Да Эфэсянаў 5 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Дык будзьце пераймальнікамі Бога, як дзеці ўлюбёныя,
 
Дык будзьце насьлядоўнікамі Бога, як дзеці найдаражэйшыя,

і хадзіце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і выдаў Сябе за нас, як дар і ахвяру Богу, на водар салодкі.
 
і жывіце ў любові, як і Хрыстос узьлюбіў нас і выдаў самога сябе за нас як дар і ахвяру Богу на пах прыемны.

А распуста і ўсякая нячыстасьць або хцівасьць няхай і не называюцца ў вас, як і належыць сьвятым,
 
Распуста ж і усякая нячыстасьць або сквапнасьць хай і не ўпамінаюцца ў вас, як належыць сьвятым,

ані агідныя і пустыя словы або жарты непрыстойныя, але лепш падзяка.
 
або разбэшчанасьць ці ліхая гаворка, ці насьмешка неадпаведная, але толькі падзяка.

Бо ведайце, што ніякі распусьнік, або нячысты, або хцівец, які зьяўляецца ідалапаклоньнікам, ня мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога.
 
Вось гэта ведайце і будзьце перакананымі, што ні адзін распусьнік або нячысты ці сквапны, што значыць служыцель ідалам, ня мае ўдзелу ў Каралеўстве Хрыстовым і Божым.

Няхай ніхто не падманвае вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў непакорнасьці.
 
Хай ніхто вас ня зводзіць пустымі словамі; бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў праціўленьня.

Дык ня будзьце супольнікамі іх.
 
Дык ня станьцеся ўдзельнікамі іх лёсу.

Вы былі некалі цемрай, а цяпер — сьвятло ў Госпадзе; хадзіце ж, як дзеці сьвятла,
 
Былі бо вы калісьці цемраю, а цяпер вы — сьвятло ў Госпадзе, дык як сыны сьвятла і жывіце.

бо плод Духа ёсьць у-ва ўсякай добрасьці, і праведнасьці, і праўдзе.
 
Плод жа сьвятла выяўляецца ва ўсякай дабраце, і справядлівасьці, і праўдзе.

Выпрабоўвайце, што падабаецца Богу,
 
Глядзіце, што падабаецца Богу,

і ня ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры, а лепш дакарайце.
 
і не прыймайце ўдзелу ў бясплодных справах цемры, але выкрывайце іх.

Бо пра тое, што робіцца імі патаемна, сорамна і гаварыць.
 
Бо сорамна і казаць аб тым, што робіцца імі, хаваючыся.

Але ўсё, дакаранае сьвятлом, робіцца яўным, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло,
 
Усё, што ганіцца, становіцца яўным у сьвятле,

таму сказана: «Устань, ты, які сьпіш, і ўваскрэсьні з мёртвых, і асьвеціць цябе Хрыстос».
 
бо ўсё, што выкрываецца, ёсьць сьвятло. Таму ў сказана: "Устань, каторы сьпіш, і паўстань з мёртвых, і асьвеціць цябе Хрыстос".

Дык глядзіце, хадзіце дакладна, не як бязглуздыя, але як мудрыя,
 
Дык глядзіце, браты, асьцярожна хадзіце, не як неразумныя, але як мудрыя,

выкупляючы час, бо дні злыя.
 
выкарыстоўваючы час, бо дні цяпер ліхія.

Дзеля гэтага ня будзьце неразумнымі, але пазнавайце, якая ёсьць воля Госпада.
 
Дзеля таго ня будзьце неразважлівымі, але разумеючымі, што ёсьць воля Госпада.

І не ўпівайцеся віном, бо ў ім распуста, але напаўняйцеся Духам,
 
Ня піце лішне віна, у якім прычына распусты, але напаўняйцеся Духам,

гаворачы да сябе псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, сьпяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых,
 
гаворачы між сабою псальмы, і гімны, і песьні духоўныя; сьпяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых.

дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
Дзякуючы заўсёды Богу і Айцу за ўсё ў імя Госпада нашага Езуса Хрыста,

падпарадкоўваючыся адзін аднаму ў страху Божым.
 
падпарадкоўвайцеся адны адным у страху Хрыстовым.

Жанчыны, падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Госпаду,
 
Жанчыны хай слухаюць мужоў сваіх, як Госпада,

бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа — Збаўца цела.
 
бо муж — галава жанчыны, як Хрыстос — галава Царквы, свайго Цела, якога Ён Збаўца.

Але як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, гэтак і жонкі сваім мужам у-ва ўсім.
 
Але, як Царква пакараецца Хрысту, так і жонкі мужам сваім у-ва ўсім.

Мужы, любіце жонак сваіх, як і Хрыстос палюбіў Царкву і выдаў Сябе за яе,
 
Мужы, любіце жонкі свае, як і Хрыстос любіць Царкву, і самога сябе выдаў за яе,

каб асьвяціць яе, ачысьціўшы абмыцьцём водным у слове,
 
каб асьвяціць яе, ачышчаючы купальняй воднаю ў слове,

каб паставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, ці заганы, ці чаго падобнага, але каб яна была сьвятая і беззаганная.
 
каб паставіць самому сабе слаўную Царкву, без пляміны ці зморшчыны або чагосьці падобнага, але каб была яна сьвятая і беззаганная.

Гэтак павінны мужы любіць сваіх жонак, як целы свае: хто любіць жонку сваю, самога сябе любіць.
 
Так і мужы павінны любіць жонак сваіх, як уласныя целы. Хто сваю жонку любіць, сам сябе любіць.

Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да цела свайго, але жывіць і грэе яго, як і Госпад Царкву.
 
Ніхто бо ніколі ня меў у нянавісьці цела свайго, але корміць і спагадае яму, як Хрыстос Царкве,

Бо мы — члены цела Яго, ад цела Яго і ад костак Яго.
 
бо мы — члены Цела Яго.

Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адным целам.
 
Дзеля таго пакіне чалавек бацьку і матку і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам.

Таямніца гэтая вялікая; а я кажу пра Хрыста і Царкву.
 
Гэта вялікая таямніца; а я кажу аб Хрысьце і Царкве.

Зрэшты, і вы, кожны па сабе, няхай любіць жонку сваю як сябе; а жонка няхай баіцца мужа.
 
Вось жа і вы, усякі па сабе, кожны хай любіць жонку сваю, як самога сябе, а жонка хай баіцца мужа свайго.