Мацьвея 11 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І сталася, як скончыў Езус загады дванаццацём сваім вучням, перайшоў адтуль навучаць і прапаведваць па іхніх местах.
Калі Езус закончыў даваць дванаццаці вучням Сваім напамінаньні, пайшоў адсюль далей у іхнія гарады навучаць і вясьціць Эвангелію.
Ян-жа, калі дачуўся ў вязніцы аб дзейнасці Хрыстовай, паслаўшы двух вучняў сваіх,
Ян, будучы ў вязьніцы, пачуў аб дзейнасьці Хрыстовай, паслаў двух вучняў сваіх,
сказаў яму: Ці ты той, што прыйсьці маецца, ці чакаць нам другога?
запытацца Езуса: "Ты Той, Што мае прыйсьці, ці другога чакаць?"
І адказваючы Езус ім гавора: Ідзеце й спавясьцеце Яна, што вы чулі й бачылі:
У адказ сказаў ім Езус: "Ідзіце і паведаміце Яну, што вы чулі і бачылі.
Сляпыя відзяць, кульгавыя ходзяць, запаветраныя робяцца чыстымі, глухія чуюць, умерлыя згробуўстаюць, убогім абвяшчаецца эванэлія.
Сьляпыя відзяць, храмыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія — чуюць, памёршыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца (весьціцца) Эвангелія,
І багаслаўлёны, хто ня будзе горшыцца з мяне.
а багаслаўлены, хто з Мяне ня згоршыцца."
Калі-ж яны адыйшлі, пачаў Езус гаварыць грамадзе пра Яна: Што выйшлі вы ў пустыні ўгледзець? Трасьціну, што хістаецца ад ветру?
А калі пасланцы адыйшліся, Езус пачаў гаварыць да людзей пра Яна: "Што вы выйшлі пабачыць у пустыню? Трасьнаг хістаючыся ад ветру?
Што-ж выйшлі вы ўбачыць? Чалавека адзетага ў мяккае адзеньне? Вось тыя, што адзяюцца ў далікатную адзежу прабываюць у магнацкіх палатах.
Ды што вы выйшлі пабачыць? Можа чалавека ў мягкія шаты (вопратку) адзетага? Вось жа тыя, што ў мягкае адзеньне апранаюцца жывуць у каралеўскіх дамах.
Дык што-ж выйшлі вы аглядаць? Прарока? Ады-ж, кажу вам, і болей, чым прарока.
Ды ж каго вы выйшлі паглядзець? Прарока? Затым вам кажу: больш чым, Прарока.
Гэта бо той, аб якім напісана: «Вось я пасылаю анела перад воблікам тваім, які падрыхтуе шлях твой прад табою» (Малях. 3:1).
Бо ён тым, пра каго напісана: "Вось жа Я пасылаю Анёла Майго перад Сваім воблікам. Ён прыгатуе Табе дарогу (Мц. 3:11).
Сапраўды кажу вам: спаміж роджаных жанчынамі не паўстаў большы за Яна Хрысьціцеля: адыж найменшы ў валадарстве нябесным, вялікшы за яго.
Сапраўды кажу вам, сярод народжаных жанчынамі не яўвіўся большы (важнейшы), чым Ян Хрысьціцель. А найменшы ў Каралеўстве Нябесным большы чым ён.
Ад дзёнжа Яна Хрысьціцеля аж дагэтуль валадарства нябеснае гвалт церпіць і раптоўнікі захопліваюць яго.
А ад днёў Яна Хрысьціцеля аж дасюль Каралеўства Нябеснае сілай здабываецца ды толькі сілачы здабываюць яго.
Усе бо прарокі і закон прарочылі аж да Яна;
Усе бо Прарокі і Закон аж да Яна
і калі хочаце ведаць, гэта ён Гальяш, які прыйсьці маецца.
і калі хочаце прызнаць — ён тым Галіяшам, каторы мае прыйсьці.
Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.
Хто мае вушы слухаць, хай слухае.
