3 царстваў 4 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І цараваў цар Саламон над усім Ізраэлем.
 

І гэта кіраўнікі, якія былі ў яго: Азарыя, сын Садока, святара,
 

Элігарэф і Ахія, сыны Сісы, пісара, Язафат, сын Ахілуда, дзееапісальнік.
 

А Баная, сын Ёяды, быў кіраўніком войска, а Садок і Абіятар — святарамі.
 

Азарыя, сын Натана, — над намеснікамі, Забуд, сын Натана, святар, — прыяцелем цара.
 

Ахісар — кіраўніком над домам, а Аданірам, сын Абды, — над падаткамі.
 

І меў Саламон над усім Ізраэлем дванаццаць намеснікаў, якія рупіліся пра харчы для цара і дому яго; бо кожны з іх дапамагаў неабходным адзін месяц у год.
 

І вось імёны іх: Бэнгур на гары Эфраім;
 

Бэндэкар — у Мацы і ў Салебіме, і ў Бэтсамэсе, і ў Элоне і Бэтанане;
 

Бэнхасэд — у Арубоце, да яго належалі Соха і ўся зямля Хэфэр;
 

Бэнабінадаб, якому належала ўся ваколіца Дора, і ён меў за жонку Тафэт, дачку Саламона;
 

Баана, сын Ахілуда, меў уладу над Танахам, Магедай і над усім Бэт-Санам, што блізка Сартана, ніжэй Езрагэля, ад Бэт-Сана да Абэл-Мэхолы і аж за Екмаам;
 

Бэнгабэр — у Рамоце Галаадскім меў паселішчы Яіра, сына Манасы, у Галаадзе; ён кіраваў усёй ваколіцай Аргоба, што ў Басане, у шасцідзесяці вялікіх гарадах мураваных, якія мелі медныя засаўкі на брамах;
 

Ахінадаб, сын Адо, кіраваў у Маханаіме;
 

Ахімаас — у Нэфталі, але ён таксама ўзяў за жонку Басэмат, дачку Саламона;
 

Баана, сын Хусая, кіраваў у Асэры і ў Балоце;
 

Язафат, сын Паруэ, — у Ісахары;
 

Сямэй, сын Эла, — у Бэньяміне;
 

Гебэр, сын Ура, — у зямлі Галаад, у зямлі Сэгона, цара амарэяў, і Ога, цара Басана, так што быў адзін намеснік на ўсю краіну.
 

Юда і Ізраэль былі шматлікія, як пясок марскі; яны елі і пілі і радаваліся.
 

А Саламон валодаў усім царствам ад Ракі аж да зямлі філістынцаў і аж да мяжы Егіпта; яны прыносілі яму дары і служылі яму ва ўсе дні яго жыцця.
 

А харчаваннем Саламона на кожны дзень было: трыццаць кораў найлепшае мукі і шэсцьдзесят кораў звычайнай мукі,
 

дзесяць кормных валоў і дваццаць валоў з пашы, і сто авечак, за выключэннем палявання на аленяў, сарнаў, і антылопаў, і кормных птушак.
 

Ён бо валодаў усім абшарам на той бок ракі, ад Тапсы да Газы, і ўсімі царамі тых земляў; і меў ён супакой на ўсіх межах сваіх наўкола.
 

І Юдэя і Ізраэль жылі без усякага страху, кожны пад вінаградам сваім і пад дрэвам фігавым сваім ад Дана да Бээр-Сэбы ва ўсе дні Саламона.
 

І меў Саламон чатыры тысячы стайняў для коней да калясніц сваіх і дванаццаць тысяч коннікаў.
 

І назначаныя намеснікі дастаўлялі на стол цара Саламона і яго сатрапезнікаў усё неабходнае з вялікай руплівасцю кожны ў свой месяц.
 

Таксама ячмень і салому для коней і жывёлы дастаўлялі на месца, якое было кожнаму прызначана.
 

Таксама даў Бог Саламону вельмі вялікую мудрасць і разважлівасць, і розум вялікі, як пясок, які на беразе мора.
 

І Саламон мудрасцю сваёю перавышаў мудрасць усіх сыноў Усходу і егіпцян;
 

і быў ён мудрэйшы за ўсіх людзей, мудрэйшы за Этана Эзрахіта, і Гемана, і Халхола, і Дарды, сыноў Махола, і быў слаўны ўва ўсіх навакольных народаў.
 

Таксама расказаў Саламон тры тысячы прыказак, і песень у яго было тысяча пяць.
 

І гаварыў ён пра дрэвы, пачынаючы ад кедра, што ў Лібане, аж да гізопу, што расце на муры; гаварыў таксама пра звяроў, і пра птушак, і пра гадаў паўзучых, і рыбаў.
 

І прыходзілі з усіх народаў паслухаць мудрасці Саламона, ад усіх цароў зямлі, якія чулі пра мудрасць яго.