Эклезіяста 5 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Не гавары спехам, і сэрца тваё хай не будзе паспешным у прамаўленні слова перад Богам; бо Бог у небе, а ты на зямлі: таму хай слоў тваіх будзе нямнога.
 

За вялікімі турботамі ідуць сны, і па многіх словах пазнаецца глупства.
 

Калі ў чым прысягнуў Богу, не марудзь споўніць: не падабаецца Яму неразумнае абяцанне; дык, калі ў чым прысягнуў — выканай.
 

Шмат лепш не прысягаць, чым, прысягнуўшы, — не выканаць.
 

Не дазваляй вуснам сваім, каб падштурхнулі да граху цела тваё, і не гавары перад пасланцам: «Была памылка»; каб часам Бог, разгневаны на твае словы, не знішчыў справу рук тваіх.
 

Дзе ёсць шмат сноў, там многа марнасці і слоў незлічона; а ты бойся Бога!
 

Калі ты ўбачыш прыцясненні няшчасных, а таксама скажэнне суда і справядлівасці ў краі, не дзівіся з гэтай справы, бо над высокім чувае больш высокі, і над імі таксама ёсць іншыя, больш высокія;
 

а набытак зямлі — перадусім цар, палі якога ўзараныя.
 

Хто любіць грошы, грашамі не здаволіцца, а хто мілуе багацце, не будзе мець з яго плёну; дык і гэта марнасць.
 

Дзе ёсць вялікая маёмасць, там многа і тых, што яе спажываюць; і што за карысць з гэтага ўласніку: хіба што глядзець на багацце сваімі вачамі?
 

Салодкі сон працаўніка, ці ён мала, ці многа пад’еў, але сытасць багатага не дае яму спаць.
 

Ёсць і найгоршая немач, якую ўбачыў я пад сонцам, — багацце, што захоўваецца на шкоду гаспадара свайго.
 

Бо прападае яно ў найгоршым выпадку; калі нарадзіў сына, то будзе ён у поўнай нястачы.
 

Як выйшаў з улоння маці сваёй голы, так зноў адыдзе, як прыйшоў, і нічога не вынесе з працы сваёй, што мог бы забраць рукою сваёй.
 

І гэта таксама балючая немач: як прыйшоў, так і адыдзе. Дык што яму за карысць, што працаваў на вецер?
 

Ва ўсе дні жыцця свайго еў ён упоцемку, у клопатах вялікіх, у пакутах і смутку.
 

Вось што ўбачыў я добрае: што прыгожа, каб кожны еў і піў і меў асалоду ў радасці ад працы сваёй, у якой працаваў ён пад сонцам, у ліку дзён жыцця свайго, якія даў яму Бог; бо гэта — доля яго.
 

І так кожнаму чалавеку, якому Бог даў багацце і маёмасць і даў яму магчымасць, каб ён спажываў іх, і браў частку сваю, і радаваўся з працы сваёй — гэта ёсць дар Божы.
 

Не доўга будзе ён прыгадваць дні жыцця свайго, бо Бог напоўніць асалодамі сэрца яго.