Псалтыр 33 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Урачыста радуйцеся ў Ягове, (вы) праведныя! Шчырым прыстойна ўсхваляць.
 
Псальм Давідавы.Радуйцеся ў Госпадзе, пабожныя; справядлівым выпадае выхваляць Яго.

Услаўляйце Ягову на гарпе. Грайце Яму на дзесяціструнным.
 
Слаўце Госпада на гусьлях, іграйце Яму на арфе дзесяціструннай!

Сьпявайце Яму новую песьню; грайце Яму гучна з урачыстымі ўскліканьнямі!;
 
Сьпявайце Яму новую песьню; крэпка ўдарайце па струнах пры радасных гуках!

бо слова Яговы ёсьць праўдзівае, і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
 
Бо праўдзівае слова Гасподняе, і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.

Ён любіць справядлівасьць і праўду, зямля ёсьць поўная міласэрнасьці Яговы.
 
Праўду і справядлівасьць любіць Ён; ласкай Гасподняй напоўнена зямля.

Словам Яговы створаны Нябёсы, і подыхам Вуснаў Ягоных усе іхныя войскі.
 
Словам Гасподнім створаны нябёсы, подыхам вуснаў Ягоных усе войскі іх.

Ён зьбірае воды мора, як да́мбай, кладзе іх на схоў у глыбíні (зямлі).
 
Ён воды марскія зьбірае, быццам у мех, Ён кладзе іх на схоў.

Няхай баіцца Яговы ўся зямля; хай трымцяць перад Ім усе жыхары сьвету,
 
Няхай усенька зямля баіцца Госпада, няхай усе жыхары сусьвету дрыжаць перад Ім.

бо Ён сказаў — і сталася, Ён загадаў — і зьявілася.
 
Бо Ён даў загад — і сталася, Ён сказаў — і зьявілася.

Ягова разбурае намер паганаў, зьнішчае намыслы народаў.
 
Госпад разьбіў мяркаваньні паганаў, зьнішчыў замыслы народаў.

Пастанова Яговы трывае вечна, думкі Сэрца Ягонага з роду ў род.
 
Прысуд Гасподні вякі трывае, думкі сэрца Ягонага із роду ды ў род.

Шчасьлівы народ, Богам якога ёсьць Ягова, народ, які Ён выбраў Сабе ў спадчыну.
 
Шчасьлівы народ, Богам якога ёсьць Госпад, — народ, што Ён выбраў на ўласнасьць Сабе.

Ягова глядзіць зь Нябёсаў. Ён бачыць усіх сыноў чалавечых.
 
З неба Госпад паглядае і бачыць усіх сыноў чалавечых;

Зь мейсца Свайго існаваньня Ён глядзіць на ўсіх жыхароў зямлі.
 
з пасаду Свайго Ён глядзіць на ўсіх жыхараў зямлі.

Ён стварыў сэрца ўсіх іх, Ён зважае на ўсе іхныя ўчынкі.
 
Сэрца кожнага з іх Ён стварыў, на ўсе ўчынкі іх Ён зважае.

Кароль ня ратуецца вялікай сілай войска, і ня выратуе асілка яго вялікая сіла.
 
Ня множствам войска цар перамагае, ня сіла вялікая бароніць волата:

Марная надзея на каня для выратаваньня, і веліч сілы ягонай ня дапаможа пазьбегнуць.
 
ашукаецца той, што жджэ ад каня перамогі, і ня выратуе яго веліч сілы ягонай.

Вось! Вока Яговы на тых, якія баяцца Яго, на тых, якія спадзяюцца на Ягоную міласэрнасьць,
 
Запраўды, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, хто спадзяецца на ласку Ягоную,

каб вырваць душу іхную ад сьмерці і захаваць ім жыцьцё ў час голаду.
 
што іх душы ад сьмерці Ён вызваліць, а падчас галадухі жывымі іх захавае.

Душа́ наша чакае на Ягову, Ён — дапамога наша і шчыт наш,
 
Чакае душа наша Госпада: Ён — помач нам і Ён — шчыт паш.

бо ў Ім радуецца сэрца нашае, бо на Яго сьвятое Імя мы спадзяёмся.
 
Але, у Ім радуецца сэрца нашае; але, мы на імя Яго сьвятое спадзяемся.

Хай Твая міласэрнасьць, Ягова, будзе над намі, як мы на Цябе спадзяёмся!
 
Ласка Твая, Госпадзе, хай так будзе над намі, як мы на Цябе спадзяемся!