ставу, і заселі гэтыя на адным баку ставу, а гэныя на другім баку ставу.
Выйшаў і Ёаў, сын Саруі, з слугамі Давідавымі, і сустрэліся каля Гаваонскай сажалкі, і заселі тыя па адзін бок сажалкі, а гэтыя па другі бок сажалкі.
І сказаў Аўнір Ёаву: «Хай устануць дзяцюкі і пагуляюць перад намі». І сказаў Ёаў: «Хай устануць».
І сказаў Авэнір Ёаву: няхай устануць маладыя хлопцы і падужаюцца перад намі. І сказаў Ёаў: няхай устануць.
І ўсталі й перайшло лікам двананцацёх Венямінян з боку Ішбошэфа Саўлянка, і двананцацёх із слугаў Давідавых.
І ўсталі і пайшлі лікам дванаццаць Веньямініцянаў з боку Евастэя, сына Саўлавага, і дванаццаць ад слуг Давідавых.
Яны схапілі адзін аднаго за галаву, усадзілі меч адзін аднаму ў бок і палі разам. І было названа гэнае месца Гэлкаф-Гаццурым, каторае ў Ґівеоне.
Яны схапілі адзін аднаго за галаву, усадзілі меч адзін аднаму ў бок і ўпалі разам. І была названа гэта мясьціна Хэлкат-Хацурым, што ў Гаваоне.
І была таго дня найзаўзятшая бітва, і былі паражаны Аўнір а людзі Ізраельскія слугамі Давідавымі.
І адбылася таго дня вельмі лютая бітва, і Авэнір зь людзьмі Ізраільскімі быў пабіты слугамі Давідавымі.
І былі там тры Цэруёнкі: Ёаў а Авішай а Асагэл. Асагэл жа быў легканогі, як алень у полю.
І былі там тры сыны Саруі: Ёаў і Авэса і Асаіл. А Асаіл быў лёгкі на ногі, як сарна ў полі.
І пагнаўся Асагэл за Аўніром, не адхінаючыся ані направа, ані налева ад Аўніра.
І пагнаўся Асаіл за Авэнірам і перасьледаваў яго, ня ўхіляючыся ні направа ні налева ад сьлядоў Авэніра.
І азірнуўся Аўнір назад, і сказаў: «Ці ты гэта Асагэл?» Тый сказаў: «Я».
І азірнуўся Авэнір назад і сказаў: ці ты гэта, Асаіл? Той сказаў: я.
І сказаў яму Аўнір: «Адхініся направа альбо налева, і выбяры сабе аднаго зь дзяцкжоў, і вазьмі сабе ягоную зброю». Але Асагэл не захацеў заставацца ад яго.
І сказаў яму Авэнір: ухіліся направа або налева і выбяры сабе аднаго хлопчыка і вазьмі сабе ягоную зброю. Але Асаіл не захацеў адстаць ад яго.
І паўтарыў Аўнір яшчэ, кажучы Асагэлу: «Адвярніся ад мяне, нашто імне прыбіць цябе да зямлі? як я падыйму від свой перад Ёавам, братам тваім».
І паўтарыў Авэнір яшчэ, кажучы Асаілу: адстань ад мяне, каб я не паваліў цябе на зямлю; тады зь якім тварам зьяўлюся я да Ёава, брата твайго?
І адмовіўся адвярнуцца. І паразіў яго Аўнір канцом дзіды пад пятую скабу, і вышла дзіда адзаду яго, і ён паваліўся там жа, і памер на месцу. Усі, што праходзілі каля таго месца, ідзе паваліўся а памер Асагэл, прыстоевалі.
Але той не захацеў адстаць. Тады Авэнір, павярнуўшы дзіду, ударыў яго ў жывот; дзіда прашыла яго наскрозь, і ён упаў там і памёр на месцы. Усе, хто праходзіў праз тую мясьціну, дзе ўпаў і памёр Асаіл, спыняліся.
І гнаўся Ёаў а Авішай за Аўніром. Сонца зайшло, як яны прышлі да ўзгорку Ама, каторы супроці Ґіягі, на дарозе на пустыню Ґівеонскую.
І перасьледавалі Ёаў і Авэса Авэніра. Сонца ўжо зайшло, калі яны прыйшлі да пагорка Ама, што насупраць Гіяха, на дарозе да пустыні Гаваонскай.
І зьберліся сынове Веняміновы за Аўніром, і злажылі адну вятку, і сталі на версе аднаго ўзгорку.
І сабраліся Веньямініцяне вакол Авэніра і склалі адно рушэньне, і сталі на вяршыні аднаго пагорка.
І загукаў Аўнір да Ёава, і сказаў: «Ці вечна будзе жэрці меч? Ці ты ня ведаеш, што горка будзе ў вапошнім канцу. Пакуль жа ты ня скажаш людзём, каб яны перасталі гнацца за братамі сваімі?»
І зьвярнуўся Авэнір да Ёава і сказаў: ці вечна будзе пажыраць мяне меч? ці ты ня ведаеш, што наступствы будуць горасныя? і дакуль ты ня скажаш людзям, каб яны перасталі перасьледаваць братоў сваіх?
І сказаў Ёаў: «Жыў СПАДАР! калі б ты ня гукаў накш, дык яшчэ з раньня адышоў бы люд, каб ня гнацца кажны за братам сваім».
І сказаў Ёаў: жывы Бог! калі б ты не казаў інакш, дык яшчэ раніцай перасталі б людзі перасьледаваць братоў сваіх.
І затрубіў Ёаў у трубу, і адзяржаўся ўвесь люд, і ня гналіся балей за Ізраелянмі, і не ваявалі болей.
І затрубіў Ёаў у трубу, і спыніўся ўвесь народ і не перасьледавалі больш Ізраільцянаў; бітва спынілася.
Аўнір жа а людзі ягоныя йшлі раўніною ўсю тую ноч, і перайшлі Ёрдан, і прайшлі ўвесь Віфран, і прышлі да Маганаіму.
А Авэнір і людзі ягоныя ішлі раўнінаю ўсю тую ноч і перайшлі Ярдан, і прайшлі ўвесь Бітрон і прыйшлі ў Маханаім.
І зьвярнуўся Ёаў ад пагоні за Аўніром, і зьбер увесь люд, і не ставала із слугаў Давідавых дзевятнанцацёх чалавекаў, апрача Асагэла.
І вярнуўся Ёаў ад перасьледу Авэніра і сабраў увесь народ, і не хапала з слуг Давідавых дзевятнаццаці чалавек апрача Асаіла.
Слугі ж Давідавы пабілі ў Венямінян а людзёў Аўніровых трыста шасьцьдзясят чалавекаў, і памерлі.
А слугі Давідавыя пабілі Веньямініцянаў і людзей Авэніравых; загінула іх трыста шэсьцьдзясят чалавек.
І паднялі Асагэла, і пахавалі яго ў гробе айца ягонага, каторы ў Бэтлееме. І йшлі ўсю ноч Ёаў а людзі ягоныя, і засьвяціла ім у Гэўроне.
І ўзялі Асаіла і пахавалі яго ў магіле бацькі ягонага, што ў Віфляеме. І Ёаў зь людзьмі сваімі ішоў усю ноч і на сьвітаньні прыйшоў у Хэўрон.