1 Пятра 5 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Старостаў, якія сярод вас, прашу я, сустаршыня і сьведка пакутаў Хрыстовых і супольнік славы, якая мае адкрыцца:
 
Старэйшых сярод вас прашу я, таксама старэйшы і сведка Хрыстовых цярпенняў, ды ўдзельнік тае славы, якая мае аб’явіцца:

пасьвіце Божы статак, які ў вас, гледзячы за ім не пад прынукаю, але добраахвотна, і не дзеля прыбыткаў, але з ахвотаю,
 
пасіце статак Божы, які ў вас, даглядаючы яго не пад прымусам, але добраахвотна, па волі Божай, не дзеля нягодных нажыткаў, але з ахвотаю,

і не пануючы над спадчынай, але даючы прыклад статку,
 
і не пануючы над святымі, але даючы прыклад статку.

і калі зьявіцца Найвышэйшы Пастыр, атрымаеце вянок славы, які ня счэзьне.
 
І, калі аб’явіцца Найвышэйшы Пастыр, атрымаеце незвядальны вянок славы.

Таксама і вы, маладыя, падпарадкоўвайцеся старостам, а ўсе, падпарадкоўваючыся адзін аднаму, апраніцеся ў пакорнасьць, бо Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае.
 
Таксама і вы, юнакі, будзьце паслухмяныя старэйшым. Усе ўзаемна апраніцеся ў пакору, бо Бог пыхлівым супрацівіцца, а пакорлівым ласку дае.

Дык скарыцеся пад уладную руку Божую, каб Ён узьвялічыў вас у свой час.
 
Дык скарыцеся пад магутнай рукой Бога, каб вас узвысіў у свой час.

Усе турботы свае ўскладайце на Яго, бо Ён клапоціцца пра вас.
 
Усе клопаты свае ўскладайце на Яго, бо Ён пра вас рупіцца.

Будзьце цьвярозымі, чувайце, бо супраціўнік ваш, д’ябал, як леў рыклівы, ходзіць, шукаючы, каго праглынуць.
 
Будзьце цвярозымі, чувайце! Бо супраціўнік ваш, д’ябал, як леў рыклівы, кружыць, шукаючы, каго зжэрці.

Супрацьстаньце яму цьвёрдай вераю, ведаючы, што такія самыя пакуты здараюцца з братамі вашымі ў сьвеце.
 
Супраціўцеся яму дужай вераю, ведаючы, што гэткія самыя пакуты выпадаюць і тым вашым братам, што ёсць у свеце.

А Бог усякае ласкі, Які паклікаў нас, што крыху цярпелі, у вечную славу Сваю ў Хрысьце Ісусе, няхай Сам удасканаліць вас, няхай умацуе, няхай узмоцніць, няхай угрунтуе.
 
А Бог усякае ласкі, Які вас паклікаў да вечнай славы Сваёй у Хрысце Ісусе, пасля нядоўгага цярпення [вашага] Сам вас уладкуе, удасканаліць, угрунтуе, падмацуе.

Яму слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн.
 
Яму [слава і] Валадарства ў векі вечныя. Амін.

Гэта коратка напісаў я вам праз Сілуана, вернага, як лічу, брата, каб суцешыць і засьведчыць, што праўдзівая ласка Божая, у якой вы стаіцё.
 
Коратка я вам напісаў праз Сілівана, вернага брата, як думаю, перасцерагаючы ды і сведчанне прыносячы, што такая вось праўдзівая ласка Божая; у ёй вы трымаецеся.

Вітае вас [царква], што ў Бабілоне, выбраная разам з вамі, і Марк, мой сын.
 
Вітае вас тая, што ў Бабілоне, выбраная, як і вы, а таксама Марк, мой сын.

Прывітайце адзін аднаго пацалункам любові. Супакой вам усім, якія ў Хрысьце Ісусе. Амэн.
 
Павітайцеся ўзаемна пацалункам любові. Супакой вам усім, што трываеце ў Хрысце [Ісусе. Амін].