2 царстваў 6 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І ўзноў зьбер Давід кажнага выборнага ў Ізраелю, трыццаць тысячаў.
І сабраў зноў Давід усіх выбраных зь Ізраіля, трыццаць тысяч.
І ўстаў, і пайшоў Давід а ўвесь люд, быты зь ім, з Ваалу Юдзінага, каб узьнесьці стуль скрыню Божую, каторая звалася імям, імям СПАДАРА войскаў, Каторы жыхара памеж херуваў над ёй.
І ўстаў і пайшоў Давід і ўвесь народ, які быў зь ім, з Ваала Юдавага, каб перанесьці адтуль каўчэг Божы, на якім называецца імя Госпада Саваофа, Які сядзіць на херувімах.
І пастанавілі на новыя цялежні, везьці скрыню Божую, і паднялі яе з дому Авінадававага, што на ўзгорку. Сыны ж Авінадававы, Уза а Агіо, вялі новыя цялежкі.
І паставілі каўчэг Божы на новую калясьніцу і вывезьлі яго з дома Амінадававага, што на пагорку. А сыны Амінадава, Оза і Ахіо, вялі новую калясьніцу.
І ўзялі іх з дому Авінадававага, каторы на ўзгорку, із скрыняю Божаю, і Агіо йшоў перад скрыняю.
І павезьлі яе з каўчэгам Божым з дома Амінадава, што на пагорку; і Ахіо ішоў перад каўчэгам.
А Давід а ўвесь дом Ізраеляў гралі перад СПАДАРОМ на ўсялякіх музыцкіх снадзях ізь кіпрысавага дзерва, на гусьлях а на псалтырох а на тамбурынах а на трубах а на цымбалах.
І Давід і ўсе сыны Ізраілевыя ігралі прад Госпадам на ўсякіх музычных інструментах з кіпарысавага дрэва, і на цытрах і на псалтырах, і на тымпанах і на сістрах і на кімвалах.
І прышлі да току Нахонавага, і выцягнуў Уза руку сваю да скрыні Божае, і ўзяўся за яе, бо валы скапыціліся.
І калі дайшлі да гумна Нахонавага, Оза працягнуў руку сваю да каўчэга Божага і ўзяўся за яго, бо валы нахілілі яго.
І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Узу, і забіў яго Бог там жа за паважаньне, і памер ён там ля скрыні Божае.
Але Гасподзь угневаўся на Озу, і забіў яго Бог там жа за дзёрзкасьць, і памёр ён там каля каўчэга Божага.
І прыкра было Давіду, што СПАДАР паразіў паразаю Узу. Месца гэтае й дагэтуль завецца: Перэз-Уза.
І засмуціўся Давід, што Гасподзь забіў Озу. Месца гэта дагэтуль называецца: пагібель Озы.
І лякаўся Давід таго дня СПАДАРА, і сказаў: «Як увыйсьці да мяне скрыні СПАДАРОВАЙ?»
І спалохаўся Давід ў той дзень Госпада і сказаў: як увайсьці да мяне каўчэгу Гасподняму?
І ня зычыў Давід зьвярнуць скрыню СПАДАРОВУ да сябе, да места Давідавага, але павярнуў яе да дому Аведэдома Ґіфяніна.
І не захацеў Давід везьці каўчэг Гасподні да сябе, у горад Давідаў, а завярнуў яго ў дом Авэдара Гэцяніна.
І заставалася скрыня СПАДАРОВА ў доме Аведэдома Ґіфяніна тры месяцы, і дабраславіў СПАДАР Аведэдома а ўвесь дом ягоны.
І заставаўся каўчэг Гасподні ў доме Авэдара Гэцяніна тры месяцы, і дабраславіў Гасподзь Авэдара і ўвесь дом ягоны.
І наказалі каралю Давіду, кажучы: «СПАДАР дабраславіў дом Аведэдомаў і ўсе, што было ў яго, дзеля скрыні Божае». І пайшоў Давід, і з радасьцяй узьвёў скрыню Божую з дому Аведэдомавага да места Давідавага.
Калі данесьлі цару Давіду, кажучы: «Гасподзь дабраславіў дом Авэдара і ўсё, што было ў яго, дзеля каўчэга Божага», дык пайшоў Давід і ўрачыста перанёс каўчэг Божы з дома Авэдара ў горад Давідаў.
