Псалтыр 91 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Жывучы ў патайным схове Навышняга ў сьценю Ўсемагучага супачывае.
 
Шчасьлівы той, хто жыве пад заслонай Найвышэйшага ды пад ценем Усемагутнага.

Скажу СПАДАРУ: «Прытулішча а горад мой, Бог мой, — спадзяюся на Яго!»
 
Кажу я да Госпада: Ты мой прыпынак і цьвярдыня мая, мой Бог, на якога спадзяюся.

Бо Ён вывальне цябе ад сеці паляўнічага, ад няшчаснага мору;
 
Бо-ж Ён ратуе цябе ад сеці лаўца, ад мору сьмяротнага.

Пер’ям Сваім ахінець цябе, і пад крыламі Ягонымі схаваешся, шчыт а панцыр вернасьць Ягоная.
 
Пер’ем Сваім закрывае цябе, і пад крыльлем Ягоным схаваешся; праўда Яго — шчыт і заслона.

Не зьлякаешся жахаў ночы, стралы, што ляціць удзень,
 
Не палохайся страхаў начных, ні стралы, што ўдзень ляціць,

Мору, што ў цемні ходзе, зьнішчэньня, што пустоша паўднём.
 
ня бойся мору, што ў цемры крадзецца, заразы, што ў палудзень пустошыць.

Паваліцца ля боку твайго тысяча і дзесяць тысячаў па правай руццэ тваёй; але да цябе не дабліжыцца.
 
Хоцьбы тысячы побач з табой паляглі й мірыяды праваруч ад цябе, да цябе яна не падыйдзе.

Ты адно ачыма сваімі паглядзіш і заплату нягоднікаў пабачыш;
 
Толькі вачыма тваімі глядзець будзеш і ўбачыш з бязбожнымі расплату.

Бо Ты, СПАДАРУ, прытулішча мае, — бо Навышняга ты ўстанавіў за схоў свой.
 
За тое, што ты казаў: Госпад — надзея мая, — ды Найвышэйшага выбраў сабе за прыпынак,

Ня прыгодзіцца табе ліха, і ніякі выцень не дабліжыцца да будану твайго;
 
ня сустрэне няшчасьце цябе, і пошасьць не падыйдзе да палаткі тваёй.

Бо Ён ангілам сваім раскажа празь цябе сьцерагчы цябе на ўсіх дарогах тваіх.
 
Бо Ён дасьць загад аб табе Сваім Ангелам, каб цябе сьцераглі на ўсіх сьцежках тваіх.

На далонях панясуць цябе, каб ты ня выцяўся аб камень нагою сваёю.
 
На руках сваіх панясуць цябе, каб нага твая не спаткнулася аб камень.

На лява а гада наступіш; патопчаш левянё а смока.
 
На львоў і гадаў ступаці будзеш, львянятаў і зьмеяў патопчаш.

«За тое, што ён жадаў Мяне, выбаўлю яго; памяшчу яго на вышыні, бо ён пазнаў імя Мае.
 
За тое, што Мяне ўзьлюбіў ён, спасу яго; узвышу яго, бо імя Маё ведае.

Як загукае да Мяне, Я адкажу яму; Я буду зь ім у ватузе; выратую яго і ўшчу яго;
 
Будзе клікаць Мяне, дык Я выслухаю яго; пры ім Я ў тузе, вызвалю яго ды услаўлю.

Даўгімі днямі насычу яго, і пакажу яму спасеньне Свае».
 
Насычу яго доўгім векам і спасеньне Маё дам угледзіць.