2 царстваў 21 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І была галадоў за дзён Давідавых тры гады, год пры годзе. І шукаў Давід віду СПАДАРОВАГА. І сказаў СПАДАР: «За Саўлу а кроў дому ягонага, бо ён зрабіў сьмерць Ґівеонянам».
 
Быў голад на зямлі ў дні Давіда тры гады, год у год. І спытаўся Давід у Госпада. І сказаў Гасподзь: гэта праз Саўла і крыважэрны дом ягоны, за тое, што ён забіў Гавааніцянаў.

І гукнуў кароль Ґівеонян, і гукаў ізь імі, — Ґівеоняне ж ня із сыноў Ізраеля, але з астачаў Аморэяў; і сынове Ізраелявы прысяглі ім, але Саўла імкнуўся забіць іх із рупатлівасьці свае праз сыноў Ізраеля а Юды.
 
Тады цар паклікаў Гавааніцянаў і гаварыў зь імі. Гавааніцяне былі ня з сыноў Ізраілевых, а з рэштак Амарэяў; а Ізраільцяне далі ім прысягу, але Саўл хацеў іх зьнішчыць з рэўнасьці сваёй да нашчадкаў Ізраіля і Юды.

І сказаў Давід Ґівеонянам: «Што імне зрабіць вам і чым улашчыць вас, каб вы дабраславілі спадак СПАДАРОЎ?»
 
І сказаў Гавааніцянам: што мне зрабіць вам і чым прымірыць вас, каб вы дабраславілі спадчыну Гасподнюю?

І сказалі яму Ґівеоняне: «Ня надабе нам срэбра ані золата ад Саўлы альбо ад дому ягонага, і ня нядабе нам, каб рабілі сьмерць каму ў Ізраелю». Ён сказаў: «Што ж вы скажаце? я зраблю вам».
 
І сказалі яму Гавааніцяне: ня трэба нам ні срэбра, ні золата ад Саўла, альбо ад дома ягонага, і ня трэба нам, каб забілі каго ў Ізраілі. Ён сказаў: чаго ж вы хочаце? я зраблю вам.

І сказалі яны каралю: «Таго чалавека, каторы губіў нас, і каторы маніўся вынішчыць нас і ня даць нам застацца нійдзе ў граніцах Ізраеля, —
 
І сказалі яны цару: таго чалавека, які губіў нас і хацеў зьнішчыць нас, каб ня было нас ні ў адной з частак Ізраіля,

Хай дадуць нам сямёх чалавекаў із сыноў ягоных, і мы засілім іх перад СПАДАРОМ у Ґівеі Саўлавай, абранца СПАДАРОВАГА». І сказаў кароль: «Я дам».
 
зь ягоных нашчадкаў выдай нам сем чалавек, і мы павесім іх прад Госпадам у Гіве Саўла, выбранага Госпадам. І сказаў цар: я выдам.

І пажалеў кароль Мефівошэфа, сына Ёнафана Саўлянка, дзеля прысягі імям СПАДАРОВЫМ, што была меж іх, меж Давіда й Ёнафана Саўлянка.
 
Але пашкадаваў цар Мэмфівастэя, сына Ёнатана, сына Саўлавага, дзеля прысягі імем Гасподнім, якая была паміж імі, паміж Давідам і Ёнатанам, сынам Саўлавым.

І ўзяў кароль двух сыноў Рыцпы Аянкі, каторая нарадзіла Саўлу Армона а Мефівошэфа, і пяцёх сыноў Меравы Саўлянкі, каторых яна нарадзіла Адрыелу Вэрзылёнку зь Меголы,
 
І ўзяў цар двух сыноў Рыцпы, дачкі Айя, якая нарадзіла Саўлу Армона і Мэмфівастэя, і пяць сыноў Мэлхолы, дачкі Саўлавай, якіх яна нарадзіла Адрыэлу, сыну Вэрзэлія з Мэлхолы,

І аддаў іх у рукі Ґівеонян, і яны засілілі іх на гары перад СПАДАРОМ. І загінулі ўсі сямёх разам; ім зрабілі сьмерць першых дзён жніва, з пачатку жніва ячменю.
 
і аддаў іх у рукі Гавааніцянаў, і яны павесілі іх на гары прад Госпадам. І загінулі ўсе сем разам; яны забітыя ў першыя дні жніва, у пачатку жніва ячменю.

І ўзяла Аянка зрэбніну, і разаслала яе сабе на скале, ад пачатку жніва аж да тога часу, пакуль не паліліся на іх воды зь неба, і не давала птушкам нябёсным садзіцца на іх удзень і зьвяром палявым ночы.
 
Тады Рыцпа, дачка Айя, узяла вярэту і паслала сабе на той гары, і сядзела яна ад пачатку жніва і да таго часу, пакуль не паліліся на іх воды Божыя зь неба, і не дазваляла кранаць іх птушкам нябесным удзень і зьвярам польным уначы.

