2 царстваў 6 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І ўзноў зьбер Давід кажнага выборнага ў Ізраелю, трыццаць тысячаў.
 
І сабраў Давід усіх выбранцоў з Ізраіля ў ліку трыццаці тысячаў.

І ўстаў, і пайшоў Давід а ўвесь люд, быты зь ім, з Ваалу Юдзінага, каб узьнесьці стуль скрыню Божую, каторая звалася імям, імям СПАДАРА войскаў, Каторы жыхара памеж херуваў над ёй.
 
І ўстаў Давід, і пайшоў з усім народам, які з ім, да Баал-Юды, каб адтуль прынесьці Каўчэг Божы, над якім клікалі імя ГОСПАДА Магуцьцяў, Які сядзіць на херувімах.

І пастанавілі на новыя цялежні, везьці скрыню Божую, і паднялі яе з дому Авінадававага, што на ўзгорку. Сыны ж Авінадававы, Уза а Агіо, вялі новыя цялежкі.
 
І паставілі яны Каўчэг Божы на новы воз, і вынесьлі яго з дому Абінадава, які на ўзгорку. А Уза і Ахія, сыны Абінадава, вялі новы воз.

І ўзялі іх з дому Авінадававага, каторы на ўзгорку, із скрыняю Божаю, і Агіо йшоў перад скрыняю.
 
І забралі [Каўчэг] Божы з дому Абінадава, які на ўзгорку, і Ахія ішоў перад Каўчэгам.

А Давід а ўвесь дом Ізраеляў гралі перад СПАДАРОМ на ўсялякіх музыцкіх снадзях ізь кіпрысавага дзерва, на гусьлях а на псалтырох а на тамбурынах а на трубах а на цымбалах.
 
А Давід і ўвесь дом Ізраіля гралі перад ГОСПАДАМ на інструмэнтах з дрэва кіпарысавага, на гусьлях, псалтырах, бубнах, пішчалках і цымбалах.

І прышлі да току Нахонавага, і выцягнуў Уза руку сваю да скрыні Божае, і ўзяўся за яе, бо валы скапыціліся.
 
І прыйшлі яны на ток Нахона, і Уза выцягнуў [руку] ў бок Каўчэгу Божага, і прытрымаў яго, бо валы тузануліся.

І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Узу, і забіў яго Бог там жа за паважаньне, і памер ён там ля скрыні Божае.
 
І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць Узы, і ўдарыў яго там Бог за правіну, і ён памёр там пры Каўчэгу Божым.

І прыкра было Давіду, што СПАДАР паразіў паразаю Узу. Месца гэтае й дагэтуль завецца: Перэз-Уза.
 
І засмуціўся Давід, што ГОСПАД пакараў Узу, і назваў тое месца Пэрэц-Уза аж да сёньняшняга дня.

І лякаўся Давід таго дня СПАДАРА, і сказаў: «Як увыйсьці да мяне скрыні СПАДАРОВАЙ?»
 
У той дзень Давід спалохаўся ГОСПАДА і сказаў: «Як да мяне прыйдзе Каўчэг ГОСПАДА?»

І ня зычыў Давід зьвярнуць скрыню СПАДАРОВУ да сябе, да места Давідавага, але павярнуў яе да дому Аведэдома Ґіфяніна.
 
І не хацеў Давід везьці Каўчэг ГОСПАДА да сябе ў горад Давіда, але накіраваў яго ў дом Абэд-Эдому з Гату.

І заставалася скрыня СПАДАРОВА ў доме Аведэдома Ґіфяніна тры месяцы, і дабраславіў СПАДАР Аведэдома а ўвесь дом ягоны.
 
І заставаўся Каўчэг ГОСПАДА ў доме Абэд-Эдому з Гату тры месяцы, і дабраславіў ГОСПАД Абэд-Эдома і ўвесь дом ягоны.

І наказалі каралю Давіду, кажучы: «СПАДАР дабраславіў дом Аведэдомаў і ўсе, што было ў яго, дзеля скрыні Божае». І пайшоў Давід, і з радасьцяй узьвёў скрыню Божую з дому Аведэдомавага да места Давідавага.
 
І паведамілі валадару Давіду, кажучы: «Дабраславіў ГОСПАД дом Абэд-Эдома і ўсё, што ў яго, дзеля Каўчэгу Божага». І пайшоў Давід, і перанёс Каўчэг Божы з дому Абэд-Эдома ў горад Давіда з радасьцю.

