Мацьвея 25 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Тады падобнае будзе валадарства нябеснае дзесяцём дзевам, якія, ўзяўшы свае сьветачы, выйшлі насустрэч маладому й маладой.
 
З Каралеўствам Нябесным будзе падобна, як з дзесяцьцю дзяўчатамі, каторыя лямпы выйшлі сустрэць маладога. (І маладую)

Адыж п’яць з іх было мудрых, а п’яць нерастаропных.
 
Пяць з іх было неразумных, а пяць мудрых.

Тыя нерастаропныя, ўзяўшы сьветачы, не ўзялі з сабою алівы,
 
Але пяць неразумных, узяўшы лямпы, не ўзялі з сабою алівы.

а мудрыя ўзялі алівы ў пасудзіны свае з сьветачамі.
 
Мудрыя ж узялі алівы ў свае пасудзіны разам з лямпамі.

Калі-ж малады замарудзіў, прыдрамалі ўсе й паснулі.
 
Калі малады марудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.

Ажно ўпоўнач узняўся крык: Вось ідзе сужэнец, выходзьце на сустрэчу яму!
 
Але а паўначы раздаўся кліч: малады надходзіць, выходзьце яму на спатканьне.

Тады схапіліся ўсе тыя дзевы й абгледзелі свае сьветачы.
 
Тады падняліся ўсе дзяўчаты і мудрыя заагледзілі свае лямпы.

Адыж нерастаропныя кажуць мудрым: дайце нам вашай алівы, бо сьветачы нашы гаснуць.
 
Неразумныя сказалі мудрым: "Дайце нам вашай алівы, бо нашыя лямпы тухнуць".

Адказалі мудрыя, кажучы: А як нам і вам нястане? Ідзеце лепш да прадаўцоў ды купеце сабе.
 
Мудрыя адказалі ім: "Каб часам не хапіла нам і вам, лепш ідзіце да прадаўцоў ды купіце сабе."

Калі-ж яны йшлі купляць, прыйшоў малады, і каторыя былі гатовыя, ўвайшлі з ім на вясельле ды зачынена дзверы.
 
Калі яны пайшлі купляць, прыбыў малады, дык тыя, што былі прыгатаваны, увайшлі з ім на вясельле. І дзьверы зачынілі.

Пасьля прыйходзяць і другія дзевы, кажучы: Усеспадару, Усеспадару, адчыні нам!
 
Наканец прыйшлі і астаўшыяся дзяўчаты, просячыся: "Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам!"

Ён-жа адзываючыся, сказаў: Сапраўды кажу вам, ня знаю вас.
 
Але Ён у адказ сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што Я не знаю вас.

Дык не драмеце, ня ведаеце бо ні дня, ні гадзіны.
 
Дык пільнуйцеся, бо ня ведаеце дня ані хвіліны."

Таксама як адзін чалавек, ад’яжджаючы, паклікаў слуг сваіх ды перадаў ім сваё дабро.
 
Адзін чалавек выяжджаючы далёка сазваў сваіх слугаў і паручыў ім сваю маёмасьць:

І даў аднаму пяць талентаў, другому два, а трэцяму адзін, кожнаму паводле яго сілы, і зараз ад’ехаў,
 
аднаму паручыў пяць талентаў, а другому два, а іншаму адзін: каожнаму на ягонай здольнасьці. І адразу выехаў.

Той-жа, што дастаў пяць талентаў, пайшоў, пусьціў іх у ход і прыдбаў яшчэ пяць.
 
Той, катораму паручана пяць талентаў, пайшоў, і зарабіў імі другія пяць.

Таксама й той, што дастаў два, здабыў другія два.
 
Падобна і той, катораму паручана два, зрабіў другія два.

А той, што ўзяў адзін, пайшоўшы, закапаў у землю й схаваў грошы гаспадара свайго.
 
А той, паручаны адзін, пайшоў закапаў яго ў зямлі ды скрыў грошы свайго гаспадара.

Пасьля-ж доўгага часу вярнуўся гаспадар гэных слуг ды зрабіў з імі разрахунак.
 
