Псалтыр 132 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Песьня ўзыходжаньня. О, Ягова! Спамяні Давіда (і) усе ягоныя гароты,
Песьня ўзыходжаньня. Прыпомні, Госпадзе, Давіда й усе яго беды!
як ён прысягаў (Табе) Ягова, даваў абяцаньне Магутнаму Якубаваму:
Як ён Госпаду кляўся, даваў абяцаньне Сільнаму Якубаваму:
«(Я прысягаю, што) ня ўвайду ў палатку дому майго, (я прысягаю, што) ня ўзыйду на ложак пасьцелі маёй,
Не ўвайду я ў палатку маю, ня ўзыйду на пасьцель майго ложка,
(я прысягаю, што) ня дам сну вачам маім і павекам маім дрымоты,
ня дам вачам маім сну й павекам маім дрымоты,
пакуль ня знайду мейсца для Яговы, сялібу для Магутнага Якубавага!»
пакуль не знайду месца для Госпада, сялібы для Сільнага Якубавага!
Вось, мы чулі пра яго ў Яхраце, мы знайшлі яго ў палях Яару.
Вось, мы чулі аб ім у Яфраце ды знайшлі на прасторах лясістых.
Хадзем у сялібу Ягоную, паклонімся падножжу Ног Ягоных!
Хадзем у сялібу Ягоную, суклонімся прад падножжам стоп Яго.
Устань, о Ягова, да мейсца супачынку Твайго, Ты і Каўчэг магутнасьці Тваёй.
Вырушы-ж, Госпадзе, да месца супакою Твайго, Ты і скінія моцы Тваёй!
Хай сьвятары Твае апрануцца ў справядлівасьць, і сьвятыя Твае хай радуюцца.
Хай сьвяшчэньнікі Тваі праўдай апрануцца, хай сьвятыя Тваі весяляцца!
Дзеля Давіда, служкі Твайго, ня грэбуй тварам памазанца Твайго.
Дзеля Давіда, раба Твайго, памазанцу Твайму не адмоў!
Прысягнуў Ягова Давіду ў праўдзе; Ён ня адвернецца ад яе: «Ад плоду чэрава твайго Я пасаджу на пасад твой.
Кляўся Госпад Давіду вернай прысягай і ад яе не адступіцца: Таго, хто ёсьць плод твайго чэрава, пасаджу на пасадзе тваім.
Калі сыны твае захаваюць Запавет Мой і Сьведчаньні Мае, якім Я іх навучу: дык і іхныя сыны вечна сядзецьмуць на троне тваім», —
І калі будуць сыны Тваі пілнавацца Майго запавету ды аб’яваў Маіх, што буду іх навучаць, дык і іх сыны будуць навекі сядзець на пасадзе тваім.
бо Ягова выбраў Сыён і пажадаў яго Сабе на сялібу:
Бо Госпад выбраў Сыон, на сялібу Сабе пажадаўшы, ды мовіў:
«Гэта ёсьць мейсца Майго супакою навечна. Тут Я буду жыць, бо Я яго ўпадабаў.
Вось месца Майго супакою навекі: тут буду жыць, бо яго ўпадабаў.
Я буду шчодра багаслаўляць ежу ягоную, убогіх ягоных накармлю хлебам.
Багаслаўляць буду шчодра ежу яго, убогіх яго насычу хлебам.
Сьвятароў ягоных Я апрану ў выратаваньне, і сьвятыя ягоныя будуць радавацца, ды ўрачыста радавацца.
Сьвяшчэньнікаў ягоных апрану спасеньнем, і радавацца будуць пабожныя яго.
Там Я ўзрашчу рог Давіду, (і) Я прыгатую сьветач Памазанцу Майму.
Там Я ўзрашчу рог Давіду, там сьветач пастаўлю памазанцу Майму.
Ворагаў ягоных Я апрану ў сорам, а на ім будзе зьзяць карона ягоная».
Ворагаў ягоных Я ганьбай пакрыю, на ім жа зьяць будзе карона яго.