Псалтыр 71 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Да Цябе, СПАДАРУ, уцякаю; няхай не засаромлюся на векі!
Пры Табе, о Госпадзе, шукаю прыпынку. Ня дай мне навек асароміцца!
У справядлівасьці Сваёй вывальні мяне й выбаў мяне; нахіні вуха Свае да мяне й выбаў мяне!
Збаў нас, вызваль мяне паводле Тваёй справядлівасьці! Прыхілі да мяне Тваё вуха і дай мне ўспамогу!
Будзь імне скалаю прытулішча прыходзіць кажначасна; Ты расказаў вывальніць мяне, бо скала мая а горад Ты.
Будзь мне скалой, што бароніць мяне, цьвярдыняю моцнай, каб мне памагчы; бо Ты і скала і цьвярдыня мая.
Божа мой! выбаў мяне ад рукі нягоднікаў, ад рукі крыўдніка а ўцісканьніка;
З моцы бязбожнага вызваль мяне, Божа мой, з рукі беззаконнага і прыгнятацеля.
Бо Ты надзея мая, Спадару мой СПАДАРУ, давер мой з маладосьці мае.
Бо Ты, о Госпадзе, надзея мая, спадзяваньне маё змалку год!
На Цябе я апіраюся ад улоньня; з нутра маці мае Ты вывеў мяне; у Табе хвала мая кажначасна.
На Цябе я здаваўся ад матчына чэрава; з улоньня маткі Ты вывеў мяне; дык навекі Табе хвала ад мяне!
Быццам дзіва я быў шмат каму, але Ты моцны ўцёк мой.
Шмат хто глядзіць на мяне, як на дзіва; але Ты мне заслона магутная.
Мой рот напоўніцца хвалы Твае й харашыні Твае ўвесь дзень.
Вусны мае поўны славы Тваёй, што-дня яны славяць веліч Тваю.
Не адкінь мяне ў часе старасьці; як высіліцца сіла мая, не пакінь мяне,
Не адцурайся мяне ў маёй старасьці; калі счэзнуць сілы мае, Ты не пакінь мяне!
Бо змаўляюцца злосьнікі мае на мяне, і цікуючыя на душу маю радзяцца разам,
Бо змаўляюцца ворагі мае на мяне, і тыя, што сочаць за душою маёй, раяцца міжы сабою,
Кажучы: «Бог пакінуў яго; перасьлядуйце, схапіце яго, бо няма выбавіцеля».
кажучы: Бог пакінуў яго; дык ганіцеся за ім і схапіце яго, бо няма ў яго абаронцы!
Божа! не здаляйся ад мяне; Божа мой! на памогу імне барзьдзі.
Божа, ня будзь далёка ад мяне! Пасьпяшы, мой Божа, на помач да мяне!
Хай пасарамацяцца, хай шчэзнуць праціўнікі душы мае; хай зачырванеюцца із сораму а ганьбы шукаючыя ліха імне!
Каб былі асаромлены й зьнішчаны тыя, што ненавідзяць душу маю! Каб ганьбай і сорамам тыя пакрыліся, што жадаюць нядолі маёй!
А я буду кажначасна спадзявацца й буду павялічаць хвалу Табе.
Я-ж заўсёды буду чакаць і множыць славу Тваю.
Мой рот будзе абяшчаць справядлівасьць Тваю, увесь дзень праз спасеньне Твае, бо я ня ведаю лікаў іх.
Справядлівасьць Тваю будуць вусны мае абвяшчаць, пра збаўленьне ўсьцяж гаварыць, бо ім лічбы ня ведаю я!
Увыйду ў моцы Спадара СПАДАРА, буду менаваць справядлівасьць, Тваю адно.
Выступаць буду сілай вялікаю Госпада, буду славіць Тваю справядлівасьць, толькі Тваю!
Божа, Ты вучыў мяне з маладосьці мае; і дагэтуль я абяшчаю чудосы Твае.
Змалку дзён Ты вучыў мяне, Божа, і дагэтуль я цуды Твае абвяшчаю.
І аж да старасьці а сівізны, Божа, не пакінь мяне, пакуль не агалашу плячо Твае пакаленьню й кажнаму прыйдучаму празь сілу Тваю.
І да старасьці, і да сівізны не пакідай мяне, Божа, пакуль я пра сілу Тваю не накажу пакаленьню вось гэтаму ды пра моц Тваю — ўсім, што народзяцца йшчэ.
А справядлівасьць Твая, Божа, да вышыні; Ты, што робіш вялікія справы, Божа, хто, як Ты?
Бо справядлівасьць Твая, о Божа, ажно да неба высокая; вялізнае, Божа, Ты учыніў, каму-ж зраўняцца з Табою?
Ты, Каторы даў імне шмат якія й ліхія немарасьці, Ты ізноў ажывіш мяне, з глыбіняў зямлі ізноў падыймеш мяне.
Ты нам даў перажыць многа бед і нягод, але Ты ажывіш нас нанова і з бяздоньняў зямлі зноў выцягнеш нас.
Ты памножыш вялічча мае і ўзноў пацешыш мяне.
Ты памножыш сілу маю і пацешыш мяне;
Таксама й я буду выхваляць Цябе на гусьлях, праўду Тваю, Божа мой; буду граць хвалу Табе на гарпе, Сьвяты Ізраеляў!
дык і я на псалтыры, мой Божа, буду хваліці Цябе і праўду Тваю! Буду на гусьлях іграці Табе, о Сьвяты Ізраіля!
Вусны мае будуць гукаць з радасьці, бо я пяю Табе, і душа мая, каторую Ты выбавіў.
Радыя вусны мае, як Табе я пяю, і душа мая, што Ты спас яе.
І язык мой увесь дзень будзе абяшчаць справядлівасьць Тваю, бо засарамочаны, бо паганьбены шукаючыя ліха імне.
І язык мой будзе што-дня абвяшчаць справядлівасьць Тваю, бо сорам і стыд на тых, што мне ліха шукаюць.