2 царстваў 22 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І гукаў Давід словы гэтае песьні СПАДАРУ таго дня, як СПАДАР вывальніў яго з рукі ўсіх непрыяцеляў ягоных і з рукі Саўлавае.
 
І засьпяваў Давід песьню Госпаду ў дзень, калі Гасподзь выбавіў яго ад рукі ўсіх ворагаў і ад рукі Саўла, і сказаў:

І ён казаў: «СПАДАР — скала мая, і горад мой, і выбавіцель мой.
 
Гасподзь — цьвярдыня мая і моц мая і збаўца мой.

СПАДАР — скала мая, я абаранюся Ім; шчыт мой, рог спасеньня майго, высокая вежа мая, уцёк мой; Спасе мой, ад усілства Ты выбавіў мяне!
 
Бог мой — скала мая; на Яго я спадзяюся; шчыт мой, рог выратаваньня майго, агароджа мая і прытулак мой; Ратаўнік мой, ад бедаў Ты выбавіў мяне!

Хвалы годнага я пагукаю СПАДАРА, і ад непрыяцеляў сваіх вывальнюся.
 
Паклічу Госпада, Якому шчыра пакланяюся, і ад ворагаў маіх выратуюся.

Бо абнялі мяне хвалі сьмерці, і цур’і Веляла напалохалі мяне;
 
Агарнулі мяне хвалі сьмерці, і патокі беззаконьня напалохалі мяне;

Ланцугі шэолю акружылі мяне, і сеці сьмерці выперадзілі мяне.
 
ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.

Але ў бядзе сваёй я пагукаў СПАДАРА, і да Бога свайго загукаў, і Ён пачуў з палацу Свайго голас мой, і галашэньне мае ў вушшу Ягоным.
 
Але вось у цеснаце маёй я паклікаў Госпада і Бога майго і заклікаў, і Ён пачуў з харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Яго.

Захісталася, затрэслася зямля, дрыганулі а захісталіся поды нябёс, бо ўгневаўся.
 
Затрэслася, закалыхалася зямля, задрыжалі і парушыліся асновы нябёсаў, бо разгневаўся на іх Гасподзь.

Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных цяпло зьядаючае; вугальле загарэлася ад Яго.
 
Падняўся дым ад гневу Яго і з вуснаў Яго агонь пажыральны; жарнае вугольле сыпалася ад Яго.

Нахінуў Ён нябёсы й зышоў, і цемнь пад нагамі ў Яго.
 
Нахіліў Ён нябёсы і сышоў; і морак пад нагамі ў Яго;

І ехаў на херуве, і ляцеў, і бачаны быў на крылах ветру.
 
і сеў на херувімаў, і паляцеў, і панёсься на крылах ветру;

І пастанавіў цемнь навокал Сябе, як будан, згусьціў воды булакоў нябёсных.
 
і моракам пакрыў Сябе, як ценем, згусьціўшы воды хмар нябесных;

Ад зьзяньня перад Ім жар угараўся.
 
ад бляску прад Ім разгаралася вугольле вогненнае.

Загрымеў зь нябёс СПАДАР, і Навышні даў Голас Свой;
 
Загрымеў зь нябёсаў Гасподзь, і Ўсявышні даў голас Свой;

Пусьціў стрэлы, і расьцярушыў іх; маланку, і зрабіў замятню ў іх.
 
пусьціў стрэлы і расьсеяў іх; бліснуў маланкаю і зьнішчыў іх.

І паказаліся цур’і мора, агаліліся поды сьвету ад ганеньня СПАДАРА, ад тхненьня духа ноздраў Ягоных.
 
І адчыніліся крыніцы мора, агаліліся асновы сусьветныя ад грознага голасу Госпада, ад подыху духу гневу Яго.

Ён паслаў з вышы, і ўзяў мяне, і выцягнуў мяне зь вялікіх водаў;
 
Працягнуў Ён руку з вышыні і ўзяў мяне, і дастаў мяне з водаў многіх;

Выбавіў мяне ад майго дужога непрыяцеля, ад ненавідзячых мяне, бо былі дужшыя за мяне.
 
выбавіў мяне ад ворага майго моцнага, ад ненавісьнікаў маіх, якія былі мацнейшыя за мяне.

Яны перанялі мяне ў дзень бяды мае, але СПАДАР быў апораю імне,
 
Яны паўсталі на мяне ў дзень бедства майго; але Гасподзь быў апораю мне

І вывеў на прастору мяне, уратаваў мяне; бо Ён прыяе імне.
 
і вывеў мяне на прасторнае месца, выбавіў мяне, бо Ён дабраволіць мне.

Заплаціў імне СПАДАР подле справядлівасьці мае, подле чысьціні рук маіх зьвярнуў.
 
Даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне.

Бо я глядзеў дарогаў СПАДАРОВЫХ і не адтыргнуўся нягодна ад Бога свайго;
 
Бо я захоўваў шляхі Госпада і ня быў грэшны прад Богам маім,

Бо ўсі суды Ягоныя перад імною, і ўставаў Ягоных я не адсуваў ад сябе.
 
бо ўсе запаведзі Яго перад мною, і ад пастановаў Яго я не адступаў,

І быў бязганны перад Ім, сьцярогся бяспраўя свайго.
 
і быў беззаганны прад Ім, і пільнаваўся, каб не зграшыць мне.

І адплаціў імне СПАДАР подле справядлівасьці мае, подле чысьціні мае ў ваччу Яго.
 
І даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні маёй прад вачыма Яго.

