Псалтыр 103 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Псальм Давіда. Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА, і ўсё нутро маё — імя Ягонае сьвятое!
Псальм Давідавы.Багаслаў, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё — імя Яго сьвятое!
Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА і не забывайся пра ўсё, што Ён зрабіў!
Багаслаў, душа мая, Госпада і не забывайся аб тым, што Ён табе зрабіў!
Ён даруе табе ўсе беззаконьні твае, вылечвае ўсякую немач тваю,
Ён, Каторы дароўвуе табе ўсе грахі тваі, вылечвае ўсякую немач тваю,
вызваляе ад магілы жыцьцё тваё, літасьцю вялікай і міласэрнасьцю карануе цябе,
Каторы жыцьцё тваё ад магілы спасае, ласкай і міласэрдзем вянчае цябе,
насычае дабром старасьць тваю, аднаўляе, як у арла, маладосьць тваю.
Каторы тваю старасьць дабром насычае, тваю моладасьць, як у арла, аднаўляе.
Праведнасьць чыніць ГОСПАД і суд для ўсіх прыгнечаных.
Справядлівасьць робіць Госпад і суд для ўсіх прыгнечаных.
Ён зрабіў вядомымі шляхі Свае Майсею, сынам Ізраіля — учынкі Свае.
Ён паказаў шляхі Свае Майсею, сыном Ізраілявым учынкі Сваі.
Спагадлівы і літасьцівы ГОСПАД, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць.
Міласэрны Госпад і добры, да гневу няскоры й шчодры на ласку.
Не назаўсёды Ён гневам палае і ня вечна памятае ліхое.
Не назаўсёды Ён гневам палае і не навекі помніць ліхое.
Не паводле грахоў нашых нам Ён дае і не ўчыняе з намі паводле беззаконьняў нашых,
Ня водле грахоў нашых нам Ён дае і не адплачвае па правіннасьцям нашым,
бо як высока неба над зямлёю, так вялікая міласэрнасьць Ягоная да тых, што баяцца Яго,
але, як высака неба над зямлёю, так вяліка ласка Яго дзеля тых, што баяцца Яго.
як далёкі ад захаду ўсход, так [далёка] Ён нашыя правіны ад нас аддаліў,
Як далёкі ад захаду ўсход, так далёка Ён нашы праступкі ад нас аддаліў.
як літуецца бацька над сынамі, так ГОСПАД літуецца над тымі, што баяцца Яго.
Як літуецца бацька над дзяцьмі, гэтак Госпад літуецца над тымі, што баяцца Яго.
Бо ведае Ён настаўленьне нашае, памятае, што мы — [толькі] пыл.
Бо ведае Ён, з чаго зьлеплены мы, памятае, што мы — толькі пыл.
Дні чалавечыя — як трава; як кветка ў полі, так ён квітнее,
Чалавек — як трава, яго дні; як краска ў полі, так ён цьвіце.
бо пройдзе над ім вецер, і няма яго, і ўжо месца ягонае больш не пазнае яго.
Праляціць подмух ветру, і няма ўжо яго, і ўжо месца ягонае не пазнае яго.
Але міласэрнасьць ГОСПАДА ад веку і на вякі над тымі, што баяцца Яго, і праведнасьць Ягоная — над сынамі сыноў
Але ласка Гасподня ад веку й да веку над тымі, што баяцца Яго, і справядлівасьць Ягоная над сынамі сыноў
тых, якія захоўваюць запавет Ягоны і загады Ягоныя памятаюць, каб выконваць іх.
тых, што хаваюць запавет Яго ды закон Яго памятаюць, каб спаўняці яго.
ГОСПАД умацаваў пасад Свой на нябёсах, і валадарства Ягонае над усім пануе.
Госпад паставіў пасад Свой на нябёсах, і царства Ягонае над усім пануе.
Дабраславіце ГОСПАДА, анёлы Ягоныя, магутныя моцаю, што выконваеце слова Ягонае, чуючы голас слова Ягонага!
Багаслаўце Госпада вы, Ангелы Яго, вы, волаты сільныя, што загады Яго выпаўняеце, пакорныя голасу слова Ягонага!
Дабраславіце ГОСПАДА, усе войскі Ягоныя, служыцелі Ягоныя, што выконваеце волю Ягоную!
Багаслаўце Госпада ўсе войскі Ягоныя, слугі Яго, што волю Яго выпаўняеце!
Дабраславіце ГОСПАДА, усе творы Ягоныя па ўсіх месцах панаваньня Ягонага! Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА!
Багаслаўце Госпада ўсе творы Ягоныя па ўсіх месцах валадарства Яго! Багаслаў Госпада ты, мая душа!