Псалтыр 25 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Давідава. Да Цябе, СПАДАРУ ўзьнімаю душу сваю.
Божа мой! на Цябе я спадзяюся, няхай ня буду засаромлены, няхай непрыяцелі мае не захапляюцца з радасьці зь мяне.
І ўсі, што спадзяюцца на Цябе, ня будуць засаромлены; будуць засаромленыя тыя, што бяз прычыны ізрадныя.
Дарогі Свае, СПАДАРУ, азнаймі імне; сьцежкаў Сваіх наўчы мяне.
Вядзі мяне ў праўдзе Сваёй і наўчы мяне; бо Ты Бог спасеньня майго, на Цябе я спадзяюся ўвесь дзень.
Памятуй міласэрдзе Свае, СПАДАРУ, і ласку Сваю, бо спрадвеку яны.
Грахоў маладосьці мае і выступаў маіх не ўспамінай; подле міласэрдзя Свайго ўспомні мяне Ты, дзеля дабрыні Свае, СПАДАРУ!
Добры а верны СПАДАР; і затым наўчае грэшнікаў у дарозе;
Водзе лагодных у судзе і наўчае лагодных дарогі Свае.
Усі дарогі СПАДАРОВЫ — ласка а праўда тым, што дзяржаць змову Ягоную а сьветчаньні Ягоныя.
Дзеля імені Свайго, СПАДАРУ, даруй бяспраўе мае, бо яно вялікае.
Хто тый муж, што баіцца СПАДАРА? Ён наўчае ў дарозе, што яму абраць.
Душа ягоная ў дабру будзе перабываць, і насеньню ягонаму спадзець зямля.
Тайна СПАДАРОВА тым, што баяцца Яго, і змову Сваю Ён азнаймляе ім.
Вочы мае штачасна да СПАДАРА, бо Ён выблытае ізь сеці ногі мае.
Абярніся да мяне й зьмілуйся над імною, бо я адзінокі а гаротны.
Гарота сэрца майго пашырылася, — з уціскаў маіх вывядзі мяне.
Зваж на гора мае а стому маю і даруй усі грахі мае.
Глянь на непрыяцеляў маіх, бо іх шмат, і глабальнаю ненавіднасьцю ненавідзяць яны мяне.
Усьцеражы душу маю, і вывальні мяне; няхай ня буду паганьбены, бо я здаюся на Цябе.
Беззаганнасьць а пасьцівасьць хай крыюць мяне, бо я на Цябе спадзяюся.
Выкупі, Божа, Ізраеля з усіх бедаў ягоных.