Асіі 14 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Самара будзе спустошана, бо яна паўстала супроці Бога: ад мяча паваляцца яны, дзецяняты іхныя будуць разьбіты, і цяжарныя іхныя будуць распораны.
 
Спустошана будзе Самарыя, бо паўстала супраць Бога свайго: ад меча ўпадуць яны, дзеці іхнія будуць разьбіты, і цяжарныя іхнія будуць расьсечаныя.

Навярніся, Ізраелю, да СПАДАРА, Бога свайго, бо ты спатыкнуўся з прычыны бяспраўя свайго.
 
Зьвярніся, Ізраіле, да Бога твайго: бо ты ўпаў ад бязбожнасьці тваёй.

Вазьміце із сабою словы й навярніцеся да СПАДАРА; кажыце Яму: «Даруй кажнае бяспраўе й прыймі ласкава, дык мы заплацім цялём вуснаў нашых.
 
Вазьмеце з сабою малітоўныя словы і зьвярнецеся да Госпада; кажэце яму: «адбяры ўсякае беззаконьне і прымі на дабро, і мы прынясём ахвяру вуснаў нашых.

Асур ня выбаве нас; мы ня будзем езьдзіць конна на конях і наперад ня скажам рабоце рук нашых: "Багове нашы", бо ў Цябе сірата знаходзе спагаду».
 
Асур ня будзе ўжо ратаваць нас; ня будзем садзіцца на каня і ня будзем болей гаварыць вырабу рук нашых: багі нашыя; бо ў Цябе мілажальнасьць да сіротаў».

Вылячу адвярненьне іхнае, ахвотна буду любіць іх, бо гнеў Мой адвярнуўся ад іх.
 
Улекую адпадзеньне іхняе, палюблю іх паводле ўпадабаньня; бо гнеў Мой адвярнуўся ад іх.

Я буду расою Ізраелю; ён заквіціць, як ліля, і пусьце карэньне сваё, як Лібан.
 
Я буду расою Ізраілю; ён расьцьвіце, як лілея, і пусьціць карэньне, як Ліван.

Разрастуцца галузы ягоныя, і харашыня ягоная будзе, як аліўнага дзерва, і пах, як лібанскі.
 
Расшырыцца гольле яго, — і будзе прыгажосьць ягоная, як масьліны, і пахошчы ад яго, як ад Лівана.

Зьвернуцца тыя, што жылі пад сьценям ягоным, ажывуць, як збожжа, і вырастуць, як віно, памятка ягоная будзе, як віна лібанскага.
 
Вернуцца тыя, якія сядзелі пад ценем ягоным, будуць багатыя хлебам — і расьцьвітуць, як вінаградная лаза, славутыя будуць, як віно Ліванскае.

Яхрэм скажа: «Што я маю рабіць із балванамі?» Я адказаў і назіраў яго; Я як зялёны кіпрыс; зь Мяне знойдзены плады твае.
 
«Што мне яшчэ да ідалаў?» скажа Яфрэм. — Я пачую яго і прыгледжу яго; Я буду як зялёны кіпарыс: ад Мяне будуць табе плады.

Хто мудры і зразумее гэта? разумны і даведаецца? бо дарогі СПАДАРОВЫ правільныя, і справядлівыя будуць хадзіць па іх, але выступнікі паваляцца на іх.
 
Хто мудры, каб разумець гэта? хто разумны, каб спазнаць гэта? бо правільныя шляхі Гасподнія, і праведнікі ходзяць па іх, а беззаконныя загінуць на іх.