Затым па доўгім часе вярнуўся гаспадар слугаў тых і пачаў разлічацца з імі.

І, прыступіўшы, той, што дастаў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: Спадару, даў ты мне пяць талентаў, вось я здабыў другія пяць.
 
Прыйшоўшы той, катораму паручана пяць талентаў, прынёс пяць другіх талентаў і сказаў: Гаспадару, даў мне пяць талентаў а вось здабыў (зарабіў) другіх пяць талентаў.

Сказаў яму гаспадар ягоны: Добра, слуга добры і верны, таму што быў ты верны над малым, над многім цябе пастаўлю, ўвайдзі ў радасьць гаспадара твайго.
 
Кажа яму гаспадар ягоны: Добра, слуга справядлівы і верны, што ў малым быў верны, дам табе ўладу над многімі: увайдзі на вясельле гаспадара твайго.

Прыступіў жа й той, што атрымаў два таленты й сказаў: Спадару, даў ты мне два таленты, вось я прыдбаў другія два.
 
Прыйшоў таксама той, катораму паручаны былі два таленты, і сказаў: Гаспадару, паручыў мне два таленты, а я зарабіў другія два.

Сказаў яму гаспадар ягоны: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе, ўвайдзі ў радасьць гаспадара твайго.
 
Сказаў яму гаспадар ягоны: Добра, слуга справядлівы, і верны, што ты быў у малым верны, дам табе ўладу над многімі: увайдзі ў вясельле гаспадара Твайго.

А прыступіўшы й той, што дастаў адзін талент, сказаў: Усеспадару, я ведаю, ты чалавек цьвёрды: жнеш, дзе ня сееў і збіраеш, дзе не рассыпаў.
 
Прыйшоўшы і той, катораму паручаны адзін талент, сказаў: Гаспадару, ведаю, што чалавек суровы (цьвёрды), жнеш, дзе не пасеіў, і сабіраеш, дзе не разсыпаў.

І, пабаяўшыся, пайшоў я ды схаваў твой талент у землю: во маеш табе тваё.
 
Дык баючыся, пайшоў і закапаў твой талент ў зямлю: во бяры, што тваё.

Гаспадар-жа адазваўшыся, кажа яму: Слуга дрэнны і нядбалы! Ведаў ты, што я жну, дзе, ня сееў, і збіраю, дзе не рассыпаў.
 
У адказ гаспадар яго сказаў: Слуга благі і гультай. Ты ведаў, што жну, дзе ня сеіў, і сабіраю, дзе не разсыпаў.

Трэба-ж было табе аддаць мае грошы банкіром і я, вярнуўшыся, ўзяў-бы сваё з прыбыткам.
 
Дык належылася б табе мае грошы ўручыць банкірам, а я па павароце атрымаў бы што маё з прыбыткам.

Дык вазмеце ад яго талент і дайце маючаму дзесяць талентаў.
 
Таму вазьміце ад яго гэты талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў.

Кожнаму бо, хто мае, будзе дадзена і меціме дастатак, а ў таго, хто ня мае, будзе аднята й тое, што здаецца мець.
 
Бо кожнаму, хто мае будзе дабаўлена і ён будзе мець удоваль; а таму, хто ня мае, адбяруць і тое, што кажацца мае.

А няздатнага слугу выкіньце ў процьму вонкавую, там будзе плач і скрыгот зубоў.
 
А слугу некарыснага ўкіньце ў зьнешнюю цемру: там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.

Калі-ж прыйдзе Сын чалавечы ў славе сваёй і ўсе анелы з ім, тады сядзе на пасадзе свае славы,
 
А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе анёлы разам з Ім, тады сядзе на троне велічы Сваёй.

і збяруцца перад ім усе народы, й адлучыць іх адных ад другіх, як аўчар аддзяляе авец ад казлоў,
 
Тады сабяруцца перад Ім ўсе народы, а Ён аддзеліць адны ад другіх, як пастыр аддзяляе авец ад казлоў.