І наказалі Давіду, што зрабіла Рыцпа Аішка, мамошка Саўлава.
 
І данесьлі Давіду, што зрабіла Рыцпа, дачка Айя, наложніца Саўлавая.

І пайшоў Давід, і ўзяў косьці Саўлавы а косьці Ёнафана, сына ягонага, у жыхараў Явішу Ґілеадзкага, каторыя ўкралі іх із вуліцы Веф-Шану, ідзе іх засілілі Пілішчане, як забілі Пілішчане Саўлу ў Ґілвоа.
 
І пайшоў Давід і ўзяў косьці Саўла і косьці Ёнатана, сына ягонага, у жыхароў Явіса Галаадскага, якія тайна ўзялі іх з пляца Бэт-Сана, дзе яны былі павешаны Філістымлянамі, калі забілі Філістымляне Саўла на Гэлвуе.

І ўзьнёс ён стуль косьці Саўлавы а косьці Ёнафана, сына ягонага; і зьберлі косьці засіленых.
 
І перанёс ён адтуль косьці Саўла і косьці Ёнатана, сына ягонага; і сабралі косьці павешаных.

І пахавалі косьці Саўлавы а косьці Ёнафана, сына ягонага, у зямлі Веняміновай, у Цэле, у гробе Кіша, айца ягонага. І зрабілі ўсе, што расказаў кароль, і ўмолены быў Бог узглядам краю просьле гэтага.
 
І пахавалі косьці Саўла і Ёнатана, сына Ягонага, у зямлі Веньямінавай, у Цэла, у магіле Кіса, бацькі ягонага. І зрабілі ўсё, што загадаў цар. І ўмілажаліўся Гасподзь з краіны пасьля таго.

І была ўзноў вайна ў Пілішчан із Ізраелям. І зышоў Давід а служцы ягоныя зь ім, і ваявалі зь Пілішчанмі; і Давід прыстаў.
 
І пачалася зноў вайна паміж Філістымлянамі і Ізраільцянамі. І выйшаў Давід і слугі ягоныя зь ім, і ваявалі зь Філістымлянамі; і Давід стаміўся.

Тады Ішвібеноб, адзін із патомкаў Рэфаімаў, а вага ягонае дзіды трыста сыкляў вагі медзі, і каторы паперазаўшыся быў новым мячом, і гукаў праз забіцьцё Давіда.
 
Тады Есьвій, адзін з нашчадкаў Рэфаімаў, у якога дзіда была вагою ў трыста сікляў медзі і які аперазаны быў новым мечам, хацеў забіць Давіда.

Але яму памог Авішай Цэруёнак, і паразіў Пілішчаніна, і зрабіў яму сьмерць. Тады прысяглі яму людзі Давідавы, кажучы: «Наперад ня выйдзеш ты з намі на вайну, каб ня згас сьветач Ізраеля».
 
Але яму дапамог Авэса, і забіў Філістымляніна і аддаў сьмерці яго. Тады людзі Давідавыя прысягнулі, кажучы: ня выйдзеш ты болей з намі на вайну, каб не пагасла сьвяцільня Ізраіля.

І было просьле гэтага, што была йзноў вайна ў Ґобе зь Пілішчанмі; тады Сыбехай Гушанін забіў Сара, аднаго з патомкаў Рэфаімаў.
 
Потым зноў была вайна зь Філістымлянамі ў Гобе; тады Савахай Хушацянін забіў Сафута, аднаго з нашчадкаў Рэфаімавых.

І была яшчэ вайна ў Ґобе зь Пілішчанмі; тады Елганан, сын Яара-Орэґіма Бэтлеемскага, забіў Ґоляфа Ґафяніна, у каторага дзяржаньне дзіды было, як навой у ткачоў.
 
Была і другая бітва ў Гобе; тады забіў Элханан, сын Ягарэ-Аргіма Віфляемскага, Галіята Гэцяніна, у якога тронка дзіды была, як ткацкі навой.

І была яшчэ вайна ў Ґафе, ідзе быў адзін чалавек вялікага росту, што меў па шэсьць палцаў на руках і на нагах, усяго дваццаць чатыры, таксама з патомкаў Рэфаімаў.
 
Была яшчэ бітва ў Гэце; і быў там адзін чалавек рослы, які меў па шасьці пальцаў на руках і на нагах, усяго дваццаць чатыры, таксама з нашчадкаў Рэфаімаў,

І зьневажаў Ізраеля, і забіў яго Ёнафан, сын Шымея, брата Давідавага.
 
і ён бэсьціў Ізраільцянаў; але яго забіў Ёнатан, сын Сафая, брата Давідавага.

Гэтыя чатыры былі з роду Рэфаімаў у Ґафе, і яны загінулі ад рукі Давіда а служцоў ягоных.
 
Гэтыя чатыры былі з роду Рэфаімаў у Гэце, і яны загінулі ад рукі Давіда і слуг ягоных.