Лукаша 18 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Расказаў таксама ім прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам,
 
Таксама расказваў ім для параўнання аб тым, што заўсёды трэба маліцца і не ўкідацца ў роспач,

кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
 
кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, што Бога не баяўся і чалавека не шанаваў.

Таксама была ў тым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго і прасіла: “Абарані мяне ад праціўніка майго”.
 
Была ў гэтым горадзе ўдава і прыйшла да яго, кажучы: «Абарані мяне ад майго супраціўніка».

Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: “Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся,
 
А ён не хацеў доўгі час, а пасля таго адумаўся: «Хоць я Бога не баюся і  чалавека не шаную,

але паколькі гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне”».
 
аднак, паколькі надакучыла мне гэтая ўдава, абараню яе, каб ізноў, прыйшоўшы, не надакучала мне».

І сказаў Пан: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя.
 
Дык гаворыць Госпад: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя;

Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, і ці будзе марудзіць у іх справе?
 
а ці ж Бог не возьмецца бараніць выбраннікаў Сваіх, якія днём і ўночы прызываюць Яго да сябе, ды ці будзе мець абыякавасць да іх?

Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»
 
Кажу вам: хутка ўчыніць ім абарону. Але, як вы лічыце, Сын Чалавечы  ці знойдзе веру на зямлі?»

Расказаў таксама прыпавесць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі:
 
Некаторым, якія былі ўпэўнены ў сабе, што яны справядлівыя, а іншымі пагарджалі, сказаў Ён таксама такую прыпавесць:

«Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік.
 
«Два чалавекі ўвайшлі ў святыню, каб памаліцца: адзін — фарызей, а другі — мытнік.

Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік.
 
Фарызей, стоячы, так маліўся ў сабе: «Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, несправядлівыя, чужаложнікі або як гэты мытнік.

Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”.
 
Пошчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што маю».

А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”.
 
А мытнік, стоячы здалёку, не адважваўся нават падняць вочы ў неба, але біў сябе ў грудзі, кажучы: «Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнага».

Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».
 
Кажу вам: гэты вярнуўся дамоў апраўданы, а не той: бо кожны, хто ўзвышаецца, будзе прыніжаны, а хто  прыніжаецца, будзе ўзвышаны».

Прыносілі да Яго таксама немаўлят, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні, убачыўшы, забаранялі ім.
 
Прыносілі да Яго таксама дзетак, каб дакрануўся да іх; бачачы гэта, вучні сварыліся на іх.

Тады Езус паклікаў іх да сябе і сказаў: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае.
 
Але Ісус, паклікаўшы іх да Сябе, сказаў: «Дазваляйце дзецям прыходзіць да Мяне і не ўзбараняйце ім; бо такіх ёсць Валадарства Божае.

Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго».
 
Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага як дзіця, не ўвойдзе ў яго».

Спытаўся ў Яго адзін начальнік: «Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?»
 
І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: «Вучыцель добры, што маю рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»

Езус адказаў яму: «Чаму называеш мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог.
 
А Ісус яму сказаў: «Чаму Мяне завеш добрым? Ніхто не добры, адзін  толькі Бог.

Ведаеш запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку свайго і маці».
 
Прыказанні нашыя: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, паважай бацьку твайго і маці тваю».

Той адказаў: «Усё гэта я захоўваў з юнацтва майго».
 
А ён гаворыць: «Я гэта ўсё выконваў ад маленства».

Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: «Табе нестае яшчэ аднаго: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах. Потым прыходзь і ідзі за Мною».
 
Пачуўшы гэта, Ісус гаворыць яму: «Аднаго табе не хапае: прадай тое, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, ідзі за Мной».

Калі ж ён пачуў гэта, засмуціўся, таму што быў вельмі багаты.
 
Той жа, пачуўшы гэта, засмуціўся, бо быў вельмі багаты.

Езус, убачыўшы, што той засмуціўся, сказаў: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае.
 
Ісус, бачачы, што ён зрабіўся сумным, сказаў: «Як цяжка тым, што маюць багацце, увайсці ў Валадарства Божае!

Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».
 
Лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».

Хто чуў гэтае, спыталіся: «Хто ж можа збавіцца?»
 
Дык сказалі  тыя, што слухалі: «Хто ж можа быць тады збаўлены?»

А Ён адказаў: «Тое, што немагчыма для людзей, магчыма для Бога».
 
Гаворыць Ён ім: «Што немагчыма ў людзей, тое магчыма ў Бога».

Тады Пётр сказаў: «Вось мы пакінулі сваё і пайшлі за Табою».
 
Гаворыць Пётра: «Вось жа, мы пакінулі сваё і пайшлі за Табой».

А Ён адказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што няма таго, хто б пакінуў дом, ці жонку, ці братоў, ці бацькоў, ці дзяцей дзеля Божага Валадарства,
 
Ён сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто б пакінуў дом, або жонку, або братоў, або бацькоў, або сыноў дзеля Валадарства Божага,

і не атрымаў бы значна больш у гэты час, а ў будучым веку — жыццё вечнае».
 
каб не атрымаў многа больш у гэты час, а ў веку будучым — жыццё вечнае».

Пасля ўзяў Дванаццаць і сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і збудзецца ўсё, што пісалі прарокі пра Сына Чалавечага,
 
І ўзяў Ён з Сабой дванаццаць і гаворыць ім: «Вось, ідзём у Ерузалім, і здзейсніцца ўсё, што напісана прарокамі пра Сына Чалавечага:

бо Ён выдадзены будзе язычнікам, насмяюцца з Яго, абразяць, аплююць,
 
будзе выдадзены паганам і высмеяны, зняважаны ды апляваны,

будуць бічаваць і заб’юць Яго, але на трэці дзень Ён уваскрэсне».
 
і пасля таго, як ўбічуюць, заб’юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсне».

Але яны нічога не зразумелі з гэтага; і было слова гэтае закрыта для іх, і яны не спасціглі сказанага.
 
Але яны з гэтага нічога не зразумелі;  і не разумелі, што гаварылася.

Калі Ён падыходзіў да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласціну.
 
І сталася, калі падыходзіў да Ерыхона, нейкі сляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.

Пачуўшы, што праходзіць натоўп, распытваўся, што гэта такое.
 
І, калі ён пачуў, што міма праходзіць натоўп, спытаўся, што гэта такое.

Яму сказалі, што праходзіць Езус Назаранін.
 
І сказалі яму: «Ісус з Назарэта праходзіць».

Тады ён закрычаў: «Езу, Сыне Давіда, змілуйся нада мною!»
 
Дык пачаў крычаць, кажучы: «Ісус, Сын Давідаў, злітуйся нада мной!»

Тыя, што ішлі наперадзе, загадвалі яму, каб змоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!»
 
А тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў; але ён тым мацней крычаў: «Сыне Давідаў, злітуйся нада мной!»

Спыніўшыся, Езус загадаў прывесці яго да сябе. Калі той наблізіўся да Яго, спытаўся:
 
Спыніўшыся, Ісус загадаў  прывесці яго да Сябе. І, калі ён падышоў, спытаўся ў яго:

«Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Той адказаў: «Пане, каб я зноў бачыў».
 
«Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» А ён сказаў: «Госпадзе, каб я бачыў».

І Езус сказаў яму: «Будзь відушчым! Вера твая ўратавала цябе».
 
Сказаў яму Ісус: «Праглянь! Вера твая збавіла цябе».

Той адразу стаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, узнёс хвалу Богу.
 
І зараз стаў бачыць, ды ішоў за Ісусам, славячы Бога. І ўвесь народ, як убачыў гэта, аддаў хвалу Богу.