Псалтыр 103 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Давідава. Дабраслаў, душа мая, СПАДАРА, і ўвесь нутр мой — сьвятое імя Ягонае;
 
Псальм Давідавы.Багаслаў, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё — імя Яго сьвятое!

Дабраслаў, душа мая, СПАДАРА і не забудзься ўсіх дабрадзействаў Ягоных;
 
Багаслаў, душа мая, Госпада і не забывайся аб тым, што Ён табе зрабіў!

Каторы даруе ўсі бяспраўі твае, Каторы леча ўсі хваробы твае,
 
Ён, Каторы дароўвуе табе ўсе грахі тваі, вылечвае ўсякую немач тваю,

Каторы адкупляе жыцьцё твае ад зьнішчэньня, Каторы карануе цябе ласкаю а спагадлівасьцяй,
 
Каторы жыцьцё тваё ад магілы спасае, ласкай і міласэрдзем вянчае цябе,

Каторы сыце дабром век твой і, як арліную, аднаўляе маладосьць тваю.
 
Каторы тваю старасьць дабром насычае, тваю моладасьць, як у арла, аднаўляе.

Дзее справядлівасьць СПАДАР і суды ўсім уцісьненым.
 
Справядлівасьць робіць Госпад і суд для ўсіх прыгнечаных.

Ён паведаміў Масею дарогі Свае, сыном Ізраеля — учынкі Свае.
 
Ён паказаў шляхі Свае Майсею, сыном Ізраілявым учынкі Сваі.

СПАДАР спагадлівы а ласкучынюшчы, памальны да гневу а вельмі міласэрны;
 
Міласэрны Госпад і добры, да гневу няскоры й шчодры на ласку.

Ня будзе заўсёды гневацца ані сердаваць вечна.
 
Не назаўсёды Ён гневам палае і не навекі помніць ліхое.

Ня подле грахоў нашых зрабіў нам ані подле бяспраўяў вашых адплаціў нам;
 
Ня водле грахоў нашых нам Ён дае і не адплачвае па правіннасьцям нашым,

Бо як высака неба над зямлёю, так дужая ласка Ягоная да тых, што баяцца Яго.
 
але, як высака неба над зямлёю, так вяліка ласка Яго дзеля тых, што баяцца Яго.

Як далёкі ўсход ад захаду, так здаліў ад нас выступы нашы.
 
Як далёкі ад захаду ўсход, так далёка Ён нашы праступкі ад нас аддаліў.

Як айцец спагадае дзяцём, спагадае СПАДАР тым, што баяцца Яго;
 
Як літуецца бацька над дзяцьмі, гэтак Госпад літуецца над тымі, што баяцца Яго.

Бо Ён ведае ўхармаваньне нашае, помне, што пыл мы.
 
Бо ведае Ён, з чаго зьлеплены мы, памятае, што мы — толькі пыл.

Людзіна — як трава, дні ейныя; як кветка палявая, так яна квіціць;
 
Чалавек — як трава, яго дні; як краска ў полі, так ён цьвіце.

Бо павее вецер на яе, і яе няма, і месца ейнага не пазнаюць.
 
Праляціць подмух ветру, і няма ўжо яго, і ўжо месца ягонае не пазнае яго.

Але міласэрдзе СПАДАРОВА ад веку да веку да тых, што баяцца Яго, і справядлівасьць Ягоная да сыноў сыноў,
 
Але ласка Гасподня ад веку й да веку над тымі, што баяцца Яго, і справядлівасьць Ягоная над сынамі сыноў

Да такіх, што дзяржаць змову Ягоную, і да тых, што памятуюць прызначаньні Ягоныя, каб паўніць іх.
 
тых, што хаваюць запавет Яго ды закон Яго памятаюць, каб спаўняці яго.

СПАДАР на нябёсах прыгатаваў пасад Свой, і гаспадарства Ягонае ўсе радзе.
 
Госпад паставіў пасад Свой на нябёсах, і царства Ягонае над усім пануе.

Дабраслаўце СПАДАРА, ангілы Ягоныя, дужыя сілаю, поўнячыя слова Ягонае, каб слухаць гуку слова Ягонага!
 
Багаслаўце Госпада вы, Ангелы Яго, вы, волаты сільныя, што загады Яго выпаўняеце, пакорныя голасу слова Ягонага!

Дабраслаўце СПАДАРА, усі войскі Ягоныя, службіты Ягоныя, што поўніце волю Ягоную!
 
Багаслаўце Госпада ўсе войскі Ягоныя, слугі Яго, што волю Яго выпаўняеце!

Дабраслаўце СПАДАРА, усі творы Ягоныя, на ўсіх месцах дзяржавы Ягонае! Дабраслаў, душа мая, СПАДАРА!
 
Багаслаўце Госпада ўсе творы Ягоныя па ўсіх месцах валадарства Яго! Багаслаў Госпада ты, мая душа!