3 царстваў 7 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
А свой дом будаваў Саламон трынаццаць гадоў, пакуль цалкам закончыў яго.
Таксама збудаваў ён дом з лесу лібанскага ў сто локцяў даўжыні, і пяцьдзесят локцяў шырыні, і трыццаць локцяў вышыні на чатырох радах кедравых слупоў, і кедравыя бярвенні былі пакладзеныя на слупы.
І дах быў кедравы, на вышыні, на сарака пяці плітах, што размяшчаліся на слупах, па пятнаццаць у адным радзе, —
і тры крайнія рады, акно ля акна тры разы.
Дзверы, гэта значыць, вушакі, мелі чатырохвугольны край.
І зрабіў ён прысенак са слупамі ў пяцьдзесят локцяў даўжыні і трыццаць локцяў шырыні, і другі прысенак перад большым прысенкам, і слупы, і агароджу перад імі.
Апрача гэтага, зрабіў прысенак з пасадам, дзе быў суд, і абшыў яго дошкай кедравай ад падлогі і аж да столі.
І дом, у якім жыў, быў у іншай зале ўнутры прысенка, і такім жа чынам зроблены. Збудаваў ён таксама дом, падобны да таго прысенка, для дачкі фараона, якую ўзяў за жонку Саламон.
Усё было з адборных камянёў, якія былі распілаваны па пэўным узоры і памеры, як унутры, так і звонку, — ад падмурка да столі, і звонку аж да большай залі.
А падмурак быў з адборных камянёў, камянёў вялікіх, у дзесяць або восем локцяў.
І над падмуркам — адборныя камяні, распілаваныя па памеры, і бярвенні кедравыя.
І большая зала мела наўкола тры рады з распілаваных камянёў і адзін рад з абчэсанага кедра; падобна як унутраная зала святыні Госпада і прысенак святыні.
Паслаў таксама цар Саламон узяць з Тыра Гірама,
сына ўдавы з пакалення Нэфталі, з бацькам яго, тырцам, медніка, які быў поўны мудрасці, і розуму, і ведаў, каб выканаць усякую работу па медзі. Калі прыбыў ён да цара Саламона, зрабіў ён усё, што той яму даручыў.
І адліў ён два слупы медныя: адзін у васемнаццаць локцяў вышыні і дванаццаць локцяў наўкола і таўшчынёю ў чатыры пальцы, і ўнутры — полы; і другі такі самы.
Адліў ён таксама дзве капітэлі з расплаўленай медзі, якія размяшчаліся наверсе, на слупах; адна капітэль мела пяць локцяў вышыні і пяць локцяў вышыні мела другая капітэль,
і на капітэлях, якія былі наверсе, на слупах, былі сплецены нібы на манер тканіны, ніці па ўзоры ланцужкоў, злучаных між сабою цудоўнай работаю, сем на адной капітэлі, і сем на другой капітэлі.
І зрабіў ён па два рады гранатавых яблыкаў кругом кожнага спляцення, каб пакрывалі капітэлі, якія былі наверсе, на слупах; такім жа чынам аздобіў і другую капітэль.
А капітэлі, якія былі наверсе, на слупах, у прысценку мелі выгляд лілеі ў чатыры локці велічыні.
Да таго ж другія капітэлі на абодвух слупах, таксама наверсе, ля поласці, што была над спляценнем. А дзвесце яблыкаў гранатавых у два рады былі вакол адной капітэлі і столькі ж вакол другой капітэлі.
І два слупы паставіў ён у прысценку святыні; і пастаўлены з правага боку слуп ён назваў Яхін, і пастаўлены з левага боку слуп назваў Баоз.
І наверсе, на тых слупах, ён размясціў выявы лілеяў; так была закончана работа над слупамі.
Таксама зрабіў ён з расплаўленай медзі мора, ад берага да берага дзесяць локцяў, круглае, вышыня яго пяць локцяў; і вяроўка ў трыццаць локцяў абвівала яго наўкола.
І ніжэй берагоў мора акружалі яго выявы пладоў, два рады літых выяў у адным ліцці з морам.
Гэтае мора стаяла на дванаццаці валах, з якіх тры глядзелі на поўнач, і тры — на ўсход, і тры — на захад, і тры — на поўдзень; і мора было на іх; усе зады іх хаваліся ў сярэдзіну.
