Псалтыр 25 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Давідава. Да Цябе, СПАДАРУ ўзьнімаю душу сваю.
Псальм Давідавы. Да Цябе, Госпадзе, узьнімаю я душу маю.
Божа мой! на Цябе я спадзяюся, няхай ня буду засаромлены, няхай непрыяцелі мае не захапляюцца з радасьці зь мяне.
Божа мой! На Цябе спадзяюся; ня дай жа мяне асароміць, ня дай ворагам маім быць нада мной пераможцамі.
І ўсі, што спадзяюцца на Цябе, ня будуць засаромлены; будуць засаромленыя тыя, што бяз прычыны ізрадныя.
Бо-ж ніколі ня будуць асаромлены ўсе, што на Цябе спадзяюцца; асаромлены будуць тыя, што адступаюцца без дай прычыны.
Дарогі Свае, СПАДАРУ, азнаймі імне; сьцежкаў Сваіх наўчы мяне.
Госпадзе, пакажы мне шляхі Тваі, навучы, дзе сьцежкі Твае.
Вядзі мяне ў праўдзе Сваёй і наўчы мяне; бо Ты Бог спасеньня майго, на Цябе я спадзяюся ўвесь дзень.
Дай мне хадзіці ў праўдзе Тваёй і навучы; бо Ты ёсьць Бог, Які мяне ўспамагае: на Цябе спадзяюся заўсёды.
Памятуй міласэрдзе Свае, СПАДАРУ, і ласку Сваю, бо спрадвеку яны.
Прыпомні аб міласэрнасьці Тваёй, Госпадзе, ды аб ласках Тваіх, бо яны ад вякоў.
Грахоў маладосьці мае і выступаў маіх не ўспамінай; подле міласэрдзя Свайго ўспомні мяне Ты, дзеля дабрыні Свае, СПАДАРУ!
Аб грахох моладасьці маёй ды аб праступках маіх не ўспамінай: успомні аба мне паводле ласкавасьці Тваёй, паводле дабраты Тваёй, Госпадзе!
Добры а верны СПАДАР; і затым наўчае грэшнікаў у дарозе;
Госпад добры й справядлівы, дык паказуе дарогу грэшнікам.
Водзе лагодных у судзе і наўчае лагодных дарогі Свае.
Ён вядзе пакорных да праўды і ўбогім сьцежкі Свае паказуе.
Усі дарогі СПАДАРОВЫ — ласка а праўда тым, што дзяржаць змову Ягоную а сьветчаньні Ягоныя.
Усе шляхі Гасподнія — ласка ды праўда для тых, што заховываюць запаведзь Яго і аб’явы Ягоныя.
Дзеля імені Свайго, СПАДАРУ, даруй бяспраўе мае, бо яно вялікае.
Дзеля іменьня Твайго, Госпадзе, даруй мне віну маю, бо-ж надта яна вялікая!
Хто тый муж, што баіцца СПАДАРА? Ён наўчае ў дарозе, што яму абраць.
Хто ёсьць чалавек, што Госпада баіцца? Яму Ён пакажа дарогу, якую выбраць яму.
Душа ягоная ў дабру будзе перабываць, і насеньню ягонаму спадзець зямля.
Душа яго бытаваціме ў шчасьці, а насеньне ягонае зямлю ў спадчыну дастане.
Тайна СПАДАРОВА тым, што баяцца Яго, і змову Сваю Ён азнаймляе ім.
Тайна Госпада выяўляецца тым, што баяцца Яго, і запаведзь Сваю ім Ён абвяшчае.
Вочы мае штачасна да СПАДАРА, бо Ён выблытае ізь сеці ногі мае.
Вочы мае заўсёды на Госпада ўзіраюцца, бо Ён выцягне з сеці ногі мае.
Абярніся да мяне й зьмілуйся над імною, бо я адзінокі а гаротны.
Зірні на мяне і зьлітуйся нада мною, бо адзінокі я й уцісьнёны.
Гарота сэрца майго пашырылася, — з уціскаў маіх вывядзі мяне.
Тузе сэрца майго дай прастору і вывядзі мяне з бедаў маіх!
Зваж на гора мае а стому маю і даруй усі грахі мае.
Глянь на мукі мае і нядолю маю і даруй мне ўсе грахі мае!
Глянь на непрыяцеляў маіх, бо іх шмат, і глабальнаю ненавіднасьцю ненавідзяць яны мяне.
Глянь на ворагаў маіх, як многа іх, ды як мяне ненавідзяць яны несправядліва!
Усьцеражы душу маю, і вывальні мяне; няхай ня буду паганьбены, бо я здаюся на Цябе.
Захавай душу май і спасі мяне, каб ня быў я асаромлены, бо ў Цябе я шукаю прыпынку.
Беззаганнасьць а пасьцівасьць хай крыюць мяне, бо я на Цябе спадзяюся.
Няхай захаваюць мяне нявіннасьць і справядлівасьць, бо на Цябе спадзяюся.
Выкупі, Божа, Ізраеля з усіх бедаў ягоных.
О, Божа! Выбаў Ізраіля з усіх бедаў ягоных!