І было, як ступалі нясучыя скрыню СПАДАРОВУ шэсьць сігнёў, ён абракаў вала й кормнага барана.
І калі тыя, якія несьлі каўчэг Божы, праходзілі па шэсьць крокаў, ён прыносіў у ахвяру цяля і барана.
Давід скакаў з усяе сілы перад СПАДАРОМ; паперазаўшыся быў Давід лянным наплечнікам.
Давід танцаваў з усёй моцы прад Госпадам; а апрануты быў Давід у льняны наплечнік.
І Давід а ўвесь дом Ізраеляў узьвялі скрыню СПАДАРОВУ з гуканьням а з трубеньням.
Так Давід і ўвесь дом Ізраілеў несьлі каўчэг Гасподні з крыкамі і трубнымі гукамі.
Як уходзіла скрыня СПАДАРОВА да места Давідавага, Міхала Саўлішка глядзела далоў з акна і, абачыўшы караля Давіда падскакуючага а скачучага перад СПАДАРОМ, улегцы замела яго ў сэрцу сваім.
Калі ўваходзіў каўчэг Гасподні ў горад Давідаў, Мэлхола, дачка Саўла, глядзела ў акно і, убачыўшы цара Давіда, які скакаў і танцаваў прад Госпадам, прынізіла яго ў сэрцы сваім.
І прынесьлі скрыню СПАДАРОВУ, і пастананілі яе на сваім месцу сярод вітальні, каторую пастанавіў дзеля яе Давід; і аброк Давід усепаленьне перад СПАДАРОМ і аброкі супакойныя.
І прынесьлі каўчэг Гасподні і паставілі яго на сваім месцы пасярод скініі, якую зладзіў для яго Давід; і прынёс Давід цэласпаленьні прад Госпадам і ахвяры мірныя.
І скончыў Давід абракаць усепаленьні а аброкі супакойныя, і дабраславіў ён люд імям СПАДАРА войскаў.
Калі Давід закончыў прынясеньне цэласпаленьняў і ахвяраў мірных, дык дабраславіў ён народ імем Госпада Саваофа;
І падзяліў усяму люду, усёй множасьці Ізраелцаў, ад мужчыны аж да жонкі, кажнаму па аднэй букатцы хлеба, па кавалку смажанага мяса і па аднэй перапечцы. І пайшоў увесь люд кажны да дому свайго.
і раздаў усяму народу, усяму мноству Ізраільцянаў, як мужчынам, так і жанчынам, па адным хлебе і па кавалку смажанага мяса і па адной ляпёшцы кожнаму. І пайшоў увесь народ кожны ў дом свой.
І зьвярнуўся Давід, дабраславіць дом свой, і вышла Міхала Саўлішка наўпярэймы Давіду, і сказала: «Як уславіўся кароль Ізраельскі сядні, агаляючыся сядні перад ачыма служэбак, слугаў сваіх, як чыста агаляецца які пустальга!»
Калі Давід вярнуўся, каб дабраславіць дом свой, дык Мэлхола, дачка Саўла, выйшла яму насустрач і сказала: як вызначыўся сёньня цар Ізраілеў, агаліўшыся сёньня перад вачыма рабынь рабоў сваіх, як агаляецца які-небудзь пусты чалавек?
І сказаў Давід Міхале: «Перад СПАДАРОМ, Каторы валей мяне абраў, чымся айца твайго і чымся ўвесь дом ягоны, расказаўшы імне стаць правадыром люду СПАДАРОВАГА, Ізраеля, — і я граў перад Ім;
І сказаў Давід Мэлхоле: прад Госпадам, Які абраў мяне перад бацькам тваім і ўсім домам ягоным, паставіўшы мяне правадыром народу Гасподняга Ізраіля, прад Госпадам іграць і скакаць буду;
І паніжуся болей за гэта, і буду ніжшы ў сваім собскім аччу; а перад служэбкамі, праз каторыя ты гукаеш, буду слаўны».
і я болей прыніжуся, і зраблюся яшчэ нікчэмнейшым у вачах маіх, і перад служанкамі, пра якіх ты кажаш, я буду слаўны.
І ў Міхалы Саўлішкі ня было дзяцей аж да дня сьмерці яе.
І ў Мэлхолы, дачкі Саўлавай, ня было дзяцей да дня сьмерці яе.