Псалтыр 17 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Малітва Давідавая. Зваж, Ягова, на справядлівасьць маю! Зваж на лямант мой! Прыхілі Вуха Тваё да малітвы маёй з вуснаў няманлівых!
Малітва Давідавая. Выслухай, Госпадзе, справу справядлівага! Зваж на лямант мой! Прыймі маленьне маё із вуснаў нефальшывых!
Ад Аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; Вочы Твае бачаць справядлівасьць (маю).
Ад аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; вочы Твае бачаць, што справядліва.
Ты выпрабоўваеш маё сэрца. Ты дасьледуеш мяне ўначы. Ты дасьледуеш мяне, але нічога ўва мне ня знаходзіш. Я гавару толькі тое, што думаю.
Калі Ты выпрабовываеш сэрца маё, уначы адведываеш ды грунтоўна распазнаеш мяне, дык не знаходзіш ніякіх благіх думак у-ва мне, і вусны мае не грашаць.
У справах людзкіх я сьцярогся ад сьцежак згубцы паводля слоў Вуснаў Тваіх.
У справах чалавечых, паводле слова вуснаў Тваіх, я высьцерагаўся шляхоў гнібіцеляў.
Мае крокі трымаюцца моцна Тваіх сьлядоў. Мае ногі ня хістаюцца.
Крокі мае дзяржаліся каляінаў Тваіх; стопы мае ня хісталіся.
Я гукаю да Цябе, таму што Ты, Божа, слухаеш Мяне. Нахілі Вуха Тваё да мяне. Выслухай словы мае.
Да Цябе я гукаю, бо Ты, Божа, выслухаеш мяне; прыхілі да мяне вуха Тваё, пачуй словы мае!
Зьяві цудоўна міласэрнасьць Тваю, Ты ратавальнік тых, якія шукаюць сховішча ў Правіцы Тваёй ад няпрыяцеляў.
Пакажы дзіўную ласку Тваю, бо Ты Збавіцель тых, што ў правіцы Тваёй шукаюць абароны ад ворагаў.
Сьцеражы мяне, як зрэнку вока. У засені Тваіх Крылаў аслані мяне
Захавай мяне, як зрэнку вока; у цяню крыльляў Тваіх укрый Ты мяне
ад бязбожнікаў, якія чыняць мне гвалт, ад маіх сьмяротных ворагаў, якія акружылі мяне.
ад бязбожнікаў, што гвалт учынілі нада мной, ад ворагаў маіх, што прагавіта абступілі мяне:
Яны замкнулі сваё сытае сэрца. Пагардліва гавораць вуснамі сваімі.
яны схаваліся ў туку сваім, вуснамі сваімі яны дзёрзкае гавораць.
На кожным кроку нашым цяпер яны абступілі нас. Яны ўтаропілі вочы свае, каб нас штурхнуць на зямлю.
На кожным кроку цяпер яны нас абступаюць; іх думкі шукаюць, каб нас да зямлі прыбіці.
Ён, як леў, які прагне здабычы, і, як малады леў, які сядзіць у засадзе.
Яны падобны да льва, што шукае дабычы, і да львянятка, што ў засадзе ляжыць.
Паўстань, Ягова! пераймі яго! Штурхні яго долу! Выбаві душу маю ад бязбожніка ме́чам Тваім,
Паўстань, Госпадзе! Выйдзі супраць іх, павалі Ты іх! Мячом Тваім ратуй жыцьцё маё ад бязбожніка,
Тваёй Рукой, Ягова, ад людзей, ад людзей гэтага сьвету. Іхная доля ў гэтым жыцьці, і іхныя чэравы напаўняеш Ты са скарбонак Тваіх. Яны маюць многа сыноў, і свой лішак яны пакідаюць сваім дзецям.
ад людзей — Тваёй рукой, Госпадзе! — ад людзей сьвету, што толькі ў гэтым жыцьці надзею сваю пакладаюць, а чэрава іх Ты із скарбніцы Тваёй напаўняеш; многа сыноў яны маюць і лішак свой дзецям кідаюць сваім.
А я буду разглядаць Аблічча Тваё ў праўдзе, калі я абуджуся ад сну, буду насычацца Вобразам Тваім.
Я-ж за справядлівасьць маю ўбачу аблічча Тваё: збудзіўшыся, буду Тваім абразом насычацца.