Эздры 3 разьдзел

Першая кніга Эздры
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Як настаў сёмы месяц, і былі сынове Ізраелявы ў местах, тады зьберся люд, як адзін чалавек, у Ерузаліме.
 
Калі настаў сёмы месяц, і сыны Ізраілевыя ўжо былі ў гарадах, тады сабраўся народ, як адзін чалавек у Ерусаліме.

І ўстаў Ешуа Ёсадачонак а браты ягоныя, сьвятарове, а Зэрувавэль Шэалфеленак а браты ягоныя; і збудавалі аброчнік Бога Ізраелявага, каб абракаць на ім усепаленьні, як напісана ў Законе Масеявым, чалавека Божага.
 
І ўстаў Ісус, сын Ёсэдэкаў, і браты ягоныя, сьвятары і Зарававэль, сын Салатыілаў, і браты ягоныя і спарудзілі яны ахвярнік Богу Ізраілеваму, каб прыносіць на ім цэласпаленьні, як напісана ў законе Майсея, чалавека Божага.

І пастанавілі аброчнік на подзе яго, бо былі ў страху ад люду гэных краёў, і абракалі на ім усепаленьні СПАДАРУ, усепаленьні ранічныя й вячэрныя.
 
І паставілі ахвярнік на падмурку ягоным, бо яны былі ў страху ад іншаземных народаў; і пачалі прыносіць на ім цэласпаленьні Госпаду, цэласпаленьні ранішнія і вечаровыя.

Сьвяткавалі таксама сьвята буданоў, як напісана, і абракалі што дня ўсепаленьні лікам, подле пастанову, як павіннасьць кажнага дня вымагала.
 
І ўчынілі сьвята кучак, як напісана, са штодзённым цэласпаленьнем у пэўным ліку, паводле статуту кожнага дня.

І пасьлей абракалі штачаснае ўсепаленьне на маладзіку й на ўсі ўрочыстыя сьвяты СПАДАРОВЫ, і кажнага ахвотна абракаючага самахотны аброк СПАДАРУ.
 
І пасьля таго ўчынялі цэласпаленьне пастаяннае, і на новы месяц і ва ўсе сьвяты, прысьвечаныя Госпаду, і дабравольнае прынашэньне Госпаду ад кожнага рупліўца.

Зь першага дня сёмага месяца пачалі абракаць усепаленьні СПАДАРУ. Але палац СПАДАРОЎ ня быў яшчэ закладзены.
 
Зь першага ж дня сёмага месяца пачалі прыносіць цэласпаленьні Госпаду. А храму Гасподняму яшчэ ня быў пакладзены падмурак.

Яны далі таксама срэбра муляром а цесьлям, і еміну, і напітак, і аліву Сыдонянам а Тыранам, каб прывезьлі кедравыя дзервы зь Лібану да Яфскага мора, з дазволу Кіра, караля Пэрскага.
 
І пачалі выдаваць срэбра каменячосам і цесьлярам, і ежу і пітво і алей Сіданянам і Тыранам, каб яны дастаўлялі кедровую драўніну зь Лівана па моры ў Яфу, з дазволу Кіра, цара Персідскага.

Другога году прыходу іх да дому Божага ў Ерузаліме, другога месяца, пачалі Зэрувавэль Шэалфеленак а Ешуа Ёсадачонак і засталыя з братоў іхных, сьвятарове а Левітаве і ўсі, што вышлі з палону да Ерузаліму, і прызначылі Левітаў ад дваццацёх год і вышэй кіраваць работу дому СПАДАРОВАГА.
 
На другі год пасьля прыходу свайго да дома Божага ў Ерусалім, на другім месяцы Зарававэль, сын Салатыілаў, і Ісус, сын Ёсэдэкаў, і астатнія браты іхнія, сьвятары і лявіты, і ўсе прыйшлыя з палону ў Ерусалім паклалі пачатак і паставілі лявітаў ад дваццаці гадоў і вышэй дзеля нагляду за працаю пры доме Гасподнім.

І сталі Ешуа, сынове ягоныя а браты ягоныя, Кадмель а сынове ягоныя, сынове Юдзіны, як адзін, да кіраваньня работнікаў у доме Божым, сынове Гэнададовы, сынове іхныя а браты іхныя, Левітаве.
 
І ўсталі Ісус, сыны ягоныя і браты ягоныя, Кадмііл і сыны ягоныя, сыны Юды, як адзін чалавек дзеля нагляду за майстрамі працы ў доме Божым, а таксама сыны Хэнадада, сыны, сыны іхнія і браты іхнія лявіты.

І як заклалі будаўнічыя под палацу СПАДАРОВАГА, тады пастанавілі сьвятароў у ўборах іхных із трубамі, а Левітаў, сыноў Асафовых, з цымбаламі, выхваляць СПАДАРА, подле пастанову Давіда, караля Ізраелявага.
 
Калі будаўнікі паклалі аснову храму Гасподняму, тады паставілі сьвятароў у вопратцы іхняй з трубамі і лявітаў, сыноў Асафавых, з кімваламі, каб славіць Госпада па статуце Давіда, цара Ізраілевага.

І пачалі яны, адмяняючыся, пяяць, выхваляючы а дзякуючы СПАДАРУ, бо добры, бо на векі міласэрдзе Ягонае да Ізраелю. І ўвесь люд гукаў вялікім голасам, як яны выхвалялі СПАДРА за пакладзены под дому СПАДАРОВАГА.
 
І пачалі яны папераменна сьпяваць «хвалеце» і «слаўце Госпада», «бо — добры, бо вечная міласьць яго да Ізраіля». І ўвесь народ усклікаў громападобна, славячы Госпада за тое, што пакладзена аснова дома Гасподняга.

І шмат хто ізь сьвятароў Левітаў а галоваў айцоў, старых, што бачылі першы дом, як под гэтага дому быў пакладзены перад іхнымі ачыма, плакалі голасам вялікім; і шмат хто гукаў голасна з радасьці.
 
Зрэшты многія сьвятары і лявіты і ўзначальнікі пакаленьняў, старцы, якія бачылі ранейшы храм, пры закладцы гэтага храма на вачах у іх, плакалі гучна, а многія і ўсклікалі ад радасьці громападобна.

І ня мог люд адрозьніць гуканьня з радасьці ад гуку галашэньня люду, бо люд гукаў голасна, і гук быў чуваць далёка.
 
І ня мог народ адрозьніць ускліканьні радасьці ад енку плачу народнага, бо народ усклікаў гучна, і голас чуцен быў далёка.