Да Габрэяў 9 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Дык і першы [запавет] меў пастановы служэньня і сьвятыню ў сьвеце.
Меў, праўда, і першы запавет пастановы служэння, і святыню зямную.
Бо першы намёт быў збудаваны, і ў ім сьвечнік, і стол, і хлябы пакладныя, і завецца ён “Сьвятое”.
Была гэта палатка пастаўлена першай, у якой, называнай святым, знаходзіўся свечнік, стол і хлябы пакладныя.
А за другой заслонай намёт, які завецца “Сьвятое Сьвятых”,
А за другой заслонай палатка, якая звалася святое з святых,
які мае залатую кадзільню і каўчэг запавету, які абкладзены з усіх бакоў золатам, у якім залатая пасудзіна з маннай, і кій Аарона, што расквітнеў, і табліцы запавету,
у якой быў залаты кадзільнік і каўчэг запавету, абкладзены з кожнага боку золатам, у якім была залатая пасудзіна з маннай і кій Аарона, які расцвіў, ды табліцы запавету,
а над ім — херувімы славы, якія ацяняюць перамольню; пра гэта ня варта цяпер казаць падрабязна.
а зверху над каўчэгам былі херубіны славы, ацяняючы перамольню. Аб гэтым падрабязна няма патрэбы цяпер гаварыць.
А калі гэта так збудавана, у першы намёт заўсёды ўваходзяць сьвятары, зьдзяйсьняючы служэньне,
Так вось было ўсё прыгатавана, і ў першую палатку заўсёды ўваходзяць святары, адпраўляючы служэнне святое.
а ў другі — раз у год адзін першасьвятар, не без крыві, якую прыносіць за сябе і за няведаньне народу.
Да другой жа толькі раз у год адзін першасвятар, ды не без крыві, якую складаў у ахвяру за свае злачынствы і за злачынствы свайго народа.
Гэтым паказвае Дух Сьвяты, што яшчэ не адкрыты шлях у сьвятыню, пакуль стаіць першы намёт,
Гэтым паказвае Дух Святы, што яшчэ не адкрыта дарога да святога месца, пакуль стаіць ранейшая палатка.
які ёсьць прыклад цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія ня могуць удасканаліць паводле сумленьня таго, хто служыць,
Гэта сімвал цяперашняга часу, калі складаюцца разам дары і ахвяры, якія не могуць зрабіць дасканалым сумленне таго, які служыць,
якія толькі ў ежы і пітве, і розных абмываньнях і пастановах цела, якія пастаўленыя да часу выпраўленьня.
і адносіцца яно толькі да ежы, пітва, усялякіх абмыванняў, [і] пастаноў цела, пастаўленых да часу выпраўлення.
А Хрыстос, Першасьвятар будучага дабра, прыйшоўшы праз вялікшы і дасканалейшы намёт, не рукамі зроблены, гэта значыць, не такога стварэньня,
Але Хрыстос, з’явіўшыся як Першасвятар будучых даброццяў, праз вышэйшую і дасканалейшую і не рукой, значыць не на гэтым свеце, створаную палатку,
і не праз кроў казлоў і цялят, але праз уласную кроў, адзін раз увайшоў у сьвятыню, знайшоўшы вечнае выбаўленьне.
і не праз кроў казлоў і быкоў, але праз уласную кроў увайшоў раз і назаўсёды ў святое, здабыўшы вечнае адкупленне.
Бо калі кроў валоў і казлоў і попел каровы, пакрапіўшы апаганеных, асьвячае іх дзеля чыстасьці цела,
Бо калі кроў казлоў і валоў разам з попелам цяліцы, калі пакрапіць імі, усвячае нячыстых, даючы ачышчэнне цела,
наколькі больш кроў Хрыста, Які праз Духа вечнага прынёс Сябе беззаганнага Богу, ачысьціць сумленьне вашае ад мёртвых справаў дзеля служэньня Богу Жывому?
дык тым больш кроў Хрыста, Які ахвяраваў Самога Сябе Богу праз Духа Святога, ачысціць сумленне наша ад мёртвых учынкаў, каб служыць Богу жывому.
