Псалтыр 139 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Кіраўніку хору. Давіда. Псальм. ГОСПАДЗЕ, Ты дасьледаваў мяне і ведаеш [мяне].
 

Ты ведаеш, калі я сядаю і калі я ўстаю; разумееш думку маю здалёк.
 

Сьцежку маю і ляжаньне маё Ты спазнаў, і ўсе шляхі мае Табе вядомыя.
 

Бо няма яшчэ словаў на языку маім, а Ты, ГОСПАДЗЕ, ведаеш усё.
 

Ззаду і сьпераду Ты абняў мяне і паклаў на мяне руку Тваю.
 

Надзвычай дзівоснае веданьне, перавышае мяне, не магу яго сьцяміць!
 

Куды мне ісьці ад Духа Твайго і ад аблічча Твайго куды ўцячы?
 

Калі б я ўзыйшоў на неба, Ты там; калі б паслаў сабе [ложак] у пекле, — вось, [і там] Ты!
 

Калі б я ўзяў крылы сьвітаньня, калі б пасяліўся на канцы мора,
 

там таксама рука Твая вадзіла б мяне, і трымала б мяне правіца Твая.
 

Калі б я сказаў: «Няхай цемра пакрые мяне, і ноччу няхай станецца сьвятло вакол мяне»,
 

дык і цемра ня будзе цёмнай для Цябе, і ноч заясьнее, як дзень; цемра, як сьвятло.
 

Бо Ты стварыў ныркі мае, выткаў мяне ва ўлоньні маці маёй.
 

Слаўлю Цябе, бо я захапляльна і дзівосна збудаваны; цудоўныя справы Твае, і душа мая ведае [гэта] добра.
 

Не былі схаваныя косткі мае перад Табою, калі я кшталтаваўся пад заслонай, быў вытканы ў глыбінях зямлі.
 

Зародак мой бачылі вочы Твае; і ў кнізе Тваёй запісаны ўсе дні, што былі вызначаны, калі яшчэ ніводнага з іх не было.
 

Якія каштоўныя для мяне думкі Твае, Божа, якая вялікая безьліч іх!
 

Лічу іх, але іх больш, чым пяску. Я буджуся, і я ўсьцяж з Табою.
 

Калі б Ты, Божа, забіў бязбожніка, тады людзі крывавыя адыйдуць ад мяне.
 

Яны гавораць супраць Цябе зламыснае; дарэмна робяць сябе ворагамі Тваімі.
 

Ці ж ня мушу я ненавідзець тых, што ненавідзяць Цябе, ГОСПАДЗЕ, і брыдзіцца тымі, што супраць Цябе паўстаюць?
 

Нянавісьцю поўнай я іх ненавіджу, яны сталіся ворагамі для мяне.
 

Дасьледуй мяне, Божа, і спазнай сэрца маё, выспрабуй мяне і спазнай думкі мае!
 

І паглядзі, ці не на гаротным я шляху, і шляхам вечнасьці вядзі мяне.