Псалтыр 81 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Кіраўніку хору. На Ґіфскай музыцкай снадзі. Асафова.
 
Кіраўніку хору: на лад Гацкі. Псальм Асапавы.

Пейце Богу, сіле нашай; гукайце Богу Якава;
 
Радасна сьпявайце перад Богам, нашай Цьвярдыняй; слаўце Бога Якубавага!

Завядзі песьню, і дайце бубён, гарпу прыемную разам ізь ліраю;
 
Зацягнеце псальм, зайграйце на цымбалах, на гусьлях мілагучных ды з псалтырам.

Трубіце ў рог на маладзіку, у поўню, у сьвята наша;
 
Трубіце на трубах у маладзік ды ў поўню, у дзень нашага сьвята,

Бо ўстава Ізраеля гэта, права Бога Якававага.
 
бо гэткі закон у Ізраіля, запавет Бога Якубавага.

На сьветчаньне ў Язэпу Ён пастанавіў гэта, як ступіў на зямлю Ягіпецкую. Мову, каторае ня знаў, я чуў:
 
Ён устанавіў гэта дзеля сьведчаньня для Язэпа, як ішоў із Эгіпту. І пачуў я мову, якое дагэтуль ня ведаў:

«Я адхінуў ад цяжару плячо ягонае, рукі ягоныя вывальніў ад каша.
 
Я звольніў сьпіну яго ад цяжару, яго рукі вольныя ад карзінаў.

У ўціску ты гукаў, і Я выбавіў цябе; Я адказаў табе ў тайным месцу грому, прабаваў цябе на водах Мерывы. Сэля.
 
У бядзе ты паклікаў Мяне, і Я ратаваў цябе; пачуў цябе з хмары грымотнае, пры водах Мэрыбскіх выспрабаваў цябе. (Зэля)

Слухай, людзе Мой, і Я буду сьветчыць табе; О Ізраелю, калі б ты паслухаў Мяне!
 
Слухай, народзе Мой; Я цябе буду вучыць, Ізраілю! О, каб ты паслухаўся Мяне!

Хай ня будзе ў цябе чужога бога, і ня кланяйся богу чужаземнаму.
 
Каб ня было ў цябе бога чужога, каб не пакланяўся ты богу чужацкаму!

Я — СПАДАР, Бог твой, Каторы ўзьвёў цябе ізь зямлі Ягіпецкае; шырака рашчыні рот свой, і Я напоўню яго.
 
Я Госпад, Бог твой, што вывеў цябе із зямлі Эгіпецкай; расчыні шырака вусны твае, і Я іх напоўню.

І ня слухаў люд Мой голасу Майго, Ізраель не хацеў Мяне;
 
Ды народ Мой не паслухаўся голасу Майго, і Ізраіль ня быў паслухмяны.

І Я пусьціў іх на ўпорлівасьць сэрцаў іхных, хай ідуць подле радаў сваіх.
 
Дык Я іх пакінуў упорству іхняга сэрца, каб хадзілі паводле думак сваіх.

О каб люд Мой паслухаў Мяне, каб Ізраель хадзіў па дарогах Маіх!
 
О, калі-б жа народ Мой мяне быў паслухаўся, каб Ізраіль хадзіў сьцежкамі Маімі!

Яшчэ крыху, і Я ўборзьдзе непрыяцеляў іхных услышыў бы, і на ўцісканьнікаў іхных павярнуў бы руку Сваю;
 
Я-б хутка ворагаў іх пакарыў, і рука Мая проці перасьледавацеляў іхніх павярнулася-бы.

Ненавідзячыя СПАДАРА зьгіналіся б перад імі, і трываў бы на векі іх час;
 
І тыя, што Госпада ненавідзяць, мусілі-б лесьціць, а іхняе шчасьце трывала-б навекі.

Я жывіў бы вас тукам пшонкі і мёдам із скалы насыціў бы вас».
 
І пшаніцай найлепшай карміў-бы Я іх, і насычаў-бы іх мёдам з скалы.