2 царстваў 7 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Як, кароль жыў у доме сваім, і СПАДАР супакоіў яго навокал ад усіх варагоў ягоных;
І валадар абжыўся ў доме сваім, і ГОСПАД даў яму супачынак ад усіх ворагаў ягоных навокал.
Дык сказаў кароль прароку Нафану: «Абач, калі ласка, я жыву ў доме кядровым, а скрыня Божая перабывае за заслонаю».
І сказаў валадар прароку Натану: «Вось, я жыву ў доме кедровым, а Каўчэг Божы знаходзіцца ў намёце».
І сказаў Нафан каралю: «Усе, што ў цябе на сэрцу, ідзі рабі; бо СПАДАР із табою».
І сказаў Натан Давіду: «Усё, што ў сэрцы тваім, рабі, бо ГОСПАД з табою».
І сталася тае ночы, што было слова СПАДАРОВА да Нафана, кажучы:
І сталася, што ў тую ноч было слова ГОСПАДА да Натана, кажучы:
«Пайдзі й скажы слузе Майму Давіду: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Ці ты пастановіш Імне дом дзеля Майго перабываньня,
«Ідзі і скажы слузе Майму Давіду: “Гэта кажа ГОСПАД. Ці ты збудуеш Мне дом на пражываньне?
Калі Я ня жыў у доме адгэнуль, як узьвёў сыноў Ізраелявых ізь Ягіпту, і дагэтуль, але пераходзіў у будане а ў вітальні?
Бо ня жыў Я ў доме ад дня, у які вывеў сыноў Ізраіля з Эгіпту, аж да гэтага дня, але вандраваў Я ў намёце і ў сялібе.
Ідзе толькі Я хадзіў з усімі сынамі Ізраеля, ці казаў Я хоць слова каму-колечы з плямёнаў Ізраеля, катораму Я прызначыў пасьціць люд Свой, Ізраеля, кажучы: "Чаму не пастановіце Імне кядровага дому?"’"
Ці ў час вандроўкі, якую праходзіў Я з усімі сынамі Ізраіля, казаў Я слова хоць аднаму з каленаў Ізраіля, якому даручыў пасьвіць народ Мой Ізраіля, кажучы: "Чаму не пабудавалі вы Мне дому кедровага?"?”
І цяпер гэтак скажы слузе Майму Давіду: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ’Я ўзяў цябе ад стады, ад пасты авец, каб ты быў правадыром люду Майго, Ізраеля.
І цяпер гэта скажаш слузе Майму Давіду: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Я ўзяў цябе з месца супачынку авечак, каб быў ты правадыром народу Майго Ізраіля.
І быў із табою ўсюдых, куды толькі хадзіў ты, і выгубіў усіх варагоў тваіх перад відам тваім, і зрабіў імя твае вялікім, як імя вялікіх на зямлі.
І Я быў усюды з табою, дзе ты хадзіў, і Я выгубіў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў вялікім імя тваё як імя аднаго з вялікіх на зямлі.
Я прызначу месца люду СВАЙМУ, Ізраелю, і пасаджу іх, каб яны жылі на собскім месцу сваім і не парушаліся болей, і людзі нягодныя ня будуць болей немарасьціць іх, як уперад,
І Я вызначыў месца народу Майму Ізраілю, і Я ўмацую яго, і пасялю яго там, і ня будзе ён болей трывожаны, і Я ня дам яго ўціскаць людзям нягодным як [было] на пачатку.
як ёсьць адгэнуль, як Я прызначыў судзьдзяў над людам Сваім Ізраелям; і Я супакою цябе ад усіх варагоў тваіх. І СПАДАР кажа табе, што Ён пастанове табе дом.
Ад дня, калі Я паставіў судзьдзяў для народу Майго Ізраіля, Я даў табе супачынак ад усіх ворагаў тваіх. І паведаміў табе ГОСПАД, што ГОСПАД пабудуе табе дом.
Калі ж споўняцца дні твае, і ты ляжаш із бацькамі сваімі, то Я ўзьнясу просьле цябе насеньне твае, што выйдзе ізь сьцёгнаў тваіх, і ўтрывалю гаспадарства ягонае.
А калі споўняцца дні твае і ты супачынеш з бацькамі тваімі, Я ўзбуджу насеньне тваё пасьля цябе, якое выйдзе з нутра твайго, і ўмацую валадарства ягонае.
Ён памуруе дом імені Майму, і Я ўмацую пасад гаспадарства ягонага на векі.
Ён пабудуе дом для імя Майго, і Я ўмацую пасад валадарства ягонага на вякі.
Я буду яму айцом, а ён будзе Імне сынам; і калі ён ізгрэша, Я пакараю яго розкаю людзкою а вытнямі сыноў людзкіх;
Я буду яму бацькам, а ён будзе Мне сынам. Калі ён будзе блукаць, Я буду караць яго дубцом людзкім і плягамі сыноў чалавечых.
Але ласкі Свае не адыйму ад яго, як Я адняў ад Саўлы, каторага Я адхінуў перад відам тваім.
Але міласэрнасьці Маёй не спыню адносна яго, як спыніў адносна Саўла, якога Я адкінуў перад абліччам тваім.
І будзе ўтрывалены дом твой а гаспадарства твае на векі перад відам Маім, пасад твой будзе ўмацаваны на векі’"».
