Псалтыр 80 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Кіраўніку хору: на лад: “Лілея сьведчаньня”. Псальм Асафа.
 

Пастыру Ізраіля, прыхілі вуха! Ты, Які, як авечкі, водзіш Язэпа, Які на херувімах сядаеш, зазьзяй!
 

Перад абліччам Эфраіма, і Бэн’яміна, і Манасы абудзі магутнасьць Тваю і прыйдзі збавіць нас!
 

Божа, вярні нас назад. Асьвяці нас абліччам Тваім, і будзем збаўленыя!
 

ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, дакуль Ты будзеш у гневе пры малітве народу Твайго?
 

Ты накарміў іх хлебам сьлёзаў і шчодра сьлязьмі напаіў іх.
 

Ты паставіў нас як [костку] нязгоды дзеля суседзяў нашых, і ворагі нашыя кпяць з нас.
 

Божа Магуцьцяў, вярні нас назад. Асьвяці нас абліччам Тваім, і будзем збаўленыя!
 

Ты вінаградную лазу вынес з Эгіпту, выгнаў народы і яе пасадзіў.
 

Ты расчысьціў [месца] перад абліччам яе, і ўкараніў карані ейныя, і яна напоўніла зямлю.
 

Горы пакрыліся ценем яе, і вецьце яе — як кедры Божыя.
 

Яна пусьціла галіны свае аж да мора, і парасткі свае — да ракі.
 

Чаму Ты раскідаў агароджу ейную, і кожны, хто ідзе дарогаю, абрывае яе?
 

Дзік лясны падкопвае яе, і зьвер палявы пасьвіцца ў ёй.
 

Божа Магуцьцяў, павярніся [да нас], зірні з неба, і паглядзі, і наведай вінаградную лазу гэтую!
 

Захавай тое, што правіца Твая пасадзіла, і парасткі, якія Ты для Сябе ўмацаваў.
 

Яны спалены агнём і пасечаны, і гінуць ад гневу аблічча Твайго.
 

Няхай рука Твая будзе над мужам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў для Сябе!
 

А мы не адступімся ад Цябе; ажыві нас, і мы будзем клікаць імя Тваё.
 

ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, вярні нас назад. Асьвяці нас абліччам Тваім, і будзем збаўленыя!