Псалтыр 33 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Гукайце з радасьці, справядлівыя, у СПАДАРУ! пасьцівым выпадае хваліць.
Псальм Давідавы.Радуйцеся ў Госпадзе, пабожныя; справядлівым выпадае выхваляць Яго.
Хваліце СПАДАРА на гарпе, на ліры дзесяціструннай грайце яму.
Слаўце Госпада на гусьлях, іграйце Яму на арфе дзесяціструннай!
Пейце Яму новую песьню; умела грайце, з гуканьням;
Сьпявайце Яму новую песьню; крэпка ўдарайце па струнах пры радасных гуках!
Бо слова СПАДАРОВА справядлівае, і ўсі справы Ягоныя ў вернасьці.
Бо праўдзівае слова Гасподняе, і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
Ён любе справядлівасьць а суд; ласкі СПАДАРОВАЕ поўная зямля.
Праўду і справядлівасьць любіць Ён; ласкай Гасподняй напоўнена зямля.
Словам СПАДАРОВЫМ нябёсы былі ўчынены, і духам вуснаў Ягоных — усі іх войскі.
Словам Гасподнім створаны нябёсы, подыхам вуснаў Ягоных усе войскі іх.
Як у гурбу, Ён зьбірае воды мора, у склады кладзець глыбіні.
Ён воды марскія зьбірае, быццам у мех, Ён кладзе іх на схоў.
Бойцеся СПАДАРА, уся зямля, будуць баяцца яго ўсі жыхары сьвету;
Няхай усенька зямля баіцца Госпада, няхай усе жыхары сусьвету дрыжаць перад Ім.
Бо Ён казаў, і сталася; Ён расказаў, і ўстанавілася.
Бо Ён даў загад — і сталася, Ён сказаў — і зьявілася.
СПАДАР разбурае рады народаў, нішча думкі людаў.
Госпад разьбіў мяркаваньні паганаў, зьнішчыў замыслы народаў.
Рада СПАДАРОВА на векі трывае, думкі сэрца Ягонага з роду ў род.
Прысуд Гасподні вякі трывае, думкі сэрца Ягонага із роду ды ў род.
Шчасьлівы народ, каторага СПАДАР ё Бог, люд, каторы Ён абраў за свой спадак!
Шчасьлівы народ, Богам якога ёсьць Госпад, — народ, што Ён выбраў на ўласнасьць Сабе.
Зь нябёс глядзіць СПАДАР, бача ўсіх сыноў людзкіх;
З неба Госпад паглядае і бачыць усіх сыноў чалавечых;
З пасаду, ідзе сядзіць, Ён аглядае ўсіх жыхараў зямлі.
з пасаду Свайго Ён глядзіць на ўсіх жыхараў зямлі.
Ён, Каторы хармуе сэрцы іх усіх і разумее ўсі ўчынкі іхныя.
Сэрца кожнага з іх Ён стварыў, на ўсе ўчынкі іх Ён зважае.
Кароль не ратуецца вялікім войскам, і дужасіл ня вывальніцца вялікаю сілаю.
Ня множствам войска цар перамагае, ня сіла вялікая бароніць волата:
Абмыльны конь на спасеньне, і вялікаю сілаю сваёю ён ня дасьць змогі ўцячы.
ашукаецца той, што жджэ ад каня перамогі, і ня выратуе яго веліч сілы ягонай.
Вось, вока СПАДАРОВА на тых, што баяцца Яго, на тых, што спадзяюцца на ласку Ягоную,
Запраўды, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, хто спадзяецца на ласку Ягоную,
Каб ратаваць ад сьмерці душы іхныя і жывіць іх у галадоў.
што іх душы ад сьмерці Ён вызваліць, а падчас галадухі жывымі іх захавае.
Душа наша чакае СПАДАРА: помач наша а шчыт наш Ён;
Чакае душа наша Госпада: Ён — помач нам і Ён — шчыт паш.
Бо ў Ім вяселіцца сэрца нашае, бо на імя Ягонае сьвятое мы спадзяемся.
Але, у Ім радуецца сэрца нашае; але, мы на імя Яго сьвятое спадзяемся.
Хай ласка Твая СПАДАРУ, будзе над намі, як мы спадзяемся на Цябе.
Ласка Твая, Госпадзе, хай так будзе над намі, як мы на Цябе спадзяемся!