Да каго-ж я прыраўную род гэты? Ён падобны да хлапчанят, што седзячы на рынку, крычаць да сваіх равесьнікаў,
Да каго маю прымяркаваць гэты род (племя)? Ён падобны да хлапчукоў, седзячых на рынку, гамонячых сваім равесьнікам:
кажучы: «Мы йгралі вам, а вы не скакалі; мы галасілі, а вы ня плакалі».
"Мы вам сьпявалі, а вы ня танчылі, мы галасілі, а вы ня плакалі".
Прыйшоў бо Ян, ня есьць і ня п’е, а яны кажуць: «Нячысьціка мае».
Бо явіўся Ян, які ня еў і ня піў, а тыя кажуць: "Дэмана ён мае."
Прыйшоў Сын чалавечы, які есьць і п’е, і кажуць: «Во чалавек абжора ды вінажлоп, сябра грашаемцаў і грэшнікаў». І спраўдзілася мудрасьць на сваіх дзецях.
Затым прыйшоў Сын Чалавечы, Які есьці і п'е, а яны кажаць: "Во абжора і п'яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў." Ды ўсё ж такі апраўданы сваімі сынамі."
Тады пачаў дакараць гарадом, у якіх найболей сталася ягоных цудаў, за тое, што не пакутавалі.
Затым Езус пачаў дакараць (выкідаць) гарадам, у каторых даканана найбольш цудаў Яго, а яны не ўзяліся за пакуту.
Гора табе, Корозаім, гора табе, Бэтсаіда! Бо калі-б у Тыры й Сыдоне дзееліся цуды, якія ў вас дзееліся, дык даўно ў зрэбніцы й попеле пакутавалі-б.
"Гора табе, Корозаін! Гора табе Бэтсайда! Бо, каб у Тыры і Сыдоне адбыліся такія цуды, як у вас, даўно яны ў зрэбніцы і попеле пакутавалі б.
Адыж кажу вам: Тыру й Сыдону лягчэй будзе ў судны дзень, як вам.
А ўсё ж кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сыдону ў дзень суду, чым вам.
А ты, Кафарнауме, ці-ж да неба аж падымешся? — Аж да пекла ўпадзеш; бо калі-б у Садоме дзееліся цуды, якія ў табе дзееліся, то можа-б яна асталася аж па гэты дзень.
А ты, Кафарнаўм! Ці жы аж над неба не выносішся? А спадзеш аж у пекла. Бо каб такія цуды адбыліся ў Садоме, як у цябе, можа засталася б па сёньняшні дзень.
Адыж кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў судны дзень, як табе.
Аднак кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомаў у дзень суду, чым табе."
І ў той час Езус, адазваўшыся, прамовіў: Слаўлю цябе, Ойча, Усеспадару неба й зямлі, што ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных, а выявіў недалеткам.
У сувязі са сказаным Ім, Езус маліўся: "Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты скрыў гэтыя рэчы ад мудрых і празорлівых, а аб'явіў іх прастадушным.
Так, Ойча, гэтак бо спадабалася табе.
Так Ойча, бо так Табе падабалася.
Усё мне перадана Айцом маім. І ніхто ня знае Сына, апрача Айца, і Айца ніхто ня знае, апрача Сына й каму Сын абявіць захоча.
Усё Мне дадзена Айцом маім. Ды ніхто ня знае Сына, толькі Айцец, і ніхто ня знае Айца — толькі Сын і каму сын захоча аб'явіць.
Прыйдзеце ка мне ўсе працуючыя й абцяжаныя, а я вас узмацую.
Хадзіце да Мяне, што трудзецеся і зьняможаны пад цяжарам, а Я вас спасілю.
Вазмеце на сябе ярмо маё й ад мяне вучэцеся, я бо ціхі й пакорнага сэрца, і знойдзеце суцеху душам вашым.
Вазьміце ярмо Маё на сябе ды вучыцеся ад Мяне, што Я ціхі ды пакорнага (сьціплага) сэрца, а знойдзеце ўспакаеньне душам вашым.
Бо ярмо маё прыемнае, а цяжар лягонькі.
Бо ярмо Маё салодкае, а цяжар Мой лёгкі."