Да Габрэяў 8 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

А галоўнае ў тым, што сказана, тое, што мы маем Першасьвятара, Які сеў праваруч пасаду велічы ў небе,
 
З разважаных намі спраў галоўная тая, што мы маем такога Першасвятара, Які сеў праваруч пасада Велічы ў небе,

[і ёсьць] служыцель Сьвятыні і праўдзівага Намёту, пастаўленага Госпадам, а не чалавекам.
 
Служыцеля святыні і праўдзівай палаткі, якую паставіў Госпад, а не чалавек.

Бо кожны першасьвятар стаўляецца на тое, каб прыносіць дары і ахвяры; таму трэба, каб і Гэты меў нешта, што прынесьці.
 
Кожны святар стаўляецца складаць дары і ахвяры, таму трэба было, каб і Гэты меў нешта для ахвяры.

Бо калі б Ён быў на зямлі, ня быў бы сьвятаром, [бо] ёсьць сьвятары, якія паводле Закону прыносяць дары,
 
Калі б Ён заставаўся на зямлі, то не быў бы святаром, таму што ёсць тут такія, што складаюць дары паводле закону.

якія служаць прыкладу і ценю [рэчаў] нябесных, як атрымаў слова Майсей, калі меўся зрабіць намёт: «Глядзі, — прамовіў Ён, — зрабі ўсё паводле ўзору, які паказаны табе на гары».
 
Яны служаць вобразу і цені нябеснага, як сказана было Майсею, калі меў паставіць палатку: «Глядзі, — вось, кажа, — зрабі ўсё паводле ўзору, які быў табе паказаны на гары».

А цяпер Ён атрымаў служэньне тым слаўнейшае, чым лепшага Ён пасярэднік запавету, які ўзаконены на лепшых абяцаньнях.
 
Цяпер вось Ён атрымаў лепшае служэнне настолькі, наколькі стаўся Пасярэднікам лепшага запавету, які ўгрунтаваны на лепшых абяцаннях.

Бо калі б той першы быў без заганы, не шукалася б месца для другога.
 
Бо калі б той першы быў без заганы, то не трэба было б шукаць на яго месца другога.

Бо, вінавацячы іх, кажа: «Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я зраблю з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,
 
Бо, ушчуваючы іх, кажа: «Вось жа настануць дні, кажа Госпад, і Я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет,

не паводле запавету, які Я зрабіў з бацькамі іх у дзень, калі ўзяў іх рукою Маёю, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпту, бо яны ня вытрывалі ў запавеце Маім, і Я занядбаў іх, — кажа Госпад.
 
не паводле запавету, які Я зрабіў з іх бацькамі ў дзень, у які ўзяў руку іх, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай, бо яны не вытрывалі ў Маім запавеце, і Я пакінуў іх, кажа Госпад.

Вось запавет, які Я заключу з домам Ізраіля пасьля тых дзён, — кажа Госпад, — даючы законы Мае ў думкі іхнія, напішу іх і на сэрцах іхніх, і буду ім Богам, а яны Мне будуць народам.
 
Вось жа, запавет, які Я дам дому Ізраэля пасля тых дзён, — кажа Госпад, — даўшы законы Мае у іх думкі, ды ў сэрцы іх упішу іх і буду ім Богам, і яны будуць Мне народам.

І ня будзе вучыць кожны бліжняга свайго і кожны брата свайго, кажучы: “Пазнай Госпада”, бо ўсе, ад малога іхняга да вялікага іхняга, будуць ведаць Мяне.
 
І ніхто не будзе вучыць бліжняга свайго, ані брата свайго, кажучы: “Пазнай Госпада!” Бо ўсе Мяне пазнаюць ад найменшага аж да найбольшага з іх.

Бо міласьцівы буду да няправеднасьцяў іхніх, і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх больш не ўзгадаю».
 
Бо міласэрным буду да іх беззаконняў і не ўспомню больш пра іх грахі».

Калі кажа “новы”, учыніў старым першы; а тое, што старэе і здаўніваецца, блізкае, каб шчэзнуць.
 
Кажучы пра «новы», першы прызнаў Ён старым. А тое, што старое і марнее, тое блізкае да знішчэння.