Псалтыр 106 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Альлелюя! Хвалеце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Ягоная на вякі.
Альлілуя!Хвалеце Госпада, бо добры Ён, бо ласка Яго навекі.
Хто выкажа магутнасьць ГОСПАДА, дасьць пачуць усю хвалу Ягоную?
Хто выскажа магутнасьць Госпада, абвесьціць усю славу Ягоную?
Шчасьлівыя тыя, што захоўваюць суд і робяць праведнасьць у кожным часе.
Шчасьлівыя тыя, што праўду захоўваюць і ў кожну часіну справядлівасьць чыняць.
Памятай пра мяне, ГОСПАДЗЕ, праз ласкавасьць да народу Твайго! Наведай мяне са збаўленьнем Тваім,
Успамяні аба мне, о Госпадзе, праз ласкавасьць да народу Твайго! Адведай мяне з успамогай Сваёй,
каб я ўгледзеў дабро выбранцаў Тваіх, каб я радаваўся радасьцю народу Твайго, каб хваліўся разам са спадчынаю Тваёю!
каб мне ўсьцешыцца дабрабытам выбранцаў Тваіх, каб мне радавацца радасьцяй народу Твайго, з Тваёй спадчынай разам хваліціся!
Саграшылі мы разам з бацькамі нашымі, правініліся і адступіліся.
Саграшылі мы ды з бацькамі нашымі, правініліся й беззаконьне чынілі.
Бацькі нашыя ў Эгіпце не зразумелі цудаў Тваіх, ня памяталі мноства міласэрнасьці Тваёй, бунтаваліся каля мора, пры моры Чырвоным.
Бацькі нашы ў Эгіпце ў цям не ўзялі цудаў Тваіх, ня помнілі ласк Тваіх множства ды проці Ўсявышняга паўставалі ля мора Чырвонага.
Але Ён збавіў іх дзеля імя Свайго, каб зьявіць магутнасьць Сваю.
Але Ён дапамог ім дзеля іменьня Свайго, каб зьявіці магутнасьць Сваю.
Ён утаймаваў мора Чырвонае, і яно высахла; і Ён правёў іх праз бяздоньне як праз пустыню.
Крыкнуў Ён мору Чырвонаму, і яно высахла; і правёў іх праз бяздоньне, як праз стэп.
І збавіў іх з рукі ненавісьніка, і выбавіў іх з рукі ворага.
І вырваў іх із рук ненавісьніка іхняга, і вйзваліў із рук ворага.
І пакрылі воды прыгнятальнікаў іхніх, ніводзін з іх не застаўся.
Воды пакрылі перасьледавацеляў іхніх, і ніводзін із іх не астаўся.
І хоць яны паверылі словам Ягоным і сьпявалі хвалу Яму,
Ды хоць і паверылі словам Ягоным і пяялі хвалу Яму,
але хутка забыліся пра дзеі Ягоныя, не чакалі на раду Ягоную.
але хутка аб дзеяньнях Яго забыліся, не даждаліся прысуду Яго.
І зажадалі жаданьнем у пустыні, і выпрабоўвалі Бога ў [зямлі] бязьлюднай.
Захапіла іх жадоба ў стэпох, пачалі Бога яны спакушаць у пустыні.
І Ён даў ім тое, чаго хацелі, і спаслаў зьнемажэньне ў душу іхнюю.
І даў Ён ім, чаго зажадалі, але паслаў зьнемажэньне на іх.
І пазайздросьцілі Майсею ў табары, і Аарону, сьвятому ГОСПАДА.
І пазайздросьцілі Майсею ў таборы, Аарону, сьвятому Гасподняму.
Расчынілася зямля, і праглынула Датана, і пакрыла грамаду Авірама,
Тады расступілася зямля й праглынула Датана ды пакрыла банду Авірамаву,
і загарэўся агонь пад грамадою іхняю, полымя спаліла бязбожнікаў.
і бухнуў агонь пад бандаю, і спаліла полымя бязбожнікаў.
Яны зрабілі цяля пад Харэвам і пакланяліся перад літым [ідалам];
Яны зрабілі цяля пад Харыбам і ніцма сукланіліся перад ідалам;
і замянілі Славу сваю на вобраз вала, які есьць траву.
і замянілі Славу сваю на абраз быка, што траву жарэ.
Яны забыліся на Бога, Збаўцу свайго, Які вялікае ўчыніў у Эгіпце,
Яны Бога забылі, Збавіцеля свайго, Які вялікае ўчыніў у Эгіпце,
цуды ў зямлі Хама, страшныя [рэчы] каля мора Чырвонага.
цуды ў зямлі Хамавай, страшное ля мора Чырвонага.
І сказаў Ён, што вынішчыць іх, калі б не Майсей, выбранец Ягоны, які стаў у выломе перад абліччам Ягоным, каб адвярнуць ярасьць Ягоную, каб Ён ня вынішчыў іх.
