Лікі 34 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Апосталъ)

 
 

Далей казаў Госпад Майсею, гаворачы:
 

«Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю гэтую Ханаан, тады абшар, які выпадзе па жэрабі вам ва ўласнасць, хай будзе ў гэтых межах.
 

Паўднёвая мяжа хай будзе ад пустыні Сін, уздоўж Эдома, і хай мяжуецца на ўсходзе з морам Салёным.
 

Хай яны звернуць на поўдзень да ўзвышша Акрабім, каб, такім чынам, пайсці праз Сін і дасягнуць на поўдні Кадэс-Барнэ, а адтуль выйсці да Асарадара і дайсці аж да Асэмона.
 

Ад Асэмона хай паверне мяжа да ручая Егіпецкага і спыніцца хай на беразе Вялікага мора.
 

Вашай мяжой заходняй хай будзе Вялікае мора, гэта будзе ваша заходняя мяжа.
 

А на поўначы хай будзе ў вас мяжа, пачынаючы ад Вялікага мора і аж да гары Гор,
 

ад якой павядзіце мяжу да ўваходу ў Эмат і далей, да межаў Сэдада.
 

Потым хай пойдзе мяжа да Зэфрона і Асарэнона. Такія хай будуць межы з поўначы.
 

Усходнюю мяжу правядзіце ад Асарэнона да Сэпама,
 

і ад Сэпама хай пойдзе мяжа ў напрамку Рэблы на ўсход ад Аіна, адтуль хай пойдзе далей і дасягне на ўсходзе боку мора Кінэрэт,
 

і працягнецца аж да Ярдана, і спыніцца, нарэшце, пры моры Салёным. Гэта хай будзе зямля вашая з межамі сваімі вакол”».
 

І, кажучы, загадаў Майсей сынам Ізраэля: «Гэта хай будзе зямля, якую маеце падзяліць па жэрабі і якую загадаў Госпад даць дзевяці пакаленням і палове пакалення.
 

Бо пакаленне сыноў Рубэна па сем’ях сваіх, і пакаленне сыноў Гада па ліку родаў, і палова пакалення Манасы атрымалі ўжо сваю ўласнасць;
 

гэтыя два і палова пакаленні ўзялі сваю ўласнасць па той бок Ярдана насупраць Ерыхона на ўсходзе».
 

І сказаў Госпад Майсею:
 

«Гэта імёны людзей, якія падзеляць вам зямлю: Элеязэр святар, і Ешуа, сын Нуна,
 

і адзін князь з кожнага пакалення, каб падзяліць зямлю ва ўласнасць,
 

імёны якіх наступныя: з пакалення Юды — Калеб, сын Ефоны;
 

з пакалення Сімяона — Самуэль, сын Аміюда;
 

з пакалення Бэньяміна — Элідад, сын Хаселона;
 

з пакалення сыноў Дана — Бокцы, сын Ёглі.
 

З сыноў Язэпа: з пакалення Манасы — Ханіэль, сын Эфода;
 

з пакалення Эфраіма — Кемуэль, сын Сэфтана.
 

З пакалення Забулона — Элісафан, сын Парнаха;
 

з пакалення Ісахара — кіраўнік Палціэль, сын Азана;
 

з пакалення Асэра — Ахіюд, сын Саломі;
 

з пакалення Нэфталі — Пэдаэль, сын Аміюда».
 

Вось тыя, каму загадаў Госпад падзяліць зямлю Ханаан між сыноў Ізраэля.