Псалтыр 143 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Псальм Давіда. ГОСПАДЗЕ, пачуй малітву маю, прыхілі вуха на маленьне маё, паводле праўды Тваёй адкажы мне, паводле праведнасьці Тваёй.
Псальм Давідавы.Малітву маю пачуй, Госпадзе, зваж на малітву маю, па праўдзе Тваёй мяне выслухай, паводле Тваёй справядлівасьці.
І не ўваходзь у суд са слугою Тваім, бо ня будзе праведны перад абліччам Тваім ніхто з жывых.
І не ўваходзь у суд з рабом Тваім, бо ня праў прад Табою ніхто із жывых.
Бо перасьледуе вораг душу маю, скрышыў да зямлі жыцьцё маё, змусіў жыць мяне ў месцы цёмным, быццам тых, што памерлі даўно.
Бо сочыць вораг душу маю, жыцьцё маё ўтаптаў у зямлю, у цемры глыбокай жыць мяне змусіў, быццам памёршых даўно.
І зьнямогся ў-ва мне дух мой, замерла ў нутры маім сэрца маё.
Ные мой дух у-ва мне, сэрца маё ўнутры зьнемагае.
Я ўзгадваю дні старадаўнія, разважаю пра ўсе дзеяньні Твае, пра ўчынкі рук Тваіх думаю.
Успамінаю я дні старадаўныя, пра ўсе дзеяньні Твае разважаю, аб тварэньнях рук Тваіх думаю.
Выцягваю рукі мае да Цябе; душа мая [прагне] Цябе, як зямля бязводная. (Сэлях)
Выцягаю я рукі мае да Цябе; душа мая прагне Цябе, як зямля бязводная. (Зэля)
Пасьпяшайся, адкажы мне, ГОСПАДЗЕ! Чэзьне дух мой! Не хавай жа аблічча Твайго ад мяне, каб ня стаўся я падобным да таго, хто зыходзіць у магілу.
Выслухай хутка мяне, о Госпадзе! Мой дух зьнемагае! Не хавай жа аблічча Твайго ад мяне, каб ня стаўся падобным я да таго, хто зыходзе ў магілу.
Дай мне раніцаю чуць пра міласэрнасьць Тваю, бо я на Цябе спадзяюся. Дай мне ведаць шлях, якім мне ісьці, бо да Цябе я ўзьнімаю душу маю.
Наранку дай чуць мне ласку Тваю, бо на Цябе спадзяюся. Ты мне шлях пакажы, якім мне ісьці, бо душу маю да Цябе я ўзьнімаю.
Ратуй мяне ад ворагаў маіх, ГОСПАДЗЕ, у Цябе я хаваюся.
Ад маіх ворагаў ратуй мяне, Госпадзе, бо на Цябе я чакаю.
Навучы мяне рабіць тое, што даспадобы Табе, бо Ты — Бог мой. Няхай добры Твой дух вядзе мяне да зямлі роўнай.
Навучы мяне волю Тваю выпаўняць, бо-ж Ты Бог мой. Няхай добры Твой дух вядзе мяне шляхам праўды.
ГОСПАДЗЕ, дзеля імя Твайго ажыві мяне! У праведнасьці Тваёй вывядзі з уціску душу маю!
Госпадзе, дзеля іменьня Твайго захавай Ты мяне ў жыцьці! Дзеля Тваёй справядлівасьці вырві душу маю із напасьці!
І ў міласэрнасьці Тваёй вынішчы ворагаў маіх, і зьнішчы ўсіх, што ўціскаюць душу маю, бо я — слуга Твой!
І дзеля ласкі Тваёй зьніштож маіх ворагаў, выгубі ўсіх, што мне душу ўціскаюць, бо-ж я — Твой раб!