Таўшчыня купелі мела памер далоні, і губа яе была быццам губа кветкавай чашачкі і пялёстак лілеі, якая распусцілася; мела яна дзве тысячы батаў.
Зрабіў ён дзесяць медных падножжаў: кожнае падножжа мела чатыры локці даўжыні, і чатыры локці шырыні, і тры локці вышыні.
Падножжы гэтыя былі зроблены так: мелі яны ліштвы, і да таго ж ліштвы між падпоркамі
На ліштвах між падпоркамі былі львы, і валы, і херубіны і над падпоркамі — таксама над і пад ільвамі, і валамі былі гірлянды каванай работы.
І кожнае падножжа мела чатыры медныя колы на медных восях, і чатыры ножкі ў выглядзе круглых выступаў, адлітых пад купеллю насупраць кожнай гірлянды.
І яго адтуліна была круглая накшталт падножжа; у адтуліне былі таксама розныя выявы, але ліштвы яго былі не круглыя, але чатырохкутныя.
Таксама чатыры колы былі пад ліштвамі, і восі колаў былі прымацаваныя да падножжа; вышыня аднаго кола была паўтара локця.
А колы былі зробленыя, як звычайна робяцца колы для калясніцы, і восі іх, і абады іх, і спіцы, і калодкі — усё было адлітае.
Бо і тыя чатыры круглыя выступы на кожным рагу кожнага падножжа былі адліты з самога падножжа і злучаны з ім.
А на вяршыні падножжа было адно закругленне ў паўлокця, і на вяршыні падножжа — яго падпоркі і яго ліштвы з яго самога.
Таксама на тых перакрыццях, на яго восях і над ліштвамі яго выразаў ён кругом херубінаў, і львоў, і пальмы, і гірлянды адпаведна іх пустотаў.
Такім вось спосабам зрабіў ён дзесяць падножжаў аднолькавага ліцця, аднолькавага памеру і выгляду.
Зрабіў ён таксама дзесяць купеляў медных; кожная купель змяшчала сорак батаў і мела чатыры локці; і на кожным падножжы ён размясціў па адной купелі, гэта значыць на дзесяці падножжах.
І паставіў ён дзесяць падножжаў: пяць у правай частцы святыні і пяць у левай; а мора памясціў у правай частцы святыні насупраць усходу на поўдні.
Таксама зрабіў Гірам каўшы, і курыльніцы, і чары; і скончыў Гірам усе работы, якія меў споўніць для цара Саламона ў святыні Госпада;
два слупы і два шары капітэляў на вяршынях слупоў, і дзве гірлянды на прыкрыццё двух шароў на вяршынях слупоў;
і чатырыста яблыкаў гранатавых на абедзвюх гірляндах, па два рады яблыкаў на кожнай гірляндзе, каб пакрыць шары капітэляў, якія знаходзіліся над слупамі;
і дзесяць падножжаў, і дзесяць купеляў на падножжах,
і адно мора з дванаццаццю валамі пад морам;
і каўшы, і курыльніцы, і чары. Усе прылады, якія Гірам зрабіў цару Саламону ў святыню Госпада, былі з медзі тонкай работы.
Цар адліў гэта на раўніне Ярдана, на гліністай зямлі між Сукотам і Сартанам.
І парасстаўляў Саламон усе прылады; а было іх так многа, што вагі медзі нельга было палічыць.
І зрабіў Саламон усе прылады ў доме Госпада: залаты ахвярнік і залаты стол, на які клаліся хлябы пакладныя,
і падсвечнікі: пяць падсвечнікаў з найчысцейшага золата з правага боку і пяць падсвечнікаў з левага боку насупраць святога з святых, і кветкі, і лямпы, зверху залатыя; і шчыпцы залатыя,
і ахвярныя пасудзіны, і нажы, і чары, і катлы, і курыльніцы з найчысцейшага золата; і залатыя завесы да дзвярэй да ўнутранага пакоя дома, святога з святых, і да дзвярэй святыні.
І скончыў ён усю работу, якую выконваў Саламон у святыні Госпада, і прынёс Саламон пасвячоныя бацькам сваім, Давідам, рэчы: срэбра, і золата, і посуд, і памясціў іх у скарбоўнях святыні Госпадавай.