Да Габрэяў 4 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Дык будзем баяцца, каб, калі яшчэ трывае абяцаньне ўвайсьці ў супачынак Ягоны, ня думаў хто з вас, што ён горшы.
Будзем высцерагацца тады таго, каб, калі яшчэ трывае абяцанне ўвайсці ў Яго супачынак, не падумаў хто з вас часам, што яго пазбаўлены.
Бо і нам [гэта] дабравешчана, як і тым; але ім не дало карысьці пачутае слова, бо не спалучылася з вераю тых, якія слухалі.
Бо і нам абвешчана добрая вестка, таксама як і тым, але не дало карысці ім чутае слова, бо не спалучана было яно з вераю тых, якія чулі.
Бо ўваходзім у супачынак мы, якія паверылі, бо Ён сказаў: «Дык прысягнуў Я ў гневе Маім, што ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой», хоць справы [Ягоныя] сталіся ад заснаваньня сьвету.
А мы, якія паверылі, уваходзім у супачынак, бо Ён сказаў: «Як пакляўся Я ў гневе Маім: не ўвойдуць яны ў супачынак Мой», хоць справы Яго былі скончаны ад заснавання свету.
Бо сказана недзе наконт сёмага дню гэтак: «І супачыў Бог у дзень сёмы ад усіх справаў Сваіх».
Бо Ён сказаў у нейкім месцы пра сёмы дзень так: «І супачыў Бог у сёмы дзень ад усіх спраў Сваіх».
І яшчэ тут: «Ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой».
І вось яшчэ зноў: «Не ўвойдуць яны ў супачынак Мой».
Дык, калі некаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, якім раней дабравешчана, не ўвайшлі ў яго за няскоранасьць,
Дык вось застаецца, што ўвойдуць у яго некаторыя, а тыя, якім была раней абвешчана добрая вестка, не ўвайшлі з прычыны непаслухмянасці.
ізноў Ён вызначае дзень “сёньня”, кажучы праз Давіда, праз гэтулькі часу, як было сказана: «Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, не закамяняйце сэрцы вашыя».
Ды зноў вызначае Ён нейкі дзень, «сёння», кажучы праз Давіда па некаторым часе, як і перад гэтым было сказана: «Сёння, калі пачуеце голас Яго, не рабіце цвёрдымі сэрцаў вашых».
Бо калі б Егошуа даў тым супачынак, не было б сказана пасьля таго пра іншы дзень.
Калі б Ешуа ўвёў іх у супачынак, дык не было б сказана пра іншае пасля гэтага дня.
Таму застаецца для народу Божага захаваньне суботы.
Дык пакідаецца святкаванне шабату для народа Божага.
Бо хто ўвайшоў у супачынак Ягоны, той і сам супачыў ад справаў сваіх, як і Бог ад Сваіх.
Бо хто ўвайшоў у супачынак Яго, таксама супачне ад працы сваёй, як і Бог ад Сваёй.
Дык будзем намагацца ўвайсьці ў супачынак гэты, каб хто за тым прыкладам не палёг праз няскоранасьць.
Дык будзем старацца ўвайсці ў супачынак гэты, каб хто-небудзь не трапіў у той самы прыклад непаслухмянасці.
Бо слова Божае жывое і дзейснае, і вастрэйшае за ўсякі меч двусечны, і працінае аж да разьдзяленьня душы і духа, суставаў і шпіку, і судзіць думкі і намеры сэрца.
Бо жывое слова Божае і дзейснае, і вастрэйшае ад усякага меча двусечнага, і пранікае ажно да раздзялення душы і духа, суставаў і мозга касцей, і судзіць думкі і намеры сэрца.
І няма стварэньня, схаванага перад Ім, але ўсё аголена і адкрыта перад вачыма Таго, пра Якога нашае слова.
Ніводнае тварэнне перад поглядам Яго не схаваецца, усё вачам Яго аголена і адкрыта, і мы перад Ім адкажам.
Дык, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў праз неба, Ісуса, Сына Божага, будзем трымацца вызнаньня.
Маючы вось Першасвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Ісуса, Сына Божага, будзем трымацца вызнання.
Бо маем Першасьвятара не такога, што ня можа спачуваць слабасьцям нашым, але такога, які, падобна нам, дазнаў спакушэньня ў-ва ўсім, апрача грэху.
Бо мы маем не такога першасвятара, які б не мог нам спачуваць у нашых немачах, але падобным чынам спакушанага ва ўсім, апроч граху.
Дык будзем набліжацца з адвагаю да пасаду ласкі, каб атрымаць літасьць і знайсьці ласку дапамогі ў адпаведны час.
Хадзем жа тады з даверам да пасада ласкі, каб атрымаць міласэрнасць і знайсці ласку на спрыяльную дапамогу.