Асіі 8 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Трубу да вуснаў сваіх! Бы арол ляціць на дом СПАДАРОЎ, бо яны выступілі із змовы Мае і ізрадзілі права Маё.
 
Трубу да вуснаў тваіх! Як арол наляціць на дом Гасподні за тое, што яны парушылі запавет Мой і пераступілі закон Мой!

Да Мяне гукаюць яны: «Божа мой! мы зваем, Цябе, мы — Ізраель».
 
Мяне будуць заклікаць: «Божа мой! мы спазналі Цябе, мы — Ізраіль».

Адкінуў Ізраель дабро; непрыяцель будзе перасьледаваць яго.
 
Адкінуў Ізраіль добрае; вораг будзе перасьледаваць яго.

Яны станавілі каралёў, але не ад Мяне; прызначалі князёў, але без Мае ведзі; із срэбра свайго а золата свайго рабілі сабе балваны — на адцяцьце.
 
Пастаўлялі цароў самыя, безь Мяне; ставілі князёў, але без Майго ведаму; з срэбра свайго і золата свайго рабілі сабе ідалаў: адтуль — пагібель.

Цялё тваё, Самара, пакінула цябе! загарэўся гнеў Мой на іх; пакуль ня будуць магчы яны асягчы нявіннасьць?
 
Пакінула цябе цяля тваё, Самарыя! запалаў гнеў Мой на іх; дакуль ня могуць яны ачысьціцца?

Бо гэта таксама ад Ізраеля: работнік зрабіў яго, затым ён ня Бог; бо патрышчанымі кавалкамі будзе цялё самарскае.
 
Бо і яно — справа Ізраіля. Мастак зрабіў яго, і таму яно — ня бог; у кавалкі ператворыцца цяля Самарыйскае!

Як пасеялі яны вецер, дык пажнуць буру; збожжа на пню ня будзе ў яго; краса ня дасьць мукі; калі дасьць, чужаземцы глынуць яе.
 
Як што яны сеялі вецер, дык і пажнуць буру: хлеба на корані ня будзе ў яго, зерне ня дасьць мукі, а калі і дасьць, дык чужыя праглынуць яе.

Глытаюць Ізраеля; цяпер ён меж народаў, як непатрэбная судзіна.
 
Праглынуты Ізраіль; цяпер яны будуць сярод народаў як няпрыдатны посуд.

Бо яны зышлі да Асура, як дзікі асёл адзінотны; Яхрэм наймаў каханкаў.
 
Яны пайшлі да Асура; як дзікі асёл, адзінокі бадзяга, Яфрэм здабываў добрую прыхільнасьць да сябе.

Хоць яны наймалі ў народаў, цяпер Я зьбяру іх, каб крыху палягчыць ім ад цяжару караля князёў.
 
Хоць яны і пасылалі дарункі народам, але неўзабаве Я зьбяру іх, і яны пачнуць пакутаваць ад цяжару цара князёў;

Яхрэм зрабіў сабе шмат аброчнікаў, каб грашыць, — на грэх будуць яму аброчнікі!
 
бо шмат ахвярнікаў набудаваў Яфрэм дзеля грэху, — у грэх паслужыліся яму гэтыя ахвярнікі.

Напісаў Я ім найважнейшыя рэчы ў праве Сваім, яны мелі гэта за чужое.
 
Напісаў Я яму важныя законы Мае, але яны палічаны ім як бы чужыя.

Яны абракаюць аброкі, абракаюць мяса й ядуць яго; СПАДАР ня прыймае іх; цяпер Ён успомне бяспраўе іхнае і даведаецца да грахоў іхных: яны зьвернуцца да Ягіпту.
 
У ахвярапрынашэньнях Мне яны прыносяць мяса і ядуць яго; Госпаду не да спадобы яны; сёньня Ён згадае бязбожнасьць іхнюю і пакарае іх за грахі іхнія: яны вернуцца ў Егіпет.

І забыўся Ізраель Учыніцеля свайго, і пастанавіў палацы; і Юда памножыў абаронныя месты; але Я пашлю цяпло на месты ягоныя, і яно пажарэць замкі ягоныя.
 
Забыў Ізраіль Садзецеля свайго і зладзіў капішчы, і Юда набудаваў шмат умацаваных гарадоў; але Я пашлю агонь на гарады яго, — і зжарэ харомы ягоныя.