Дык хацёў Ён вынішчыць іх, калі-б не Майсей, выбранец Ягоны, што стануў у прорве прад Ім, каб ярасьць Яго ад зьнішчэньня іх адхіліць.
І пагрэбавалі яны зямлёй пажаданай, не паверылі словам Ягоным.
Пасьля адракліся ад зямлі пажаданае, не паверылі слову Ягонаму.
І наракалі ў намётах сваіх, ня слухаліся голасу ГОСПАДА.
Наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Госпада.
І Ён падняў руку Сваю на іх, каб пападалі яны ў пустыні,
Дык падняў Ён руку Сваю, каб іх трупам пакласьці ў пустыні
і пападала насеньне іхняе сярод народаў, І Ён расьцярушыўіх па зямлі.
і насеньне іх між паганаў расьцярушыць і рассыпаць іх па зямлі.
І яны далучыліся да Баал-Пэгора, і елі ахвяры мёртвых,
Яны прыляпіліся да Баал-Пэгора і елі ахвяры мёртвых
і злавалі [Яго] дзеяньнямі сваімі, і абрынулася на іх пляга.
ды абуралі Яго паступкамі сваімі, і тады на іх напаў мор.
І паўстаў Пінхас, і спынілася пляга.
Дык паўстаў на суд Пінэас, і тады мор прыпыніўся.
І залічана яму гэта за праведнасьць з пакаленьня ў пакаленьне на вякі.
І залічана яму гэта за праведнасьць з роду ды ў род навекі.
І ўгнявілі яны [Бога] каля водаў Мэрывы, і з-за іх пацярпеў Майсей,
Пасьля яны Бога ўгнявілі ля водаў Мэрыбскіх, і за іх пацярпеў Майсей.
бо бунтаваліся супраць духа ягонага, і ён неразважна гаварыў вуснамі сваімі.
Бо гэтак дадзелі духу ягонаму, што неразважна гаварыў вуснамі сваімі.
Яны ня зьнішчылі народаў, як ім казаў ГОСПАД,
Яны ня зьнішчылі народаў, як ім Госпад казаў,
і зьмяшаліся з паганамі, і навучыліся справаў іхніх,
а з паганамі зьмяшаліся ды спраў іхніх навучыліся
і служылі ідалам іхнім, і яны сталіся для іх пасткаю,
і ідалам іхнім служылі, што сеткай сталіся для іх,
і ахвяроўвалі сыноў сваіх і дачок сваіх дэманам,
бо чартом у ахвяру сыноў і дачок сваіх прынасілі
і пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дачок сваіх, якую ахвяроўвалі ідалам Ханаанскім, і апаганілася зямля ад крыві.
і пралівалі бязьвінную кроў, кроў сыноў і дачок сваіх, што ў ахвяру ідалам Канаанскім яны прынасілі, і зямля ад крыві апаганілася.
І апаганілі сябе ўчынкамі сваімі, чужаложылі ў дзеяньнях сваіх.
І апаганілі сябе ўчынкамі сваімі, блуд рабілі паступкамі сваімі.
І распаліўся гнеў ГОСПАДА на народ Ягоны, і абрыдла Яму спадчына Ягоная.
І ўзгарэўся гнеў Госпада на народ Ягоны, абрыдла Яму спадчына Яго.
І Ён аддаў іх у рукі паганаў, і запанавалі над імі тыя, што ненавідзелі іх.
І аддаў іх у рукі паганаў, і запанавалі над імі тыя, што іх ненавідзелі.
І ўціскалі іх ворагі іхнія, і яны скарыліся пад рукою іхняю.
І ўціскалі іх ворагі іх, і іх моцы яны пакарыліся.
Шмат разоў Ён выратоўваў іх, але яны бунтаваліся ў задумах сваіх і паніжаны былі за беззаконьне сваё.
Шмат разоў Ён іх выбаўляў, ды яны гнявілі Яго справамі сваімі й паніжаны бывалі за беззаконьне сваё.
Але Ён глянуў на іх у горы іх, пачуўшы галашэньне іхняе,
І ўсё-ж зважаў на іх гора, пачуўшы маленьне іх,
і ўзгадаў на іх дзеля запавету Свайго, і пашкадаваў іх дзеля мноства міласэрнасьці Сваёй,
і ўспамінаў запавет Свой з імі, шкадаваў праз ласкавасьць Сваю вялікую.
і Ён даў літасьць да іх перад абліччам усіх, што паняволілі іх.
І будзіў Ён спогад да іх у ўсіх, што іх паняволілі.
Збаў нас, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, і зьбяры нас ад паганаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё і хваліліся славай Тваёю!
Успамажы нас, Госпадзе, Божа наш, і зьбяры Ты нас разам ад гэтых паганаў, каб нам славіць сьвятое імя Тваё і славай Тваёю хваліцца!
Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, ад веку і на вякі! І няхай скажа ўвесь народ: «Амэн! Альлелюя!»
Багаслаўлены Госпад, Бог Ізраілявы, ад веку й да векуі І няхай скажа ўсенькі народ: Амін! Альлілуя!