І будзе трывалым дом твой, і валадарства тваё будзе перад абліччам вечна, і пасад твой будзе трываць на вякі”».
Подле ўсіх гэтых слоў і подле ўсяе гэтае відзені, гукаў Нафан Давіду.
Гэтымі ўсімі словамі і паводле ўсяго відзежу гэтага прамовіў Натан да Давіда.
І прышоў кароль Давід, і сеў перад відам СПАДАРА, і сказаў: «Хто я, Спадару СПАДАРУ, і што такое дом мой, што Ты прывёў мяне аж сюды!
І пайшоў валадар Давід, і сеў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: «Хто я, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, і што ёсьць дом мой, што Ты прывёў мяне аж сюды?
І гэтага яшчэ мала здалося ў ваччу Тваім, Спадару СПАДАРУ; але Ты казаў яшчэ праз Дом слугі свайго надалей. А гэта права чалавека, Спадару СПАДАРУ!
Але і гэта здавалася Табе замала, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, і Ты сказаў таксама пра род слугі Твайго на будучыню. І такі будзе закон чалавечы, Госпадзе ГОСПАДЗЕ!
Што яшчэ можа сказаць Табе Давід? Ты знаеш слугу Свайго, Спадару СПАДАРУ!
Дык што яшчэ можа сказаць Табе Давід? Ты ведаеш слугу Твайго, Госпадзе ГОСПАДЗЕ.
Дзеля слова Свайго й подле сэрца Свайго Ты зрабіў усе вялікае гэта, каб паведаць слузе Свайму.
Дзеля слова Твайго і паводле сэрца Твайго ўчыніў Ты гэтыя вялікія рэчы і даў пазнаць [Цябе] слузе Твайму.
Затым узьвялічаны Ты, СПАДАРУ Божа, бо нямаш падобнага да Цябе і нямаш Бога, апрача Цябе, подле ўсёга, што чулі мы вушамі сваімі.
Магутны Ты, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, і нікога няма падобнага да Цябе, і няма Бога, апрача Цябе, паводле ўсяго таго, што чулі вушы нашыя.
І хто, як люд Твой Ізраель, адзіны народ на зямлі, да каторага пайшлі Багі адкупіць Сабе, і зрабіць Сабе імя, і ўчыніць вялікія й страшныя справы ў зямлі Тваёй, перад людам Сваім, каторы Ты Сабе выбавіў зь Ягіпту, ад народаў і іхных багоў?
Ці ёсьць хто яшчэ, як народ Твой, Ізраіль? Ці ёсьць на зямлі народ, дзеля якога Бог прыйшоў, каб адкупіць яго Сабе за народ і праславіць імя Сваё, і ўчыніць для яго вялікія і страшныя рэчы ў зямлі Тваёй, выганяючы перад народам Тваім, які Ты вызваліў з Эгіпту, народы і багоў іхніх?
Ты ўмацаваў Сабе люд Ізраеля за люд Сабе навекі, і Ты, СПАДАРУ, стаў яго Богам.
Ты паставіў народ Твой, Ізраіля, як выбраны народ Твой на вякі, і Ты, ГОСПАДЗЕ, стаўся яму Богам.
Дык цяпер, СПАДАРУ Божа, слова Свае, каторае Ты вымавіў да слугі Свайго й да дому ягонага, зацьвярдзі навекі і зрабі, як Ты казаў.
І цяпер, ГОСПАДЗЕ Божа, умацуй на вякі слова Тваё, якое сказаў Ты адносна слугі Твайго і дому ягонага, і выканай тое, што прамовіў.
І хай узьвялічыцца імя Твае навекі, каб казалі: "СПАДАР войскаў — Бог над Ізраелям". І дом слугі Твайго Давіда хай будзе ўмацаваны перад відам Тваім.
І будуць славіць на вякі імя Тваё, кажучы: “ГОСПАД Магуцьцяў — Бог Ізраіля”. А дом слугі Твайго Давіда будзе моцна стаяць перад абліччам Тваім.
Як Ты, СПАДАРУ войскаў, Божа Ізраеляў, адкрыў вуху слугі Свайго, кажучы: "Я памурую дом табе", то знайшоў слуга Твой сэрца свае ў гэткай малітве.
Бо Ты, ГОСПАДЗЕ Магуцьцяў, Божа Ізраіля, абвясьціў у вушы слузе Твайму, кажучы: “Я пабудую табе дом”, таму я асьмеліўся ў сэрцы сваім прасіць Цябе ў гэтай малітве.
Дык, Спадару СПАДАРУ! Ты тый Бог, і словы Твае застануцца праўдзівымі, і Ты казаў слузе Свайму гэткае дабро!
І цяпер, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог, і словы Твае праўдзівыя, і Ты абяцаў слузе Твайму гэтае дабро.
А цяпер зыч а дабраслаў дом слугі Свайго, каб ён быў вечна перад відам Тваім; бо Ты, Спадару СПАДАРУ, сказаў гэта, і дабраславенствам Тваім дабраславёны будзе дом слугі Твайго навекі».
Будзь жа ласкавы і дабраславі дом слугі Твайго, каб быў ён вечна перад абліччам Тваім, бо Ты, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, прамовіў [гэта], і няхай дабраславенствам Тваім будзе вечна дабраслаўлёны дом слугі Твайго».