І было, як ступалі нясучыя скрыню СПАДАРОВУ шэсьць сігнёў, ён абракаў вала й кормнага барана.
 
І калі тыя, што несьлі [Каўчэг], праходзілі шэсьць крокаў, ён складаў у ахвяру вала або тлустае цяля.

Давід скакаў з усяе сілы перад СПАДАРОМ; паперазаўшыся быў Давід лянным наплечнікам.
 
І скакаў Давід з усёй сілы перад абліччам ГОСПАДА. І быў апрануты Давід у ільняны эфод.

І Давід а ўвесь дом Ізраеляў узьвялі скрыню СПАДАРОВУ з гуканьням а з трубеньням.
 
І Давід і ўвесь дом Ізраіля несьлі Каўчэг ГОСПАДА з ускліканьнямі і гукам трубаў.

Як уходзіла скрыня СПАДАРОВА да места Давідавага, Міхала Саўлішка глядзела далоў з акна і, абачыўшы караля Давіда падскакуючага а скачучага перад СПАДАРОМ, улегцы замела яго ў сэрцу сваім.
 
І калі Каўчэг ГОСПАДА прыйшоў у горад Давіда, Міхаль, дачка Саўла, глядзела праз вакно, і ўбачыла Давіда, які скакаў і танчыў перад абліччам ГОСПАДА, і пагрэбавала ім у сэрцы сваім.

І прынесьлі скрыню СПАДАРОВУ, і пастананілі яе на сваім месцу сярод вітальні, каторую пастанавіў дзеля яе Давід; і аброк Давід усепаленьне перад СПАДАРОМ і аброкі супакойныя.
 
І прынесьлі Каўчэг ГОСПАДА, і паставілі яго на месцы ягоным, на сярэдзіне намёту, які паставіў для яго Давід. І склаў Давід перад абліччам ГОСПАДА цэласпаленьні і ахвяры мірныя.

І скончыў Давід абракаць усепаленьні а аброкі супакойныя, і дабраславіў ён люд імям СПАДАРА войскаў.
 
А калі скончыў Давід складаць ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя, ён дабраславіў народ у імя ГОСПАДА Магуцьцяў.

І падзяліў усяму люду, усёй множасьці Ізраелцаў, ад мужчыны аж да жонкі, кажнаму па аднэй букатцы хлеба, па кавалку смажанага мяса і па аднэй перапечцы. І пайшоў увесь люд кажны да дому свайго.
 
І раздаў ён усяму мноству Ізраіля, кожнаму асобна, як мужчыну, так і жанчыне, па адным бохане хлеба, і па кавалку мяса, і па адной [жмені] разынак. І пайшоў увесь народ у дамы свае.

І зьвярнуўся Давід, дабраславіць дом свой, і вышла Міхала Саўлішка наўпярэймы Давіду, і сказала: «Як уславіўся кароль Ізраельскі сядні, агаляючыся сядні перад ачыма служэбак, слугаў сваіх, як чыста агаляецца які пустальга!»
 
І вярнуўся Давід, каб дабраславіць дом свой. І выйшла на спатканьне Давіда Міхаль, дачка Саўла, і сказала: «Як праславіўся сёньня валадар Ізраіля, агаліўшыся на вачах нявольніцаў слугаў сваіх, быццам агаляецца нейкі пусты чалавек!»

І сказаў Давід Міхале: «Перад СПАДАРОМ, Каторы валей мяне абраў, чымся айца твайго і чымся ўвесь дом ягоны, расказаўшы імне стаць правадыром люду СПАДАРОВАГА, Ізраеля, — і я граў перад Ім;
 
І сказаў Давід Міхалі: «Перад абліччам ГОСПАДА, Які выбраў мяне замест бацькі твайго і ўсяго дому ягонага, каб паставіць мяне правадыром народу ГОСПАДА, Ізраіля, перад абліччам ГОСПАДА буду танчыць,

І паніжуся болей за гэта, і буду ніжшы ў сваім собскім аччу; а перад служэбкамі, праз каторыя ты гукаеш, буду слаўны».
 
і ўпакоруся яшчэ болей, і стануся яшчэ больш паніжаны ў вачах маіх, але перад нявольніцамі, пра якіх ты кажаш, буду праслаўлены».

І ў Міхалы Саўлішкі ня было дзяцей аж да дня сьмерці яе.
 
І Міхаль, дачка Саўла, ня мела дзяцей да дня сьмерці сваёй.