Псалтыр 76 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Псальм Асафа. Сьпеў.
 

Вядомы ў Юдэі Бог, вялікае ў Ізраілі імя Ягонае.
 

І паўстаў у Салеме схоў Ягоны, і жытло Ягонае — на Сыёне.
 

Там Ён скрышыў стрэлы луку, шчыт і меч, і вайну. (Сэлях)
 

Ты зьзяеш, Ты слаўнейшы за горы здабычы.
 

Зрабаваныя моцныя сэрцам, дрэмлюць сном сваім, і не знайшлі ўсе мужы дужыя рук сваіх.
 

Ад пагрозаў Тваіх, Божа Якуба, здрантвелі і калясьніца, і конь.
 

Ты, [толькі] Ты [напаўняеш] страхам, і хто можа ўстаяць перад абліччам Тваім у час гневу Твайго?
 

З неба Ты даеш пачуць прысуд, зямля ў страху і маўчаньні,
 

калі Бог падняўся на суд, каб збавіць усіх уцісканых на зямлі. (Сэлях)
 

Бо [нават] ярасьць чалавека будзе славіць Цябе, парэшткамі ярасьці Ты падпярэжашся.
 

Давайце і спаўняйце абяцаньні ГОСПАДУ, Богу вашаму; усе, што навакол Яго, нясіце дары Страшліваму.
 

Ён пазбаўляе духу князёў, Ён страшны для валадароў зямных.