ды паставіць авец праваруч, а казлоў — леваруч сябе.
 
Ён паставіць авец па правай старане, а казлоў па левай.

Тады скажа Валадар тым, што праваруч ад яго будуць: Прыйдзеце, багаслаўлёны Айца майго, атрымайце валадарства, прыгатаванае вам ад заснавання сьвету.
 
Тады скажа кароль тым, што па правай старане яго: хадзіце багаслаўлены (шчасьліўцы) Айца Майго і атрымаеце Каралеўства прыгатавана вам ад аснаваньня сьвету.

Я бо галодны быў і вы далі мне есьці; засмагшы быў і вы далі мне напіцца; быў госьцем і вы прынялі мяне;
 
Бо быў Я галодны і вы накармілі Мяне; быў засьмягшы і вы далі Мне піць; быў госьцем і вы прынялі Мяне;

быў нагім і вы прыадзелі мяне; хворым і вы адведалі мяне; быў у вастрозе і вы прыйшлі да мяне.
 
быў нагім і вы прыадзелі Мяне; быў хворым і вы адведалі Мяне: быў вязьнем і вы прыйшлі да Мяне.

Тады адкажуць яму справядлівыя ў адказ: Усеспадару, калі-ж мы бачылі цябе галодным ды накармілі, засмагшым ды напаілі?
 
Тады справядлівыя скажуць: Госпадзе, калі ж мы Цябе бачылі галодным і накармілі Цябе? Калі ж мы Цябе бачылі засьмягшым і далі Табе піць?

Калі мы бачылі цябе падарожным і прыгасьцілі, або нагім ды прыадзелі цябе?
 
Або калі мы бачылі госьцём і прынялі Цябе, або нагім, і прыадзелі Цябе.

Або калі мы бачылі цебе хворым, ці ў вязніцы ды адведалі цябе?
 
Або калі Цябе бачылі хворым або вязьням і адведалі Цябе?

І адказваючы прамовіць да іх Валадар: Сапраўды кажу вам, колькі вы зрабілі аднаму з гэтых братоў маіх найменшых, мне зрабілі.
 
А Кароль адкажа ім: Сапраўды кажу вам, што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў маіх найменшых — Мне зрабілі.

Тады скажа і тым, што леваруч будуць: Ідзеце ад мяне праклятыя, ў вагонь вечны прыгатаваны нячысьціку й анелам ягоным.
 
Ды скажа тым, што на лева ад Яго будуць: "Ідзіце ад Мяне праклятыя ў агонь вечны прыгатаваны д'яблу і анёлам ягоным.

Бо я быў галодны й вы не далі мне есьці; меў смагу й не далі мне піць;
 
Бо быў Я галодны і вы не далі Мне есьць, быў Я засьмягшы і вы не далі Мне піць;

быў падарожным і не далі мне прытулішча; нагім і не прыадзелі мяне; быў занядужаўшы і быў у вастрозе. а вы не адведалі мяне.
 
быў Я гасьцём і вы не прынялі Мяне; быў нагім і вы не прыадзелі Мяне, быў хворым і вязьнем і вы не наведалі Мяне.

Тады і яны ў атозвіны скажуць: Усеспадару, калі мы бачылі цябе галодным, або засмагшым ці госьцем, ці нагім, ці занядужаўшым, або ў дарозе, ці ў вастрозе ды ня ўслужылі табе?
 
Тады скажуць яны Яму: Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, або засмагшым, або гасьцём, або нагім, або хворым або вязьням і не прыслужылі Табе?

Тады скажа ім у адказ: Сапраўды гавару вам, колькі разоў вы не ўспамаглі аднаго з гэтых найменшых, дык не ўспамаглі й мяне.
 
Тады скажа ім: Сапраўды кажу вам, чаго вы не зрабілі аднаму з тых найменшых, дык і Мне не зрабілі.

І пойдуць гэтыя на муку вечную, а справядлівыя ў жыцьцё вечнае.
 
І пойдуць тыя на вечную муку, а справядлівыя ў жыцьцё вечнае.