Лікі 23 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Апосталъ)

 
 

Тады сказаў Балаам Балаку: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і прыгатуй мне столькі ж быкоў і такую ж колькасць бараноў».
 

І калі Балак зрабіў так, як яму сказаў Балаам, паклалі яны па быку і баране на кожны ахвярнік.
 

І сказаў Балаам Балаку: «Пастой каля цэласпалення свайго, а я пайду, можа, мяне спаткае Госпад; і што мне загадае, скажу табе». І, калі ён узышоў на лысы ўзгорак,
 

спаткаў яго Бог. І сказаў Яму Балаам: «Паставіў я сем ахвярнікаў і на кожны ахвярнік узнёс быка і барана».
 

Тады Госпад уклаў словы ў вусны яго і сказаў: «Вярніся да Балака і гэта скажы».
 

Вярнуўшыся, Балаам знайшоў Балака, што стаяў каля цэласпалення свайго, і ўсіх князёў маабскіх;
 

і сказаў ён сваё прароцтва, кажучы: «З Арама прывёў мяне Балак, з гор усходніх, цар Мааба. “Прыйдзі, — кажа, — і пракляні мне Якуба! Паспяшай і навядзі няшчасце на Ізраэль!”
 

Як магу я праклінаць таго, каго не праклінае Бог? Як жа магу хацець каму зла, калі Бог не хоча?
 

Я бачу яго з вяршыняў скал, і з узгоркаў гляджу на яго: вось народ, што жыве асобна і сярод народаў не лічыцца.
 

І хто можа злічыць пыл Якуба, і хто палічыць пясок Ізраэля? Хай памрэ душа мая смерцю справядлівых і хай будзе мой канец падобны да іх».
 

Сказаў тады Балак Балааму: «Што гэта, што ты робіш? Я цябе паклікаў, каб праклясці ворагаў маіх, а ты, наадварот, дабраслаўляеш іх!»
 

І адказаў яму Балаам: «Ці магу я што іншае казаць, акрамя таго, што загадаў мне Госпад?»
 

Тады сказаў Балак: «Пойдзем са мной на другое месца, адтуль толькі частку Ізраэля ўбачыш, а ўсяго не зможаш убачыць; адтуль будзеш яго праклінаць».
 

І калі завёў ён яго на Поле Вартаўнікоў, на вяршыню гары Пісгі, паставіў ён там сем ахвярнікаў і паклаў на кожны па быку і баране.
 

Тады сказаў Балаам Балаку: «Пастой тут каля свайго цэласпалення, а я пайду насустрач Госпаду».
 

Калі яго спаткаў Госпад і ўклаў словы ў вусны яго, Ён сказаў: «Вяртайся да Балака і гэта скажаш яму».
 

Вярнуўшыся, знайшоў Балака, што стаяў ля цэласпалення свайго, і князёў Мааба з ім. І звярнуўся да яго Балак: «Што гаварыў табе Госпад?»
 

А ён аб’явіў сваё прароцтва, кажучы: «Устань, Балак, і настаў вуха, слухай, сыне Сэфора!
 

Бог — гэта не чалавек, каб падманваць, і не як сын чалавечы, каб памыляцца. Ці ж Ён скажа і не здзейсніць?
 

Дабраславіць прывёў Ён мяне, і я не магу забараніць дабраславенне.
 

Не відаць няшчасця ў Якуба і не відаць гора ў Ізраэля. Госпад, Бог яго, з ім, і трубны царскі гук у ім.
 

Бог вывеў яго з Егіпта. Ён для іх — як рогі буйвала.
 

Няма варажбы ў Якуба, ані прадказанняў у Ізраэля. У свой час будзе сказана Якубу і Ізраэлю, што зрабіў Бог.
 

Вось, народ, як ільвіца, падымаецца, і, як леў, устае; ён не ляжа, пакуль не з’есць здабычу і пакуль не нап’ецца крыві забітых».
 

І сказаў Балак Балааму: «Ані праклінай яго, ані дабраслаўляй!»
 

А Балаам кажа: «Ці ж я табе не казаў: што мне Госпад загадае, тое мушу рабіць».
 

І кажа Балак яму: «Пойдзем, я завяду цябе на іншае месца, можа, спадабаецца Богу, што адтуль праклянеш яго?»
 

І, калі ён завёў яго на вяршыню гары Пэгор, што звернута ў бок пустыні,
 

сказаў яму Балаам: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і прыгатуй столькі ж быкоў і такую ж колькасць бараноў».
 

І зрабіў Балак, як яму сказаў Балаам, паклаў быкоў і бараноў на кожны асобны ахвярнік.