Да Рымлянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Дзеля таго неапраўдальны ты, чалавеча, які асуджаеш, чым бо судзіш другога, тым ганьбіш сябе самога, бо робіш тоеж самае, што асуджаеш.
Таму няма выбачэння табе, кожны чалавеча, калі асуджаеш. Ды ў чым асуджаеш іншага, асуджаеш сябе, бо робіш тое самае ты, які асуджаеш.
Мы-ж ведаем, што іставетна ёсьць суд Божы на тых, каторыя гэтак робяць.
Ведаем бо, што Божы суд справядлівы супраць тых, якія дапускаюцца такога.
Думаеш мо, што ты ўцячэш ад суду Божага, чалавеча асуджаючы гэтак паступаючых, дый сам тоеж робячы?
Ці думаеш, чалавеча, які асуджаеш тых, якія такое робяць, і сам робіш тое ж, што ты ўцячэш ад суда Божага?
Ці мо празьмерную дабрату, лагоднасьць і доўгацярплівасьць Ягону за нішто маеш, таго не цямячы, што Божая ласкавасьць накіроўвае цябе пакаяцца?
Ці пагарджаеш багаццем дабраты, цярплівасці і вялікадушнасці Яго, не разумеючы, што дабрата Божая прыводзіць цябе да навяртання?
Ты-ж праз сваё упорства й непакайнае сэрца прыспараеш сабе гнеў на дзень гневу і зьявы суду Бога,
Дзеля закамянеласці тваёй і ненавернутага сэрца рыхтуеш сабе гнеў на дзень гневу і аб’явы справядлівага суда Бога,
Які «аддасьць кажнаму водля учынкаў ягоных» (Пс. 61:13):
Які аддасць кожнаму паводле яго ўчынкаў:
тым, каторыя праз вытрыванне ў добрым дзеле шукаюць славы, чэсьці й беззаганнасьці — вечнае жыцьцё;
тым, што праз стойкасць у добрых учынках шукаюць славы, пашаны і несмяротнасці — жыццё вечнае;
а тым, што ўпіраюцца й не ўдавольваюцца праўдай, але вераць непраўдзе — гнеў і лютасьць.
а тым, што ўпорыстыя і за праўдай ісці не хочуць, але падпарадкоўваюцца нягоднасці, — гнеў і лютасць.
Сум і прыгноба на кажную душу чалавека, што робіць благое, перш Юдэя дый Грэка!
Пакуты і прыгнёт на кожную душу для людзей, што чыняць ліха, перш на юдэя, і на грэка.
А слава, чэсьць і спакой кажнаму робячаму дабро, Юдэю першаму, пасьля і Грэку!
Хвала, і пашана, і супакой усякаму, хто чыніць дабро, найперш юдэю, і грэку.
Няма бо ў Бога ўвагі на асобу.
Бо ў Бога няма зважання на асобу.
Тые, што без Закону зграшылі, без Закону й пагінуць, а тые, што ў Законе зграшылі, Законам і асуджаны будуць;
Тыя, што без закону зграшылі, без закону і загінуць, а тыя, што пры законе зграшылі, законам будуць асуджаны.
бо не такія перад Богам справядлівыя, што Закону толькі слухаюць, але такіе, што спаўняюць Закон, усправядлівецца;
Бо не тыя, што слухаюць закон, справядлівыя ў Бога, але тыя, што выконваюць закон, будуць апраўданы.
калі бо пагане, якія ня маюць Закону, з прыраджэння законнае робяць, дык яны нямаючыя Закону — самы сабе закон;
Бо калі пагане, не маючы ніякага закону, па прыродзе робяць тое, што па законе, дык, не маючы закону, яны самі сабе закон.
яны выяўляюць зьмест Закону, выпісанага ў іхніх сэрцах, аб гэтым сьветчыць іх сумленне ды думкі, то абвінавачваючыя, то баронячыя адна другую;
Паказваюць яны, што змест закону напісаны ў іх сэрцах, пра гэта сведчыць іх сумленне і думкі, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна адну,
ў дню, калі Бог судзіць будзе людзкія тайніцы празь Езуса Хрыстуса, водле мае Эванэліі.
у той дзень, калі Бог будзе судзіць праз Ісуса Хрыста таемныя [справы] людзей, паводле майго дабравесця.
А калі ты завеш сябе Юдэем, спасылаешся на Закон, Богам ганарышся
Калі ты завешся юдэем, то ўпэўнены ў законе і ўсхваляеш Бога,
і знаеш волю Яго ды распазнаеш усё лепшае, навучаны Законам,
ды, навучаны законам, ведаеш волю [Яго], і разумееш, што лепшае,
і ўпэўнены, што ты павадыр сьляпых, сьвятло для занураных у цьме,
і перакананы, што ты — павадыр сляпых, святло для тых, што ў цемры,
адукатар невукаў, вучыцель недалеткаў, маючы ў Законе форму веды і праўды —
выхавацель неразумных, настаўнік маладых, і маеш у законе прыклад ведаў і праўды, —
дык якжа ты, вучачы другога, ня вучыш сябе самога;
дык як жа ты вучыш іншага, а сябе самога не вучыш? Ты, які прапаведуеш не красці, крадзеш?
навучаючы ня красьці, крадзеш; кажучы не распуставаць, распустуеш; гідзішся балванамі, а дапушчаешся сьвятазьнявагі;
Кажучы, што нельга чужаложыць, чужаложыш? Брыдзішся ідаламі, і абкрадваеш святыню?
ганарышся Законам, а нарушэннем яго зьняважаеш Бога?
Выхваляеш закон, а, парушаючы закон, Бога зневажаеш?
Бо-ж напісана: «Праз вас імя Божае зьняважаецца ў паганаў» (Із. 52:5).
Як напісана: «З-за вас паміж паганаў блюзняць на імя Божае».
Абразанне то карыснае, калі спаўняеш Закон; але калі ты нарушаеш Закон, дык абразанне тваё сталася неабрэзаннем.
Абразанне тады карыснае, калі падпарадкоўваешся закону. Калі ж ты парушальнік закону, то абразанне тваё сталася неабразаннем.
Калі восьжа неабразанец спаўняе пастановы Закону, то ціж неабразанне ягонае не палічыцца яму за абразанне?
А калі неабрэзаны падпарадкоўваецца пастановам закону, дык ці ж яго неабразанне не палічыцца яму за абразанне?
І той, што хоць з натуры неабразаны, але спаўняе Закон, ці не асудзіць цябе, маючага абразанне й літару Закону ды нарушаючага Закон?
Дык вось той, хто па прыродзе неабрэзаны, але выконвае закон, будзе судзіць цябе, парушальніка закону, які ведае літару закону і абрэзаны.
Ня той бо Юдэй, хто гэткім ёсьць на выгляд, і ня тое абразаннем ёсьць, што маніфэстуецца на целе;
Бо не той юдэй, хто такі з выгляду, ды не тое абразанне, якое відаць на целе,
але — хто ўсабешне Юдэй, і тое абразаннем ёсьць, што ў духу і сэрцы, ня ў літары; яму й хвала не ад людзей, але ад Бога.
але той, хто ўнутры юдэй і абразанне якога ў сэрцы па духу, а не паводле літары; такому і пахвала не ад людзей, а ад Бога.