Псалтыр 75 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Кіраўніку хору: на лад: “Не загубляй!”. Псальм Асафа. Сьпеў.
 

Славім мы Цябе, Божа, славім, і тыя, што блізкія да імя Твайго, абвяшчаюць цуды Твае.
 

«Калі Я прызначу [месца] спатканьня, Я буду судзіць паводле справядлівасьці.
 

Калі растапляецца зямля і ўсе, хто жыве на ёй, Я ўзважваю слупы яе. (Сэлях)
 

Я кажу да тых, якія хваляцца сабою: “Не хваліцеся!”, і да бязбожных: “Не падымайце рогі!
 

Не падымайце высока рогі свае, не прамаўляйце, дзёрзка [трымаючы] шыю!”»
 

Бо ані з усходу, ані з захаду, ані з пустыні вывышэньне,
 

але Бог ёсьць Судзьдзя, гэтага Ён паніжае, а таго вывышае.
 

Бо ў руцэ ГОСПАДА келіх з віном, якое пеніцца; ён поўны напою зьмяшанага, і Ён з яго налівае, але толькі фуз ягоны будуць піць усе бязбожнікі на зямлі.
 

А я буду апавядаць [пра гэта] вечна, буду выслаўляць Бога Якуба.
 

І ўсе рогі бязбожнікам я адсяку, і будуць узьнятыя рогі праведнага.