Псалтыр 79 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Псальма Асафова. Божа! пагане ўвыйшлі ў спадак Твой; сплюгавілі сьвяты палац Твой; абярнулі Ерузалім у кучы;
Псальм Асапавы. Божа, пагане напалі на Тваю спадчыну, апаганілі храм Твой сьвяты, Ерузалім у руіну абярнулі.
Трупы слугаў Тваіх аддалі на жыр птушкам нябёсным, целы дабрачэсьлівых Тваіх — зьвяром земным;
Трупы рабоў Тваіх аддалі на жыр птушкам нябесным, целы пабожных Тваіх — зьвяром зямным.
Разьлілі кроў іхную, як ваду, навокал Ерузаліму, і няма пахоўніка.
Іх кроў, як ваду, пралілі навакол Ерузаліму, і некаму было іх хаваць.
Мы сталі ганьбаю суседзям сваім, грэбаваньням а пасьмехам акружаючым нас.
Мы сталіся пасьмешышчам у суседзяў нашых, наруганьнем і ганьбай у акружаючых нас.
Пакуль СПАДАРУ? ці Ты будзеш гневацца назаўсёды? Ці будзе гарэць, бы цяпло, завісьць Твая?
Дакуль, Госпадзе, будзеш гневацца бясспынна, дакуль ярасьць Твая паланець будзе?
Вылі гнеў Свой на народы, што ня знаюць Цябе, і на каралеўствы, што ня гукаюць імені Твайго;
Вылі гнеў Твой на народы, што ня ведаюць Цябе, ды на царствы, што іменьня Твайго не прызываюць,
Бо пажэрлі Якава й сялібу ягоную спустошылі.
бо зжэрлі Якуба і жыльлё яго зруйнавалі.
Не ўспамінай нам бяспраўяў першых нашых; няхай спагадлівасьць Твая ўборзьдзе пярэйме нас, бо мы пагалелі.
Не палічы нам грахоў даўнейшых; няхай нас сустрэне міласэрнасьць Твая чым хутчэй, бо вельмі мы зьнемагліся.
Памажы нам, Божа спасеньня нашага, дзеля славы імені Свайго; выбаў нас і даруй грахі нашы дзеля імені Свайго.
Памажы нам, о Божа, Збавіцелю наш, дзеля чэсьці іменьня Твайго; ратуй і даруй грахі нашы дзеля іменьня Твайго!
Нашто б народы казалі: «Ідзе ё Бог іх?» няхай стане ведамнаю перад ачыма нашымі памеж народаў помста за разьлітую кроў слугаў Тваіх.
Дзеля чаго-б казаці паганам: Дзе Бог іх? Няхай на паганах, у нас на вачох, ведама станецца помста за кроў рабоў Тваіх, што праліта!
Няхай прыйдзе перад від Твой уздых вязьняў; вяліччам пляча Свайго захавай сыноў сьмерці,
Няхай дойдуць да Цябе стогны вязьняў! Магутнай сілай Тваей на сьмерць празначаных вызваль
І зьвярні ў сем рэдзяў суседзям нашым у вулоньне ім ганьбеньне іхнае, якім яны ганьбілі Цябе, Спадару!
і нашым суседзям вярні сямікротна ў нутро іх зьнявагу, якой яны, Госнадзе, Цябе зьневажалі!
А мы, люд Твой і авечкі пасты Твае, будзем дзякаваць Табе на векі, ад пакаленьня ў пакаленьне будзем вылічаць хвалу Тваю.
А мы, Твой народ і авечкі пасты Тваёй, будзем вечна хваліць Цябе й з роду ў род славу Тваю абвяшчаць.