І дзеля гэтага Ён — Пасярэднік новага запавету, каб, як станецца сьмерць дзеля адкупленьня парушэньняў, [што былі пры] першым запавеце, тыя, якія пакліканыя да вечнае спадчыны, атрымалі абяцаньне.
Вось таму Ён ёсць Пасярэднік Новага Запавету, каб праз смерць адкупіць злачынствы, дапушчаныя пры першым запавеце, і каб пакліканыя да вечнай спадчыны даступіліся да абяцанага.
Бо дзе запавет, трэба, каб прыйшла сьмерць таго, хто заключыў [яго],
Бо там, дзе ёсць запавет, там павінна прыйсці смерць завяшчальніка.
бо запавет набывае моц ад памёршых; ён ня мае сілы, пакуль жыве той, хто заключыў [яго].
Запавет толькі пасля мёртвых правамоцны; ён не мае вартасці, пакуль жыве той, хто яго склаў.
Дык і першы [запавет] быў усталяваны не без крыві.
Таму і першы быў зацверджаны не без крыві.
Бо Майсей, сказаўшы ўсе прыказаньні паводле Закону ўсяму народу, узяў кроў цялят і казлоў з вадою, і воўнай пунсовай, і ізопам, пакрапіў і саму кнігу, і ўвесь народ,
Калі ўжо Майсей абвясціў усяму народу кожнае прыказанне паводле закону, узяў кроў казлоў і быкоў з вадой, воўнай чырвонай і гізопам і пакрапіў як саму кнігу закону, так і ўвесь народ,
кажучы: «Гэта кроў запавету, які даў вам Бог».
кажучы: «Гэта кроў запавету, які Госпад заключыў з вамі».
І намёт, і ўсё начыньне дзеля служэньня таксама пакрапіў крывёю.
Падобным спосабам пакрапіў крывёй таксама і палатку, і ўсё начынне служэння.
І амаль усё паводле Закону ачышчаецца крывёю, і без праліцьця крыві не бывае адпушчэньня.
І амаль усё паводле закону крывёй ачышчаецца, і без праліцця крыві няма адпушчэння.
Дык трэба было, каб [рэчы, што паводле] прыкладу таго, што ў небе, ачышчаліся гэтымі, а самі [рэчы] нябесныя — лепшымі за гэтыя ахвярамі.
Значыць, неабходна было, каб вобразы рэчаў нябесных такім спосабам былі ачышчаны, а самыя рэчы нябесныя патрабавалі шмат дасканалейшых, чым тыя, ахвяр.
Бо Хрыстос увайшоў не ў сьвятыню, рукамі зробленую, на ўзор праўдзівае, але ў самае неба, каб цяпер зьявіцца перад абліччам Божым за нас;
Хрыстос жа ўвайшоў не ў святыню, пастаўленую рукамі, якая была падабенствам сапраўднай, але ў самае неба, каб адтуль заступацца за нас у прысутнасці Бога,
і не дзеля таго, каб шматкроць прыносіць Сябе, як штогод уваходзіць першасьвятар у сьвятыню з чужою крывёй,
ды не па тое, каб меў часта ахвяроўвацца, як першасвятар, які штогод уваходзіць у святое святых з чужой крывёю,
бо мусіў бы Ён шматкроць цярпець ад заснаваньня сьвету, але Ён цяпер адзін раз зьявіўся на сканчэньні вякоў дзеля адкіданьня грэху праз ахвяру Сваю.
інакш цярпеў бы там многа разоў ад заснавання свету. А вось Ён раз аб’явіўся ў гэты час перад канцом свету дзеля знішчэння граху праз ахвяраванне Самога Сябе.
І як усім людзям вызначана раз памерці, а пасьля гэтага — суд,
І, як устаноўлена людзям, раз памерці, а пасля — суд,
гэтак і Хрыстос, раз прынёсшы Сябе [ў ахвяру], каб панесьці грахі многіх, другі раз бяз грэху будзе зьяўлены дзеля збаўленьня тым, якія чакаюць Яго.
так і Хрыстос адзін раз быў ахвяраваны дзеля знішчэння грахоў многіх, а другі раз з’явіцца не дзеля граху да тых, што Яго чакаюць, на збаўленне.