Зь міласэрным Ты абходзішся міласэрна, зь беззаганным — беззаганна,
 
З мілажальным Ты — мілажальны, з чалавекам шчырым — шчыры,

З чыстым — чыста, а з крутадухам Ты ходаешся.
 
з чыстым — чысты, а з хітрым — па хітрасьці ягонай.

І люд убогі Ты выбаўляеш, і ачыма сваімі паніжаеш пышак.
 
Людзей прыгнечаных Ты ратуеш і позіркам Сваім прыніжаеш пыхлівых.

Ты, СПАДАРУ, сьветач мой; і СПАДАР асьвячае цемнь Маю.
 
Ты, Госпадзе, сьвяцільня мая; Гасподзь прасьвятляе цемру маю.

Бо Табою я бягу на вятку; з Богам сваім пераскочу сьцяну.
 
З Табою я разьбіваю войска; з Богам маім падымаюся на сьцяну.

БОГ! — беззаганная дарога Ягоная, слова СПАДАРОВА пералітаванае, шчыт Ён усім, што спадзяюцца на Яго.
 
Бог! — беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова Госпада, шчыт Ён усім, хто спадзяецца на Яго.

Бо хто БОГ, апрача СПАДАРА, і хто скала, апрача Бога нашага?
 
Бо хто Бог, акрамя Госпада, і хто абарона, акрамя Бога нашага?

БОГ — Ён мацніня, сіла мая, Ён пракладае дасканальна дарогу маю;
 
Бог апаясвае мяне сілаю, пракладвае мне правільны шлях;

Робе простымі ногі мае, як аленія, і на вышынях маіх ставе мяне;
 
робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях ставіць мяне;

Вуча рукі мае вайны, і гбаю лук мядзяны рукамі сваімі.
 
вучыць рукі мае бітве і цягліцы мае напінае, як медны лук.

І Ты даў імне шчыт спасеньня Свайго, і кунежнасьць Твая ўзьвялічыла мяне.
 
Ты даеш мне шчыт выратаваньня Твайго, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.

Ты пашыраеш сігень мой пад імною, і ня хістаюцца шчыкалаткі мае.
 
Ты пашыраеш крок мой пад мною, і ня хістаюцца ногі мае.

Ганяюся за варагамі сваімі, і гублю іх, і не зварачаюся, пакуль ня зьнішчу іх;
 
Я ганяюся за ворагамі маімі і зьнішчаю іх, і не вяртаюся, пакуль ня зьнішчу іх;

І гублю іх, і раню іх, і не ўстаюць, і валяцца пад ногі мае.
 
і зьнішчаю іх і б’ю іх, і не ўстаюць і падаюць пад ногі мае.

Ты паперазуеш мяне сілаю на вайну, прычыняеш, каб праціўнікі мае ўгбаліся пад імною.
 
Ты апярэзваеш мяне сілаю для вайны і кладзеш перад мною тых, што паўстаюць на мяне;

А варагоў маіх Ты даў імне патыліцы, ненавідзячых мяне я зьнішчу.
 
Ты абяртаеш да мяне тыл ворагаў маіх, і я зьнішчаю ненавісьнікаў маіх.

Яны гукалі, але ня было ратаўніка; — да СПАДАРА, але Ён не адказаў ім.
 
Яны клічуць, але няма выратавальніка, — да Госпада, але Ён ня слухае іх.

Я расьцер іх, як пыл земны, як балота вулічнае, сьцянюціў іх і расьцягнуў іх.
 
Я расьсейваю іх, як пыл зямны, у гразь вулічную мну іх і тапчу іх.

Ты даў імне ўцячы ад прававаньняў люду з імною; Ты захаваў мяне, каб быць імне галавою народаў; люд, каторага я ня знаў, будзе служыць імне.
 
Ты ўратаваў мяне ад мяцяжу народу майго; Ты захаваў мяне, каб быць мне галавою над іншапляменцамі; народ, якога я ня ведаў, служыць мне.

Сынове чужаземцаў паддаліся імне, на галасы празь мяне яны слухмяныя імне.
 
Іншапляменцы лісьлівяць перад мною; па чутках пра мяне падпарадкуюцца мне.

Чужаземцы млеюць а дрыжаць у вагарожах сваіх.
 
Іншапляменцы бляднеюць і дрыжаць ва ўмацаваньнях сваіх.

Жыў СПАДАР і дабраславёная скала мая! І ўзьвялічаны Бог, скала спасеньня майго.
 
Жывы Гасподзь і дабраславёны абаронца мой! Хай будзе праслаўлены Бог, прытулак выратаваньня майго,

БОГ, што даець імне памсьціцца, і зводзе люды пад мяне;
 
Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы

І выводзе мяне ад варагоў маіх! Над паўсталымі супроці мяне Ты ўздымаеш мяне; ад глабаньніка Ты выбавіў мяне.
 
і выбаўляе мяне ад ворагаў маіх! Над паўсталымі супроць мяне Ты ўзвысіў мяне; ад чалавека жорсткага Ты выбавіў мяне.

За гэта я буду выхваляць Цябе, СПАДАРУ, меж народаў, і імені Твайму буду пяяць.
 
За тое я буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму,

Павялічае выбаўленьні караля Свайго й чыне міласэрдзе памазанцу Свайму Давіду а насеньню ягонаму на векі!»
 
велікадушна ратуючы цара Свайго і творачы міласьць памазанцу Свайму Давіду і нашчадкам ягоным вечна!